Ягор Сокал прадставіць нашу краіну ў Швецыі (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Навучэнец Наваельнянскай сярэдняй школы Ягор Сокал на працягу некалькіх гадоў паспяхова займаецца даследчай дзейнасцю.

Яго навуковы кіраўнік, настаўніца біялогіі Алена Баковіч, па выніках 2017/2018 навучальнага года за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцяў адораных навучэнцаў па рашэнні савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адзначана заахвочвальнай прэміяй. Нядаўна іх сумесная дзейнасць дала новы плён: праект Ягора займеў важкую ўзнагароду, якая “адкрыла” дарогу ў Швецыю, дзе юнак будзе прадстаўляць нашу краіну.

– Чацвёрты год запар мы прымаем удзел у нацыянальным этапе Міжнароднага Стакгольмскага воднага конкурсу, спонсарам якога з’яўляецца канцэрн “Кока-Кола”, які аплачвае фіналістам паездку ў Швецыю, – расказвае Ягор Сокал. – Нашы ранейшыя вынікі – дыпломы за трэцяе і другое месцы, а сёлета мы сталі пераможцамі і ўладальнікамі дыплома першай ступені, разам з тым і магчымасці прадстаўляць Беларусь у Стакгольме. Адбор быў жорсткі: сярод 19 даследчых работ 5 сталі прызёрамі, прычым першае месца мы падзялілі з навучэнкай з Барысава. Тэма яе даследвання – хімічны аналіз вады. Нам прапанавалі надалей выступіць у тандэме, паколькі тэмы дапаўняюць адна адну. Безумоўна, перад паездкай за мяжу мне давядзецца шмат папрацаваць, паглыбіць веды па англійскай мове, бо менавіта на ёй неабходна прадстаўляць праект і адказваць на пытанні навукоўцаў.

– Раскажы пра сваю даследчую работу. У чым яе актуальнасць?

– У Рэспубліцы Беларусь, ды і ва ўсім свеце, існуе праблема забруджвання вадаёмаў сіня-зялёнымі водарасцямі. Менавіта з-за іх адбываецца так званае цвіценне вады, калі яна становіцца ярка-зялёнага колеру з непрыемным пахам. На барацьбу з гэтай прыроднай з’явай скіраваны наш праект “Альгалізацыя вадаёма прадстаўніком водарасцяў штама Chlorella vulgaris (ІBCE C-19)”. На кантрольным вадаёме мы ўзялі пробу забруджанай вады, высветлілі, што ў ёй пераважаюць менавіта сіне-зялёныя водарасці. Нашай задачай было пазбавіцца ад іх. Для гэтага ў вадаём унеслі суспензію хларэлы. Яна знішчае сіне-зялёныя водарасці, насычае ваду кіслародам, спрыяе павелічэнню кармавой базы. Атрымалася не толькі пачысціць сажалку, але і павялічыць рыбапрадукцыйнасць вадаёма на 50%. У аднаклетачнай хларэлы вельмі хутка ідзе фотасінтэз, яна насычае ваду кіслародам і масава размнажаецца, яе з’ядаюць прасцейшыя арганізмы, такія як дафніі, калаўраткі, а імі ў сваю чаргу харчуецца рыба. У выніку эксперыменту мы аздаравілі кантрольны вадаём, што пацвердзіла параўнальная характарыстыка аналізаў вады да і пасля эксперыменту. Для нашай краіны падобнае даследаванне вельмі актуальнае, бо тут шмат азёраў і сажалкаў, рыбаводчых фермерскіх гаспадарак, якія сутыкаюцца з праблемай цвіцення вады.

Тым не менш, для прэзентацыі ў Швецыі члены журы параілі нам прадставіць увесь шматгадовы вопыт работы: скласці нашы праекты ў адзін шырокамаштабны. Гэта правільна, бо паміж эксперыментамі ёсць узаемасувязь. Першы з іх быў скіраваны на вывядзенне малька, другі – на ўплыў кармавой базы на рыбу, трэці тычыўся аквапонікі, апошні – аздараўлення вадаёма з дапамогай хларэлы. Пасля абагульнення атрымаецца цікавы праект, які можа прэтэндаваць на высокую ацэнку навукоўцаў.

– Ягор, якія перспектывы адкрывае перад табой удзел у наступным этапе конкурсу?

– Магчыма, я памяняю свае планы на будучую прафесію, прысвячу яе аграэкатурызму. Напрыклад, цяпер мы з бацькам, Сяргеем Уладзіміравічам Сокалам, распрацоўваем яшчэ адзін праект – майструем помпы, якія функцыянуюць без электрычнасці і даволі танныя ў вытворчасці. Зроблена некалькі тэставых мадэляў. Для выпуску падобных помпаў неабходна фінансаванне. Яшчэ бацька марыць заняцца развядзеннем асятра, афрыканскага сома, для чаго неабходна пабудаваць вялікую цяпліцу. Зноў усё ўпіраецца ў грашовыя сродкі. Калі мне ўдасца атрымаць прэмію за конкурс, яна пойдзе на пашырэнне сямейнага бізнэсу.

– А што ты, Ягор, развіваў бы ў нашай краіне?

– Пастараўся б адкрыць у кожнай вобласці больш фермерскіх гаспадарак, бо іх прадукцыя таннейшая. Напрыклад, наш праект па аквапоніцы дазваляе разводзіць рыбу і адначасова вырошчваць танную экалагічную агародніну без нітратаў. Экапрадукты набываюць усё большую папулярнасць у свеце. На жаль, у Беларусі пакуль яшчэ існуе праблема з грандамі на падтрымку падобных праектаў дробнага бізнэсу.

Ірына КАЎКЕЛЬ