Прышчапіцца, каб не хварэць

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскім раёне з 27 верасня 2019 года праводзіцца вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу.

Прышчапіцца можна ў арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства. Для прафілактыкі грыпу ў раёне выкарыстоўваецца вакцына “Грыпол плюс” вытворчасці Расійскай Федэрацыі. Вакцына зарэгістравана ў Рэспубліцы Беларусь і прайшла кантроль якасці.

Вакцынацыя супраць грыпу праводзіцца пасля агляду доктарам-тэрапеўтам (ці педыятрам). Хранічныя захворванні (у тым ліку захворванні сэрца) з’яўляюцца паказаннем да правядзення прышчэпкі супраць грыпу. Праведзеная прышчэпка не прыводзіць да абвастрэння хранічнага захворвання, у той час як перанесены грып з вялікай доляй верагоднасці можа прывесці да ўскладненняў.

Вакцына выклікае фарміраванне высокага ўзроўню спецыфічнага імунітэту супраць грыпу праз 2-3 тыдні пасля вакцынацыі, які забяспечвае абарону ад захворвання на грып на працягу 6-12 месяцаў. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь рэкамендуе насельніцтву прыняць актыўны ўдзел у вакцынацыі супраць грыпу і нагадвае, што аптымальныя тэрміны імунізацыі супраць грыпу ‒ гэта верасень-лістапад.

Таццяна КАСІЛА,
памочнік урача-эпідэміёлага