Як стаць донарам крыві?

Важнае Грамадства

Рабіць добрыя справы і ратаваць жыццё можна, стаўшы донарам крыві.

Аб тым, хто і якім чынам можа гэта зрабіць, расказала Алена Куцко, загадчыца Дзятлаўскай раённай паліклінікі:

Пытанне: хто можа стаць донарам крыві і яе кампанентаў?

Адказ: у адпаведнасці з законам, донарам можа стаць чалавек ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, які жыве на тэррыторыі Рэспублікі Беларусь. Ён павінен быць цалкам дзеяздольны і здаровы. У выключных выпадках да донарства дапускаюцца людзі ва ўзросце больш за 60 гадоў пры наяўнасці ў іх адмоўнага рэзусу крыві, а таксама пры недастатковай колькасці данацый (не больш за 3-5 данацый крыві ці 10-15 данацый кампанентаў крыві) да атрымання ўзнагароднага знака Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”.

Пытанне: якія дакументы павінен мець будучы донар?

Адказ: для рэгістрацыі і правядзення медыцынскага агляду донару спатрэбяцца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншы дакумент, які пацвярджае асобу; ваенны білет (для ваеннаабавязаных перад першай данацыяй крыві ці яе кампанентаў) або пасведчанне прызыўніка; фотаздымак 3х4 см; выпіска з медыцынскіх дакументаў, выдадзеная паліклінікай па месцы жыхарства; вынікі флюраграфічнага даследавання; вынікі агляду гінеколагам (для жанчын); вынікі ЭКГ.

Пытанне: як рыхтавацца да здачы крыві ці яе кампанентаў?

Адказ: акрамя здаровага ладу жыцця і выканання правілаў асабістай гігіены, трэба за дзве гадзіны да данацыі ўстрымацца ад курэння, за двое сутак ­‒ ад ужывання алкагольных напояў, за 5 дзён ‒ ад прыёму саліцылатаў і анальгетыкаў, за 10 дзён ‒ ад прыёму антыбіётыкаў,  за 6 месяцаў ‒ ад такіх касметычных маніпуляцый, як тату, пірсінг, ужыўленне імплантаў, шраміраванне і іншых. Напярэдадні і ў дзень данацыі варта выключыць з рацыёну тлустую, смажаную, вострую і салёную ежу, а таксама малочныя прадукты, яйкі, алей, бананы, арэхі і цытрусавыя. Раніцай у дзень данацыі для сняданка падыдуць салодкі чай, варэнне, хлеб, сухары, сушкі, адвараныя крупы, макароны на вадзе без алею, рыба, прыгатаваная на пары, сокі, морсы, мінеральная вада, агародніна і садавіна. Не варта планаваць данацыю напярэдадні экзаменаў, спаборніцтваў, стрэсавых перыядаў на працы, а таксама перад працай у начны час сутак і працай у гарачых цэхах. Варта адкласці донарства, калі вы адчуваеце прыкметы нядужання (кашаль, насмарк, галаўны боль, стомленасць і іншае). Больш падрабязна пра захворванні і стан, пры якім супрацьпаказана донарства, можна даведацца на сайце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій па адрасе blood.by.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup