Што варта ведаць будучым пенсіянерам?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўскага раёна.

Іх хвалююць важныя пытанні, якія найчасцей тычацца налічэння і выплаты пенсій. Адказвае на іх намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: я яшчэ не пенсіянерка, збіраюся аформіць ІП. Даход будзе нестабільным, таму не ведаю, як буду ажыццяўляць уплату абавязковых страхавых узносаў. Ці можа гэта адмоўна адбіцца на пенсіі?

Адказ: згодна з артыкулам 51 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” ў стаж работы залічваюцца перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў ажыццяўлялася ўплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду, згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні. Пры гэтым, калі сярэднямесячны фактычны заробак (даход), з якога ўплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы, за каляндарны год (або менш за каляндарны год, калі ў адпаведным годзе мелі месца прыём на работу або звальненне, рэгістрацыя або выключэнне з ліку плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў або іншыя падобныя абставіны) аказаўся ніжэйшы за мінімальную заработную плату, устаноўленую заканадаўствам, такія перыяды залічваюцца ў стаж работы з выкарыстаннем папраўчага каэфіцыенту. Папраўчы каэфіцыент разлічваецца шляхам дзялення сярэднямесячнага фактычнага заробку (даходу) асобы на сярэднеарыфметычную велічыню мінімальнай заработнай платы за адпаведны перыяд уплаты абавязковых страхавых узносаў. Калі ваш фактычны заробак будзе ніжэйшы за мінімальную заработную плату, устаноўленую заканадаўствам, то такія перыяды залічваюцца ў стаж работы з выкарыстаннем папраўчага каэфіцыенту, а не “год за год”.

Пытанне: працую ў КСУП даяркай з 1996 года. Сёлета будзе 24 гады льготнага стажу. У жніўні мне спаўняецца 52 гады. Чула, што са студзеня 2020 года адбыліся змены ў заканадаўстве. На што я цяпер магу разлічваць?

Адказ: пенсійнае забеспячэнне грамадзян ажыццяўляецца адпаведна Закону Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” і іншых нарматыўных актаў, якія дзейнічаюць на дату прызначэння пенсіі. У 2020 годзе права на зварот па назначэнне пенсіі па ўзросце са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў прадастаўляецца мужчынам пры дасягненні 57 гадоў, жанчынам – пры дасягненні 52 гадоў.

17 студзеня 2020 года падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 15 “Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Пазначаная норма ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2020 года. Указам прадугледжваецца, што работнікам, якія выпрацавалі да 1 студзеня 2009 года не менш за палову патрэбнага поўнага льготнага стажу (у вашай сітуацыі больш за 10 гадоў), прадастаўляецца права на назначэнне датэрміновай пенсіі па Законе Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”.

Гэта значыць, што вы маеце права звярнуцца па назначэнне датэрміновай пенсіі па ўзросце адпаведна пункту “е” артыкула 12 закона са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў, гэта значыць пры дасягненні 52 гадоў, пры ўмове, што вы працавалі даяркай на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі пры стажы такой работы не менш за 20 гадоў пры ўмове выканання ўстаноўленых нормаў абслугоўвання. Нормы абслугоўвання для гэтых мэтаў устанаўліваюцца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Пытанне: з 1994 па 1999 гады я быў індывідуальным прадпрымальнікам. У абавязковым парадку плаціў усе падаткі. Адлічэнні ў пенсійны фонд не ажыццяўляў, бо гэта было не абавязкова. Ці залічаць мне ў стаж гэты перыяд пры налічэнні пенсіі?

Адказ: згодна з артыкулам 51 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, пры назначэнні працоўнай пенсіі перыяды прадпрымальніцкай дзейнасці залічваюцца ў стаж работы пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў ажыццяўлялася ўплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні. Паводле гэтай нормы, перыяды прадпрымальніцкай дзейнасці, на працягу якіх не ажыццяўлялася ўплата абавязковых страхавых узносаў, у стаж работы не залічваюцца.

Пытанне: ці маюць права на датэрміновую пенсію па Законе Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” грамадзяне, у якіх спецыяльны стаж да 1 студзеня 2009 года складае менш за палову патрэбнага льготнага стажу?

Адказ: не, не маюць. Асобы, у якіх да 1 студзеня 2009 года сфарміраваны нязначны спецыяльны стаж, значыць, меншы за палову патрэбнага льготнага стажу, будуць у далейшым выходзіць на пенсію па правілах прафесійнага пенсійнага страхавання.

Ірына СТЫРНІК