“Часовы гаспадар” прыцягнуты да адказнасці

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Цікавасць фінансавай міліцыі да былога кіраўніка адной з сельскіх гаспадарак паўстала пасля таго, як стала вядома, што пасля звальнення і фактычнага выезду з раёна (экс-кіраўнік быў іншагародні) за ім працягваў лічыцца добраўпарадкаваны жылы дом, у якім была зарэгістравана маці кіраўніка, якая пражывала ў іншай вобласці.

Як аказалася, пры пераездзе ў Слонімскі раён і прызначэнні на пасаду выконваючага абавязкі намесніка дырэктара камунальнага сельгаспрадпрыемства яму была выдзелена для пражывання добраўпарадкаваная 3-пакаёвая кватэра, у якой у адпаведнасці з заканадаўствам ён быў абавязаны зарэгістравацца і заключыць адпаведны дагавор найму. Аднак дадзеныя абавязкі былі ім праігнараваны, а пасля прызначэння на пасаду ён без дакументальнага афармлення перасяліўся ў цэлы жылы дом. Пры гэтым ім былі парушаны як нормы жыллёвага заканадаўства, так і правы грамадзян, якія стаяць разам з членамі сем’яў на чарзе ў якасці тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Шэраг сем’яў работнікаў гаспадаркі не атрымалі не толькі кватэру, у якой кіраўнік пражываў пры працаўладкаванні ў гаспадарку, але і цэлы жылы дом, у які заехаў, а затым не вызваліў пасля звальнення. Больш за тое, ён прыцягваў для ўборкі тэрыторыі, прылеглай да жылога дома, падначаленых работнiкаў, у табель уліку працоўнага часу якіх ўносіліся звесткі аб выкананні імі нібыта работы па асноўнай спецыяльнасці.

На падставе матэрыялаў праверкі фінансавай міліцыі ў дачыненні да названага грамадзяніна Слонімскім РАСК узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 424 па факце злоўжывання сваімі службовымі паўнамоцтвамі.

Гэты эпізод злачыннай дзейнасці не адзіны ў працоўнай гісторыі названага экс-кіраўніка на Слонімшчыне. Адзін з работнікаў гаспадаркі атрымаў траўму на вытворчасці. Кіраўнік пераканаў яго не паведамляць пра гэта, а пры звароце ў медыцынскую ўстанову прычынай яе атрымання назваць бытавыя абставіны. Узамен работніку быў абяцаны адпачынак, а таксама адпаведнае матэрыяльнае ўзнагароджанне ў выглядзе прэміяльных.

Пасля выканання сваіх “абавязацельстваў” па ўтойванні факту атрымання траўмы на вытворчасці работнік стаў патрабаваць ад кіраўніка выканання ім сваіх абяцанняў, аднак словы засталіся толькі словамі. Гэтага работніка звольнілі з гаспадаркі, і ён быў вымушаны звяртацца па абарону сваіх правоў у суд. Нават у ходзе судовага разбору кіраўнік гаспадаркі адмаўляў, што падначалены яму работнік атрымаў траўму, імкнучыся пазбегнуць адказнасці, аднак гэта яму не ўдалося.

Сяргей ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага МА УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *