Перыядычна ў прэсе з’яўляецца інфармацыя пра хакераў, узламаныя сайты, сеткі, пра крадзяжы грашовых сродкаў з дапамогай камп’ютара. Нам здаецца, што падобнае нас не тычыцца, не можа здарыцца з намі. На жаль, такія супрацьпраўныя дзеянні характэрны і для Дзятлаўскага раёна. Усе яны адносяцца да сферы інфармацыйнай бяспекі.

Інфармацыйная бяспека — гэта захаванасць інфармацыйных рэсурсаў дзяржавы, абароненасць законных правоў асобы і грамадства ў інфармацыйнай сферы. Інфармацыя і інфармацыйныя сістэмы, правы на іх — асноўныя аб’екты інфармацыйнай бяспекі.

Адна з праблем, крыніцай якой стала хуткае развіццё інфармацыйных тэхналогій, — несанкцыянаванае выкарыстанне персанальных даных грамадзян для розных мэтаў, пачынаючы ад рассылкі спама, заканчваючы несанкцыянаваным доступам да грашовых сродкаў на пластыкавых картках і рознымі формамі махлярстваў.
У гэтым артыкуле мы раскажам аб кіберзлачыннасці, бо новыя тэхналогіі абумоўліваюць новыя злачынствы. Умоўна такога роду супрацьпраўныя дзеянні можна падзяліць на некалькі групаў:

злачынствы, скіраваныя на незаконнае авалоданне, адабранне, знішчэнне або пашкоджанне камп’ютарнай тэхнікі і носьбітаў інфармацыі (яны разглядаюцца як замах на ўласнасць і кваліфікуюцца па артыкулах раздзела 24 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);

злачынствы, скіраваныя на атрыманне несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, яе мадыфікацыі, звязаныя з неправамерным авалоданнем камп’ютарнай інфармацыяй, распрацоўкай, выкарыстаннем або распаўсюджваннем шкодных праграм (такія дзеянні разглядаюцца як злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі і кваліфікуюцца па артыкулах раздзела 31 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);

злачынствы, у якіх камп’ютары і іншыя сродкі камп’ютарнай тэхнікі выкарыстоўваюцца ў якасці сродкаў учынення карыслівага злачынства, і намер вінаватай асобы скіраваны на авалоданне чужой маёмасцю шляхам змянення інфармацыі або ўвядзення ў камп’ютарную сістэму ілжывай інфармацыі (такія дзеянні разглядаюцца як крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і кваліфікуюцца па артыкуле 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Напрыклад, з верасня 2015 года па студзень 2016 года жыхар горада Століна, 1999 года нараджэння, узломваў электронныя старонкі карыстальнікаў сацыяльнай сеткі і для атрымання кантролю над іх акаўнтамі мяняў паролі, блакіруючы доступ да іх. Затым зламыснік звяртаўся па перапісцы да сяброў пацярпелых і прасіў паведаміць яму рэквізіты банкаўскіх картак, маўляў, не можа скарыстацца ўласнай, у якой скончыўся тэрмін дзеяння або яна заблакіравана. Некаторыя адрасаты, не правяраючы, хто сапраўдны аўтар звароту, выконвалі просьбу.

Атрымаўшы рэквізіты картак, юны хакер знімаў з іх грошы і пераводзіў на падкантрольныя яму рахункі або рабіў інтэрнэт-пакупкі. Адной з ахвяраў сямнаццацігадовага падлетка стала жыхарка Дзятлаўскага раёна.

На юнака была ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) і па артыкуле 212 (крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ адзін прыклад. З 21 па 29 сакавіка невядомы з выкарыстаннем Інтэрнэту здзейсніў несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі на электронных паштовых скрынях ААТ “Дзятлаўская экспартна-сартавальная льнобаза”, што нанесла шкоду ў асабліва буйным памеры.

7 жніўня невядомы злачынца здзейсніў несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі асабістай электроннай старонкі жыхаркі Дзятлаўскага раёна на сайце “ВКонтакте”, разаслаўшы ад яе імя паведамленні з просьбай аб пералічэнні грошай на пазначаны нумар мабільнага тэлефона.

Прыклады сведчаць аб тым, што кіберзлачынствы здараюцца і на Дзятлаўшчыне. Каб абараніць сябе і свой камп’ютар, трэба прытрымлівацца наступных правілаў. Выкарыстоўвайце некалькі паштовых акаўнтаў. Для ўваходу ў пошту не выкарыстоўвайце просты пароль, нікому яго не называйце. Калі ёсць магчымасць “прывязаць” адрас электроннай пошты і акаўнт сацыяльнай сеткі да тэлефона, скарыстайцеся ёю. Калі атрыманае пісьмо напісана з памылкамі і надрукавана з сумніўнымі выявамі і ссылкамі, не рэагуйце на яго.

Калі заходзіце ў сваю пошту з чужога камп’ютара, не забывайце закрыць акаўнт пасля заканчэння работы. Калі атрымаеце ад сябра паведамленне з просьбай выслаць грошы або паведаміць асабістыя даныя, выслаць СМС для актывацыі і пацвярджэння свайго акаўнта — не верце. Хутчэй за ўсё, гэта дзейнічаюць махляры.

А. ЖУКЕЛЬ,
аператыўны ўпаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации