Палубачкі. З гісторыі вёскі

Сацыяльная сфера

Калі з дарогі на Дварэц скіраваць управа і па гравійцы праехаць тры кіламетры, то вачам адкрыецца цудоўны краявід узгоркаў, размежаваных лагчынкамі, што ўтвораны ручаінамі і безназоўнымі рачулкамі, ахоўна зарослых кустамі і дрэўцамі. Тут утульна схавалася ў нізінцы паміж пагоркамі разараных палёў вёска Палубачкі. Паводле архіўнага дакумента «Вопросные листки и обложки к ним о населённых пунктах на землях, входивших в состав Дворецкой вол. Слонимского уезда 1886 года», вёска пазначана пры ўрочышчы “Середнее”. Назва ўрочышча паказвае на яго размяшчэнне паміж іншых урочышчаў. Што ёсць праўда.

У тым жа «Анімалістычным слоўніку Гродзеншчыны» зафіксавана каля Палубачак «поле Селішча». І гэта ёсць яшчэ адно пацвярджэнне даўняга пасялення каля вёскі. Ізноў прасочваецца тэндэнцыя навасёлаў будавацца каля старога месца з раней апрацаванай зямлёй.

У Інтэрнэце напаткаў просьбу карыстальніка з імем Андрэй распавесці пра паходжанне назвы вёскі, а таксама растлумачыць, што азначае частае тут прозвішча Жых.

У даведніку Я. Н. Рапановіча “Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці” ёсць блізкая назва Палубнікі. Розніца паміж тапонімамі не толькі суфіксальная, але і націскная: Палубачкі і Палубнікі. І гэта даволі істотнае адрозненне, якое можа сведчыць пра розныя вытокі паходжання.

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці ёсць толькі два тапонімы з такой жа, як і Палубачкі, суфіксальнай канструкцыяй: Красачкі ў Лідскім раёне і Сабачкі – у Шчучынскім. Тры тапонімы знаходзяцца ў паўночна-заходнім куточку Беларусі, дзе мноства назваў з вытокамі ад балцкіх каранёў. Цікава даследаваць “радаслоўную” гэтых тапонімаў, каб наблізіцца да адказу на пытанне карыстальніка сеціва пра паходжання назвы вёскі Палубачкі.

Навукоўцы прызнаюць індаеўрапейскую спадчыну ў балцкім рэгіёне. Яе рэлікты прасочваюцца і ў яцвяжскай мове, якая займала прастору на значнай частцы Гродзеншчыны і на Дзятлаўшчыне, у прыватнасці. Лічу, што назва Красачкі паходзіць ад кораня krase насуперак другому меркаванню пра паходжанне ад літоўскага кораня kras-/kros з каранёвай асновы ад гоцкага hrоt у значэнні “дах” альбо “дахавая кроква”. Спашлюся ў сваёй трактоўцы вось на што.

Звычайна ўзведзеныя чалавекам будовы атрымлівалі назвы ад розных найменных асноваў. Напрыклад, назва “дом” паходзіць ад слова «дым». Старажытнаславянскае слова “изба” («истъба») або памяншальнае «истобъка» ў значэнні цёплага памяшкання таксама запазычаныя. А, напрыклад, славянскае «зруб» («сруб») азначае сабранае ў чатыры сцяны збудаванне без падлогі і даха з апрацаваных бярвенцаў. Як можна бачыць, пабудова атрымлівае назву ў выніку розных акалічнасцяў: функцыянальнасці, знешняга выгляду, спосабу будаўніцтва. Назва пабудовы нярэдка пераносіцца і на назву самаго пасялення: ізба – Ізбішча (Пухавіцкі і Лагойскі раёны). Тапонім Ізбішча абумоўлены старой сістэмай земляробства, калі пакінутыя ўчасткі зямлі набывалі такія назвы. Гэта было сведчанне месцазнаходжання былых пабудоваў, тыпу пасялення на месцы старой зямлі.

Найбольш старажытныя збудаванні нагадвалі па сваёй канструкцыі паўзямлянкі і зямлянкі, сцены якіх значна заглыблены ў зямлю, а над імі –дах, абкладзены мохам альбо саломай. Чэшскі археолаг-славянавед Любор Нідзерле даў апісанне такой пабудовы, блізкай па знешніх і канструкцыйных асаблівасцях да зямлянкі. Такія будынкі былі характэрныя да часоў першага тысячагоддзя нашага часу ва Усходняй Еўропе. У скандынаўскіх паселішчах яны ўзводзіліся і ў раннім сярэднявеччы. Выгляд толькі аднаго даха над зямлёю і з’явіўя асновай паняційнага афармлення назвы пабудовы, ад якой атрымала назву і вёска Красачкі. Слова kras і яго значэнне, верагодна, калісьці трапіла ў балцка-яцвяжскі асяродак, бо кантакты балтаў з германцамі і скандынавамі маюць тысячагадовую гісторыю.

У тапоніме Сабачкі ўтвараючай асновай магло стаць уласнае імя – ад Саба, Сабін, Сабіч, якое раней сустракалася на Беларусі. Пра гэтае імя дакладна распавёў беларускі вучоны-мовазнаўца М. В. Бірыла ў сваёй працы “Беларуская антрапанімія”.

Тапонім Палубачкі мог сфарміравацца ад мянушкі Палубіс, якая не мае блізкага славянскага кораня. Такое прозвішча сустракаецца ў Беларусі, напрыклад, у Віцебску і Брэсце.

