Каму перашкаджалі Дзяржаўныя сцягі?

Важнае Здарэнні і бяспека

На Дзятлаўшчыне зламыснікі сарвалі Дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь з флагштокаў адміністрацыйных будынкаў Вензавецкага сельскага выканаўчага камітэта і Войневіцкай сельскай бібліятэкі-клуба, а затым збеглі з імі, чым учынілі здзек з дзяржаўнай сімволікі.

Паводле артыкула 19 беларускай Канстытуцыі, сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн.

Закон “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь” прадпісвае, што грамадзяне нашай краіны, а таксама іншаземцы, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі, і асобы без грамадзянства павiнны паважлiва адносіцца да сімвалаў Рэспублікі Беларусь.

Законам вызначана, што сам факт зрывання герба і сцяга з адміністрацыйных будынкаў дзяржаўных установаў – гэта ўжо састаў крымінальна-караемага дзеяння.

Такое злачынства адлюстроўвае непаважлівыя, ганебныя адносіны да дзяржаўнай сімволікі. Яны могуць праяўляцца ў нанясенні апаганьваючых надпісаў і знакаў, таптанні, пашкоджанні або знішчэнні любым спосабам. Здзек можа быць учынены як адкрыта, так і таемна.

У нашым раёне невядомыя асобы здзейснілі супрацьпраўны ўчынак у дачыненні да Дзяржаўных Сцягаў, сарваўшы (зняўшы) іх, каб прадэманстраваць сваё відавочна непаважлівае, абразлівае, негатыўнае стаўленне да гэтых сімвалаў. Пошукамі зламыснікаў займаюцца праваахоўнікі.

Пракуратурай раёна ўзбуджаны крымінальныя справы па артыкуле 370 КК РБ, санкцыя якога прадугледжвае пакаранне да аднаго года абмежавання волі.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga