Вада забірае жыцці дзяцей

Здарэнні і бяспека

Сродкі масавай інфармацыі нярэдка расказваюць аб трагедыях з удзелам дзяцей. Некаторыя выпадкі маюць шчаслівы канец, іншыя заканчваюцца смерцю непаўналетніх ці сур’ёзнымі парушэннямі здароўя. І ўсе яны здараюцца з-за недагляду або нядобрасумленнасці дарослых. Ад такіх навінаў у кожнага з нас сціскаецца сэрца, а ў галаве ўсплывае пытанне: “Ці можна было папярэдзіць бяду?”. Калі разглядаць кожную трагедыю паасобку, то найчасцей вынікае, што пазбегнуць яе было магчыма.

Адным з праблемных пытанняў пры аналізе работы за 2017 год было пытанне гібелі дзяцей з-за ўтапленняў. Актуальнай і вострай гэта праблема засталася і ў 2018 годзе. За бягучы перыяд у рэспубліцы ад вады ўжо загінулі 7 дзяцей. Прычыны, якія прывялі да трагедый, – пакіданне непаўналетніх без нагляду, іх асабістая неасцярожнасць, незахаванне правілаў бяспекі на вадаёмах.

Так, у Віцебскай вобласці ў прыродным вадаёме за 35 метраў ад дома патанула гадавалая дзяўчынка, якая гуляла з маці. Бяда здарылася, калі жанчына ненадоўга адлучылася па хатніх справах. У Брэсцкай вобласці ў студзені на вадасховішчы праваліўся пад лёд і загінуў пятнаццацігадовы хлопец. У Гомельскай – у маі ў штучным вадаёме на прысядзібным участку патануў шасцігадовы хлопчык. У студзені на агароджаным ахоўваемым вадаёме цяплічнай гаспадаркі праваліўся пад лёд і загінуў шаснаццацігадовы падлетак. На Магілёўшчыне ў сакавіку дзеці гулялі без нагляду дарослых ля ракі Ольса, паслізнуўся і пры падзенні на кромцы лёду праваліўся ў ваду і патануў сямігадовы хлопчык.

За адзін тыдзень дзве трагедыі з дзецьмі былі зарэгістраваны ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. У аграгарадку Уселюб 28 красавіка ў двары дома ў металічнай ёмістасці, дзе ўзровень вады не перавышаў 25 сантыметраў, патануў хлопчык ва ўзросце адзін год і восем месяцаў, які на непрацяглы час застаўся без кантролю бацькоў.

У вёсцы Ятра Валеўскага сельсавета 7 мая ў рацэ Ятранка, якая цячэ недалёка ад прыватнага дома, патанула дзяўчынка ва ўзросце адзін год і шэсць месяцаў, якую маці пакінула без нагляду.

Як бачым, дзеці тонуць не толькі ў адкрытай вадзе (рэкі, азёры, сажалкі), але і ў штучных вадаёмах, нават ёмістасцях з невялікай колькасцю вады. Асабліва гэта тычыцца маленькіх дзетак ад некалькіх месяцаў да 3-4 гадоў.

Бацькам неабходна прымаць элементарныя меры прафілактыкі. Калі ў вас на ўчастку ёсць басейн ці вадаём, ён павінен быць агароджаны такім чынам, каб дзіця, якое поўзае, гуляе ці скача, ніяк не магло ў яго патрапіць. Любыя ёмістасці, у якіх вада знаходзіцца пастаянна (калодзежы, бочкі для паліву дажджавой вадой і іншае), павінны быць недаступныя для дзяцей. Ёмістасці з вадой, якія выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы (тазы, надзіманыя басейны, вёдры), трэба апаражняць пасля выкарыстання. Паверце, немаўля, якое поўзае, здольна патануць нават у тазе ці вядры з вадой.

Купацца можна толькі на афіцыйных пляжах, дзе ёсць ратаўнікі, і толькі ў гадзіны іх работы. Нельга дазваляць дзецям ні на хвіліну заставацца без нагляду дарослых каля вады. Немаўляты і дзеці ва ўзросце да 5 гадоў асабліва схільныя да ўтаплення з-за анатамічных асаблівасцяў. У іх галава адносна цяжкая ў параўнанні з целам, яны лёгка могуць апынуцца галавой уніз у басейне, возеры, ванне. Акрамя таго, дзеці не разумеюць небяспекі і не ўмеюць быць асцярожнымі. Выратавальныя кругі, надзіманыя камеры забяспечваюць ілжывае пачуццё бяспекі. Памятайце, што гэтыя прыстасаванні не здольныя поўнасцю абараніць дзіця ад рызыкі патануць. Утапленне адбываецца на працягу некалькіх хвілін, таму старайцеся на вадзе пастаянна быць на адлегласці выцягнутай рукі ад дзяцей. Калі ўжо дазволілі малым пакупацца, засяроджвайце ўвагу толькі на іх.

Нягледзячы на работу, якая праводзіцца на Гродзеншчыне для забеспячэння бяспекі непаўналетніх, у тым ліку па прафілактыцы ўтапленняў, спецыялістам адказных службаў неабходна прыняць магчымыя дадатковыя прафілактычныя меры, скіраваныя на захаванне жыцця і здароўя непаўналетніх, арганізацыю іх карыснай занятасці ў час летніх канікул.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

Стоит почитать:

Правила безопасности на воде (+карта гибели на воде в Дятловском районе)

Карта безопасности на воде. Вчера спасены два человека

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *