Наканавана ў міліцыі служыць

Здарэнні і бяспека

Беларуская міліцыя прайшла шлях даўжынёй у стагоддзе. У яе гісторыю ўпісана нямала гераічных старонак і легендарных імёнаў.

А сучасныя міліцыянеры, якія яны? Чаму выбралі для сябе нялёгкую справу? Пра гэта карэспандэнтка газеты «Перамога» цікавілася ў супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.

Аляксандр Францавіч Біль, начальнік аддзела:

— Раней я, як і многія іншыя людзі, вельмі мала ведаў аб рабоце міліцыі. Безумоўна, ёсць шмат добрых і не вельмі кінастужак аб праваахоўніках, але яны не адлюстроўваюць усіх надзённых клопатаў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

У 1993 годзе па парадзе калегаў па працы (ваенных-пенсіянераў) я пачаў стажыравацца на пасадзе супрацоўніка міліцыі патрульна-паставой службы. У час работы зразумеў, якой важнай і патрэбнай справай займаюцца праваахоўнікі. Штодзённая наша праца заключаецца ў дапамозе людзям. Часам у малазнаёмых кампаніях на пытанне «Дзе вы працуеце?» жартоўна адказваю: «У сферы абслугоўвання насельніцтва». Выступаючы ў працоўных калектывах, звяртаюся да аўдыторыі са словамі «Вітаю вас, калегі», заклікаю вырашаць «нашы з вамі праблемы». Гэта менавіта тое, на што скіравана работа міліцыі.

Служу амаль 23 гады і ні разу не пашкадаваў, што выбраў гэту прафесію, хадайнічаў перад міністрам і атрымаў дазвол аб падаўжэнні тэрміну службы яшчэ на 5 гадоў.

Калегам-праваахоўнікам хачу адрасаваць словы падзякі за іх штодзённую карпатлівую працу па абароне грамадзян ад замахаў на іх гонар, здароўе, маёмасць. Супрацоўнікам органаў унутраных спраў жадаю, нягледзячы на цяжкасці і жахі здарэнняў, з якімі даводзіцца сутыкацца ў час службовай дзейнасці, не чарсцвець душой.

Вольга Аляксандраўна Індура, інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі:

— У 2004 годзе вольным наймам уладкавалася працаваць у аддзел, у групу рэжымнай сакрэтнай дзейнасці.

Пабачыла службу, як кажуць, «знутры». Мне спадабалася, цяжкасці не палохалі. Вырашыла завочна атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «юрыспрудэнцыя» ў Мінскім філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння, у маі 2013 года была залічана курсантам у вучэбны цэнтр Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе мне прысвоілі першае званне «прапаршчык». Праз тры месяцы падрыхтоўкі прыступіла да выканання службовых абавязкаў у Дзятлаўскім райаддзеле міліцыі на сваёй цяперашняй пасадзе інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Безумоўна, работа спецыфічная. Даводзіцца здзяйсняць кантроль за асуджанымі, пакаранне якіх не звязана з ізаляцыяй ад грамадства, весці суправаджэнне асобаў, што вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі да пагашэння судзімасці. На цяжкасці не наракаю, бо найперш я супрацоўнік міліцыі, чалавек, які носіць пагоны. Тым больш, што ў складаных сітуацыях сяброўскае плячо заўжды падстаўляюць калегі-мужчыны. Не шкадую, што выбрала сабе такі лёс.

У снежні 2016 года атрымала катэгорыю спецыяліста 3 класа. Паспяхова здала іспыты на веданне нарматыўна-прававых актаў, па самаабароне, фізпадрыхтоўцы, стральбе. Не жадаю нікому і сабе таксама, каб гэтыя навыкі давялося выкарыстоўваць у службовай практыцы, але ўпэўнена магу сказаць, што ў крытычны момант за сябе і калегаў пастаяць магу.

Саслужыўцам жадаю моцнага здароўя, цярпення, надзейнага тылу, падтрымкі і ўзаемаразумення ў калектыве, службовых поспехаў і зорачак — на пагоны.

Віктар Віктаравіч Петрукевіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх:

— Рашэнне служыць у міліцыі было прадыктавана лёсам. У 2000 годзе мяне прызвалі ў армію. Трапіў ва ўнутраныя войскі і праходзіў службу ў 7-ай асобнай патрульнай роце горада Слуцка. Дэмабілізаваўся, восем гадоў шукаў сябе ў педагагічнай дзейнасці. Як псіхолаг, часта ўдзельнічаў у правядзенні допытаў непаўналетніх, бачыў, што работа ў міліцыі цікавая і прывабная. У 2008 годзе быў прыняты ў райаддзел на пасаду ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх, у 2012-ым пераведзены на пасаду начальніка. Лічу, што мая работа на 70% педагагічнага профілю і толькі на 30% — юрыдычнага. Працаваць з дзецьмі складана і цікава. Мы маем магчымасці падкарэкціраваць, выправіць асобу дзіцяці, якая толькі фарміруецца, каб у паўналетнім узросце выпусціць у дарослае жыццё законапаслухмянага грамадзяніна. Прыемна, калі гэта атрымліваецца. Калі не — з такім чалавекам працуюць іншыя структуры. «Перавыхоўваць», на жаль, даводзіцца і гора-бацькоў, згодна з Дэкрэтам №18, працуем з абавязанымі асобамі, стараемся скіраваць іх на шлях выпраўлення.  

Знакамітая гістарычная асоба — Чынгісхан казаў: «Баішся — не рабі, робіш — не бойся, а зрабіў — не шкадуй». Я згодны з гэтым выказваннем і ніколі не шкадаваў, што служу. Дзятлаўшчына — мая малая радзіма, тут жывуць мае родныя, сябры, знаёмыя. Я і мае калегі адказныя за іх спакой, за парадак на гэтай тэрыторыі.
Калегам жадаю здароўя, сямейнага дабрабыту, падтрымкі родных і пазітыўнага настрою не толькі на работу, а і на жыццё ўвогуле насуперак негатыўным праявам соцыуму, з якім звязана служба.

Валерый Валянцінавіч Жамойдзік, аператыўна ўпаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку:

— Я адслужыў у арміі і вырашыў звязаць сваё далейшае жыццё са службай у міліцыі. Скончыў Баранавіцкую школу міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. З 2002 па 2005 гады працаваў участковым інспектарам міліцыі, абслугоўваў аграгарадок Гезгалы і Жукоўшчынскі сельсавет. Жыхары Дзятлаўшчыны добра ведаюць, што гэта не самы спакойны адміністрацыйны ўчастак, а на той час быў вельмі праблемны. У 2005 годзе быў пераведзены ў службу крымінальнага вышуку, дзе працую цяпер. Служыць у міліцыі падабаецца, бо цікава раскрываць злачынствы, сустракацца з прадстаўнікамі розных сацыяльных групаў, дапамагаць людзям. Ёсць вялікі маральны стымул: ты змог дапамагчы, і чалавек задаволены тваёй работай. За час працы даводзілася раскрываць розныя злачынствы: ад дробных крадзяжоў маёмасці да забойстваў і нанясенняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Нягледзячы на складанасці, аб сваім жыццёвым выбары не шкадую. Работнікам міліцыі жадаю моцнага здароўя, кар’ернага росту, даслужыць да пенсіі і каб у іх сем’ях панавалі лад і згода.

Запісала І. СТЫРНІК
Фота М. САВІЦКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *