Музычныя таленты Дзятлаўшчыны

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Сёлетняя вясна выдалася багатай на конкурсы і дасягненні для навучэнцаў Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Юныя музыканты і мастакі шчодра папоўнілі скарбонку раёна ўзнагародамі.

Прызёрамі абласнога адкрытага конкурсу “Новыя імёны”, які праходзіў у горадзе Гродне, у намінацыі “Баян, акардэон” сталі пяць нашых землякоў. Вольга Гульнік (настаўніца Наталля Лішык) атрымала званне лаўрэата трэцяй ступені. Граматамі за паспяховае выступленне адзначаны Алеся Шыпіла (настаўнік Сяргей Жалязоўскі), Алена Шапурка (настаўніца Ірына Цыгель), Уладзіслаў Русін (настаўніца Ларыса Лісоўская), Мілана Шэўка (настаўніца Ірына Цыгель).

Юныя жыхары раёна па-майстэрску валодаюць не толькі нотнай граматай, але і ўменнем перадаваць карціны навакольнага свету ў фарбах. Пераможцай рэспубліканскага конкурсу выяўленчага мастацтва “Свет маімі вачамі” ў намінацыі “Жывапіс” стала Анастасія Леўчанка (настаўнік Віктар Жылянін), якая прывезла са сталіцы дыплом першай ступені.

Удзел у абласной музычна-тэарэтычнай алімпіядзе, якая праходзіла ў Лідзе, прынялі каля 40 навучэнцаў Гродзеншчыны. Вынікамі дзятлаўчан сталі дыпломы трэцяй ступені, якія атрымалі Данііл Шуляк і Анастасія Верамейка. Да іспытаў іх падрыхтавалі: па сальфеджыа – Святлана Мазырка, па музычнай літаратуры – Людміла Раманава.

Горад Навагрудак сёлета прымаў Першы адкрыты абласны фестываль юных талентаў сярод навучэнцаў дзіцячых музычных школ і дзіцячых школ мастацтваў “Вясёлка надзеі”. На творчае спаборніцтва з’ехаліся юныя музыканты з Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей. Канкурсанты выпрабоўвалі свой талент у намінацыях “Смычковыя інструменты”, “Духавыя інструменты”. Граматай за паспяховае выступленне былі ўзнагароджаны і нашы землякі: саксафаніст Мацвей Глускі (настаўнік Фёдар Маслакоў, канцэртмайстар Наталля Клімец) і скрыпачка Соф’я Лотыш (настаўніца Алена Кашко, канцэртмайстар Наталля Клімец).

Навучэнцы сельскіх дзіцячых школ мастацтваў і дзіцячых музычных школ выступілі на абласным конкурсе ў Лідзе. Навучэнцы аддзялення Хвінявічы (настаўнік Сяргей Жалязоўскі) адзначаны дыпломамі: Алеся Шыпіла – другой ступені, Ілья Скерсь – трэцяй ступені. Навучэнцы філіяла аграгарадка Гезгалы Алеся Няпраўская, Дар’я Абрамчык (настаўніца Таццяна Царук) і Соф’я Лотыш (настаўніца Алена Кашко, канцэртмайстар Наталля Клімец) прывезлі дыпломы трэцяй ступені. Граматай за паспяховае выступленне ўзнагароджана навучэнка гэтай жа ўстановы Наталля Варабей (настаўніца Марыя Несцярук, канцэртмайстар Таццяна Царук).

Ірына СТЫРНІК