Дзятлаўшчыну наведалі ідэалагічныя работнікі Гродзенскай вобласці (фота)

Падзеі

На базе Дзятлаўскага раёна прайшлі выязныя практычныя  заняткі слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі кадраў органаў дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання Гродзенскага аблвыканкама.

Тэмай семінара сталі традыцыі і навацыі ў сучаснай ідэалагічнай рабоце. Удзельнікі дэлегацыі, якую склалі намеснікі кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый па ідэалагічнай рабоце, наведалі сярэднюю школу №1 горада Дзятлава, дзе ім прапанавалі відэафільм пра Дзятлаўшчыну і аглядную экскурсію па абноўленым школьным музеі.

Павітала гасцей мерапрыемства і пазнаёміла іх з сацыяльна-эканамічным жыццём раёна начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка. Намеснік дырэктара сярэдняй школы №1 Алена Сівая расказала, як у іх навучальнай установе рэалізуецца праект “Дзятлаўшчына ўчора і сёння”.

Для прэзентацыі работы ўстановаў і арганізацый Дзятлаўшчыны быў абраны новы для такіх сустрэч падыход: прэзентацыя ў фармаце “экспа”. У двух фае раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці размясціліся каля дзясятка прэзентацыйных стэндаў.

Наведвальнікі інтэрактыўнай выставы мелі магчымасць не толькі пачуць, але і пабачыць на свае вочы дасягненні ў ідэалагічнай рабоце дзятлаўскіх арганізацый і прадпрыемстваў — раённага аддзела адукацыі, Дзятлаўскага сыраробнага завода, раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, Дварэцкага льнозавода і Раготнаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Дзятлаўскага краязнаўчага музея і Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, раённай газеты “Перамога”, паглядзець выставу майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” прадставіла інфармацыю аб сваёй дзейнасці праз выступленне агітбрыгады.

У межах семінара пад кіраўніцтвам Валянціны Іванаўны Скок прайшло адкрытае сумеснае пасяджэнне старастаў вёсак Дварэцкага сельскага савета, удзельнікаў клуба пажылых людзей Дварэцкага дома культуры. Мерапрыемства выклікала актыўную зваротную сувязь ва ўдзельнікаў практычных заняткаў, гучалі пытанні, прапановы і нават песні.

Прыкладам выкарыстання нестандартных форм работы ў вырашэнні праблем дэмаграфічнай бяспекі стаў паказ сацыяльна накіраванага спектакля «Без месца жыхарства» ў выкананні ўзорнага тэатра-студыі «Мелодыя душы».

ІЗатым ідэалагічныя работнікі падвялі вынікі семінара, выказалі прапановы аб будучых формах работы, абмеркавалі праблемы практычнай працы.

Загадчык сектара павышэння кваліфікацыі кадраў Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Кяйко запэўніў прысутных, што з улікам прапановаў, агучаных на сустрэчы, будзе фарміравацца далейшая праграма курсаў і фармат іх работы.

Завяршэннем насычанай праграмы семінара стала наведванне філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”.

Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК

Дзякуем за прыём! (чытайце на нашым сайце меркаванне гасцей аб сустрэчы на Дзятлаўшчыне)

Больш падрабязна чытайце ў газеце «Перамога»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *