Ягор Сокал: “Проста ідэя была ўдалая”

Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На Дзятлаўшчыне нямала навучэнцаў, якія не перастаюць радаваць сваімі перамогамі ў шматлікіх конкурсах, навукова-даследчых канферэнцыях. Адзін з іх – Ягор Сокал, навучэнец Наваельнянскай сярэдняй школы. Яго работы неаднаразова адзначаліся дыпломамі самага высокага ўзроўню. Сярод апошніх яго ўзнагарод – дыплом ІІ ступені ў рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ, дыплом І ступені ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Хрустальная альфа”, дыплом ІІ ступені ў Адкрытай Міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі “Адукацыя. Навука. Прафесія”.

Ягор расказаў пра свой апошні праект, чаму вырашыў займацца даследчай дзейнасцю, хто яму ў гэтым дапамагае.

– Увогуле, займацца даследчай дзейнасцю – гэта і складана, і ў той жа час лёгка. Складана ў тым сэнсе, што ўвесь час сябе трэба прымушаць нешта рабіць, выходзіць са сваёй зоны камфорту, а гэта не заўсёды бывае прыемна. Аднак я разумею, што трэба, бо ў іншым выпадку нельга чагосьці дабіцца.

Толькі трэба, ці табе гэта сапраўды цікава?

– Даведвацца нешта новае – гэта, лічу, заўжды і ўсім цікава. Калі ты на працягу нейкага перыяду займаешся пэўнай справай і потым бачыш, чаго дасягнуў, калі атрымліваеш нейкія ўзнагароды, цябе хваляць – вельмі прыемна. Проста неабходна знайсці для сябе менавіта тое, што можа па-сапраўднаму зацікавіць. І не трэба спыняцца на чымсьці адным, напрыклад, займацца толькі біялогіяй або інфарматыкай, неабходна займацца ўсім, аднак больш часу і сіл аддаваць таму кірунку, які выбраў.

Раскажы, якую тэму ты даследуеш цяпер, у чым сутнасць твайго праекта?

– У гэтым годзе я распрацаваў праект “Аквапоніка на прысядзібным участку”. Цікавы ён тым, што ў нашай краіне няма аквапонікі. Можна сказаць, мы ў гэтай сферы ў Беларусі першапраходцы. Была пабудавана ўстаноўка, якая працуе наступным чынам. Забруджаная вада з басейна з рыбай паступае ў адстойнік, дзе вялікія часцінкі застаюцца на дне і пазней будуць выдалены. Дзякуючы помпе забруджаная вада далей трапляе ў біяфільтр, дзе розныя мікраарганізмы ператвараюць аміяк у нітраты. І ўжо ўзбагачаная нітратамі вада паступае на градку да раслінаў, дзе яны ўпітваюць у сябе ўсе карысныя рэчывы, а чыстая вада паступае назад у басейн з рыбай. І так адбываецца кругаварот вады ў нашай сістэме. Сэнс заключаецца ў тым, што расліны ўдабраюцца за кошт прадуктаў жыццядзейнасці рыб, а рыбы, у сваю чаргу, растуць дзякуючы раслінам.

А дзе праводзіш свае эксперыменты?

– На прысядзібным участку. Там у нас ёсць невялікі вадаём, і з яго мы запітвалі ўсю сістэму. Ёсць невялікі склон, зверху – градка, вышэй стаіць біяфільтр, побач – басейн з рыбай.

Хто табе дапамагае ў тваіх даследаваннях?

– У першую чаргу, гэта мае настаўнікі – Валерый Віктаравіч Нагорны і Алена Вільгельмаўна Баковіч. Мы разам знаходзілі матэрыялы, афармлялі работу. Таксама вельмі дапамагалі мае бацькі. Тата – з практычнай часткай, а мама дапамагала паверыць у тое, што я займаюся неабходнай справай. У мяне былі думкі, што гэта, магчыма, нікому не будзе цікава, а яна ўвесь час мяне маральна падтрымлівала.

Як думаеш, у чым сакрэт твайго поспеху?

– Мабыць, у тым, што ідэя добрая, можа, ва ўпартасці. Я захацеў, і мы гэта зрабілі. Магчыма, гэта шанцаванне, магчыма – проста ідэя была ўдалая.

Як мяркуеш, аднаму дабіцца поспеху магчыма?

– Калі табе нехта дапамагае, гэта значна лягчэй. Чалавек адзін не можа шмат чаго зрабіць, усё роўна яму неабходная падтрымка.

А ці карысны твой праект?

– Так, ён дае экалагічна чыстыя прадукты, у якіх значна менш нітратаў, чым у раслінах, вырашчаных звычайным спосабам.

Скажы, а чаму менавіта гэта тэма цябе зацікавіла? Чаму ты яе выбраў?

– Гэта доўгая гісторыя. На працягу некалькіх гадоў усе работы былі звязаны з рыбай. Спачатку мы зрабілі апарат па інкубіраванні ікры, потым – невялікую сажалку, там таксама быў вялікі эксперымент, і вось ужо ад яго я даведаўся пра аквапоніку, расказаў пра гэту ідэю свайму бацьку. Ён мяне падтрымаў.

Будзеш далей працягваць сваю даследчую работу?

– Хутчэй за ўсё, буду. Але ў наступным годзе я заканчваю школу, часу будзе ўжо менш.

Працягнеш работу па гэтай тэме ці будзеш займацца нечым іншым?

– Не, думаю, гэта будуць іншыя даследаванні. Але гаварыць аб гэтым пакуль не буду. Гэта сакрэт.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Юліі БАКУНОВІЧ



1 комментарий по теме “Ягор Сокал: “Проста ідэя была ўдалая”

  1. Егор, побольше тебе удачных идей! Смело шагай вперед!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *