Па здароўе – на спортпляцоўкі

Галоўнае Свежыя навіны Улада

19 верасня прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

У раёне працавалі некалькі інфармацыйных груп. Абласная інфармацыйная група сустрэлася з жыхарамі Казлоўшчынскага сельскага савета і калектывам Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Абмеркавалі актуальныя тэмы: “Здаровы лад жыцця як глабальны сацыяльны аспект”, “Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці ў Гродзенскай вобласці”, “Перапіс насельніцтва: погляд на сучаснасць – крок у будучыню”.

Аб тым, што дзяржаўная палітыка ў галіне фізічнай культуры і спорту скіравана на ўмацаванне здароўя нацыі, фізічнае развіццё, павышэнне актыўнага даўгалецця і падаўжэнне жыцця кожнага грамадзяніна краіны, расказала намеснік начальніка Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што ў вобласці створаны камфортныя ўмовы для падтрымання здаровага ладу жыцця і заняткаў спортам: функцыянуюць 3 353 фізкультурна-спартыўныя збудаванні, у 2018 годзе ўведзены ў строй яшчэ 10 новых аб’ектаў. Спартыўна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа з насельніцтвам вядзецца па месцы жыхарства, сярод членаў працоўных калектываў, асобаў з інваліднасцю. Клубы па фізічнай культуры і спорце ёсць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, рэгулярна праводзяцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы па лініі ФСК і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Людзей з інваліднасцю далучаюць да спорту ў рамках развіцця паралімпійскага, дэфлімпійскага руху, работы фізкультурна-аздараўленчых груп. Штогод у рэгіёне праводзяцца больш за 2,5 тысячы спартыўных мерапрыемстваў, фестываляў, святаў. Для дзяцей і падлеткаў у Гродзенскай вобласці кожны год лазіцца акцыя “Запішыся ў спартыўную школу”. Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь зацверджаны План мерапрыемстваў па прапагандзе фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь на 2019-2020 гады. Ён уключае комплекс спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў сярод розных катэгорый насельніцтва, стварэнне пешых, веласіпедных, байдарачных турыстычных маршрутаў, абсталяванне пляцовак, правядзенне рэкламна-інфармацыйных кампаній.

Начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі зазначыў, што на тэрыторыі Гродзенскай вобласці створана 263 асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Іх абарона спрыяе паляпшэнню навакольнага асяроддзя і біялагічнай разнастайнасці. Работа ў кірунку аховы прыродных рэсурсаў вядзецца і на Дзятлаўшчыне.

Напрыклад, у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў” для фарміравання новай мікрапапуляцыі на тэрыторыю нашага раёна былі завезены зубры еўрапейскія: 15 самак і 6 самцоў. Жывёліны-волаты пасяліліся ва ўгоддзях, падпарадкаваных ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, паблізу вёсак Чырвоны Бор, Дзям’янаўцы, Руда Яварская. Яны ўжо пачалі даваць патомства: нарадзіліся сем зубранят.

У час пасяджэння да Дзмітрыя Балькоўскага звярнуліся з пытаннем. Расказалі, што на рацэ ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына бабры зрабілі запруду – падняўся ўзровень вады. Дзмітрый Георгіевіч патлумачыў, што такіх “нежаданых гасцей” звычайна адлоўліваюць згодна з палалажэннем “Аб адлове дзікіх жывёлін, якія знаходзяцца ў населеных пунктах”. Паабяцаў, што пытанне будзе вырашана сумесна з сельвыканкамам.

Ірына СТЫРНІК