Паводле двухтомнага “Слоўніка літоўскіх прозвішчаў” літоўскіх жа навукоўцаў А. Ванагаса, В. Мацеяўскенэ і М. Размукайтэ, на тэрыторыі сучаснай Літвы распаўсюджаны прозвішчы на аснове кораня Palubys з рознымі суфіксамі. Само слова абазначае прастору (месца) пад столлю: palubys – ад утвараючай асновы lubu – столь. Паводле выяўленай М. В. Бірылам і А. П. Ванагасам заканамернасці, прэфікс “па-“ адпавядае беларускаму “пад-“. Ад балцкай мянушкі Палубіс (асоба высокага росту), а потым і ад нашчадкаў Палубіса атрымана назва паселішча.

У народным беларускім асяродку існуе і вось якое параўнанне: хлопец такі высокі, што галавой аж да столі дастае. Альбо хлопец высокі, як дуб. Ёсць у беларускай мове слова з пагардлівым сэнсам «дылда», якое, паводле даследаванняў беларускага навукоўца І. І. Насовіча, было зафіксавана ў Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губернях. Дылдаю называлі высокага і нязграбнага чалавека. Слова дылда паходзіць ад слова дыля – доўгая і шырокая дошка ў агароджы.

Суфіксы ў такога віда тапонімаў, як Сабачкі, Красачкі і Палубачкі, характэрны для славянскага моўнага пласта, але аснова іх балцкая. М. В. Бірыла вызначае, што гэта так званыя гібрыдныя айконімы – з балцкай асновай антрапоніма і славянскім суфіксам.

Адзначу і яшчэ два магчымыя варыянты паходжання назвы вёскі Палубачкі. Ва ўзгаданай вышэй працы М. В. Бірылы «Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы» зафіксавана вёска Палобе ў былой Ашмянскай воласці. Назва паходзіць ад літоўскага “лобас” – даліна і прэфікса “па-“, што адпавядае беларускаму “пад-“.

Месцішча магло набыць назву і ад летняга паляўнічага стану ўладальнікаў сярэдневечнага Зецела князёў Палубінскіх, дзе гаспадары бавілі час. Тут стала асела прыслуга, якая і паклала магчымы пачатак жыхарства вёсцы Палубачкі.

А цяпер у дачыненне да прозвішча Жых. М. В. Бірыла ў сваёй грунтоўнай “Беларуская антрапаніміі” тлумачыць прозвішча Жых як памяншальнае ад Жышко. Ад яго магчыма і Жыжка – Жыжко. У сваю чаргу ад Жыжко ўтворана яшчэ адно памяншальнае Жыжа, якое мае значэнне –“агонь”, “запальчывы чалавек”, а таксама “той, хто ўмешваецца ў чужыя клопаты”, “нагаворшчык, паклёпнік”. Падтрымлівае гэтае меркаванне і Г. К. Усціновіч у працы “Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны (XIV-XVIII стст.)”. Імя ў форме “Жіха” сустракаецца ў дакументах XVІ стагоддзя.

Архіўны “Список сельских обществ волости не позднее 1870 г.” у вёсцы Палубачкі ў 1870 годзе зафіксаваў 46 “ревизскихъ душъ мужескаго пола”. Вёска стасавалася да дзяржаўных маёнткаў і ўваходзіла ў склад “Петрашэўскага сельскага грамацтва” Дварэцкай воласці.

У 1878 годзе тут было 20 двароў і хлебны магазін. 13 чэрвеня 1895 года пры звароце да ўладаў з просьбаю “О высылке копии с плана земель деревни Полубочки” дакументальна зафіксаваны некаторыя прозвішчы жыхароў вёскі Палубачкі: Фама і Максім Шмыгіны, Максім Редько, Восіп Жіх, Павел Ваніслаўчык, Станіслаў Якшук, Мікалай Шмыгін, Фама Жіх, Франц Якшук. За іх, неадукаваных, па іх жа просьбе падпісаўся Мацвей Шмыгін. З гэтай жа вёскі Мікалай Шмыгін, Франц Якшук, Восіп Якшук, Емельян Жіх, Восіп Воніслававіч, Лука Редько таксама звярталіся з адпаведнай просьбай. За іх, неадукаваных, подпіс паставіў М. Сербін. Сяляне атрымалі копію плана, якую сваім подпісам пацвердзіў старшыня Д. Сідорчык.

У 1897 годзе вёска налічвала 26 дамоў і 146 жыхароў, у 1905 годзе – 182 жыхары, у 1966 годзе – 15 двароў, 22 гаспадары. Паводле перапісу насельніцтва ў 2009 годзе ў Палубачках жылі 12 чалавек. Я ў 2017 годзе налічыў толькі сем чалавек.

П. РУСАЎ



1 комментарий по теме “Палубачкі. З гісторыі вёскі

  1. Спасибо за статью! С ее автором я познакомился в одной из своих командировок лет 15 назад. Именно тогда в беседе с ним я и поинтересовался происхождением деревни Полубочки, откуда мои корни. Спустя столько лет появление материала стало для меня очень приятным сюрпризом, особенно в Год малой родины.
    Кроме фамилии Жих, хотел бы еще спросить у автора и о происхождении фамилии Шмыгин, которую я ношу. В 1996 году (а не в 1966-м, как у автора) фамилия Шмыгин в разной степени касалась 9 из 15 дворов, которые в то время насчитывались в Полубочках.
    Еще раз спасибо за исторический экскурс.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *