Сезон водных падарожжаў адкрыты

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Група дзятлаўскіх аматараў водных падарожжаў адклала на дзень прысядзібныя клопаты і паспяшалася “намачыць” у водах нашай прыгажуні-Моўчадзі “перасохлыя” за зіму вёслы.

Сем’і Петрыкевічаў у складзе Аляксея, Кацярыны і Міхася ды Ёдаў на чале з Дзмітрыем, Наталляй і Яўгенам адкрылі 10 мая сезон 2021 года аднадзённым водным паходам ад Коцькаў да вёскі Баравікі. Гэтаму паспрыяла і надвор’е: нарэшце па-летняму засвяціла і сонейка, на небе ні воблачка. Вада, праўда, толькі “асвяжаючая”, але для турыстаў-воднікаў галоўнае, каб яе было шмат. Тады і хуткасць расце, і перашкоды становяцца больш сур’ёзнымі, вымагаючы большай канцэнтрацыі і майстэрства кіраваць байдаркамі.

Перад сплавам у Коцьках усклалі кветкі да помніка ахвярам Халакоста, аддалі ім павагу хвілінай маўчання.

У Наваельні завярнулі ў правы прыток – раку Ятранку, падняліся па ёй да Дварца, наведалі там помнік загінулым воінам у Вялікую Айчынную вайну.

Далей на прасторах вадасховішча Навасёлкаўскай ГЭС падарожнікаў віталі рыбакі, якіх у гэты дзень было асабліва многа, і некалькі пар белых лебедзяў. Пакуль дарослыя здзяйснялі волак праз дамбу электрастанцыі, заўзяты юны падарожнік-рыбак Міхась Петрыкевіч прадэманстраваў сваё рыбацкае “майстэрства” ці ўдачу: у выніку паўкілаграмовая серабрыста-белая плотка займела ўсе шанцы вечарам трапіць у паходную юшку.

Любуючыся сакавітай маладой зелянінай прыбярэжніх лугоў, толькі што з’явіўшыміся ліпкімі лісточкамі бярозаў, кветкамі зацвіўшай чаромхі ў местачковых зарасніках і ружова-белымі пупышкамі дзікіх яблынь і грушаў, жаночы экіпаж на імгненне страціў пільнасць і неспадзявана “распачаў” купальны сезон.

Пераапрануўшыся (кожны меў і павінен мець як мінімум адзін камплект сухога адзення ў герметычнай упакоўцы), абмеркаваўшы прычыны “аверкіля”, прадоўжылі сплаў. Да фінішу, месца правядзення турзлётаў каля вёскі Баравікі, заставалася некалькі кіламетраў. Усім хацелася хутчэй да вогнішча. Спешка ды недахоп вопыту сплаву, а можа, і фатальнае невязенне прывялі да таго, што жанчыны яшчэ раз адчулі вясновае “цяпло” маўчадскай вады. Давялося “сухім” экіпажам дзяліцца сваёй вопраткай, ды і да фінішу з вогнішчам і вячэрай заставаліся лічаныя хвіліны.

Вывады з гэтага кароткага падарожжа выхаднога дня такія:

канцэнтрацыю на вадзе нельга губляць ні на хвіліну; навічкам і малавопытным пачынаць водныя падарожжы трэба на больш шырокіх і спакойных рэках накшталт Шчары ці Нёмана; па Моўчадзі сплаўляцца мэтазгодна ў летнія месяцы і абавязкова ў ратавальных камізэльках і шлемах, пажадана пад кіраўніцтвам вопытнага турыста-водніка.

Гэты вясенні паход сем’і Аляксея Петрыкевіча і Дзмітрыя Ёды прысвяцілі адразу двум святам – Дню Перамогі і Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, прапагандуючы здаровы лад жыцця.

За вячэраю на беразе Моўчадзі абмеркавалі план на летні 3-4- дзённы водны паход. Выбралі раку. Хутчэй за ўсё гэта будзе Шчара. Папутнага ветру вам і сем футаў пад кілем.

Валерый Петрыкевіч,

краязнавец, турыст-воднік з паўвекавым стажам

Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga