Не ўсякаму чалавеку адпушчана лёсам адзначыць стагоддзе зямнога жыцця. Для тых жа, хто пераступіў гэты рубеж мудрасці, кожны наступны год як чарговае дасягненне, якое не грэх прыемна адсвяткаваць сярод блізкіх і сяброў.

У Юліі Фларыянаўны Гульнік з Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна сёлета выдаўся чарговы “важкі неюбілей” – 107- годдзе.


31 студзеня, у дзень нараджэння нашай зямлячкі-доўгажыхаркі, з падарункамі і самымі сардэчнымі словамі віншаванняў да яе прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Алена Васкель, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, артысты Казлоўшчынскага дома культуры. Да гасцей з радасцю далучыліся персанал аддзялення і сябры Юліі Фларыянаўны, многія з якіх жывуць побач ужо шмат гадоў.


– Вельмі прыемна, што менавіта ў сістэме сацыяльнай абароны Дзятлаўшчыны ёсць самы сталы чалавек раёна – талісман нашай галіны, вы, паважаная Юлія Фларыянаўна, – павіншавала імянінніцу Алена Васкель. – Нягледзячы на складаны і поўны выпрабаванняў жыццёвы шлях, вы заўсёды застаяцеся добрым, чулым, спагадлівым чалавекам. Дзякуй вам за гэта, здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця.

Яркую песенную паштоўку для Юліі Гульнік падрыхтавалі артысты, між іншых старадаўніх хітоў у іх выкананні прагучаў класічны “Мае гады – маё багацце”.

Ад імя моладзі Дзятлаўшчыны цёплыя словы віншавання ў адрас імянінніцы выказала Кацярына Хілімончык:

– Вы прайшлі працяглы жыццёвы шлях, на ім сустракалася нямала перашкод і горычы, якія пераадолелі з цярпеннем і мудрасцю, дык няхай наперадзе застануцца толькі шчаслівыя і светлыя дні, напоўненыя прыемнымі падзеямі і сустрэчамі, здароўя вам, бадзёрасці духу і яшчэ шмат гадоў жыцця.


Прыемную місію ад імя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і яе старшыні Вадзіма Бяляткі выканала Таццяна Нікіпорчык, якая перадала Юліі Фларыянаўне пажаданні ад аб’яднання і прыемны падарунак – мяккі дыванок, які зробіць будні доўгажыхаркі яшчэ больш камфортнымі.

Далучыліся да віншавальнай эстафеты сябры па аддзяленні і работнікі – кожны імкнуўся сказаць хоць некалькі добрых слоў, падзяліцца пяшчотай абдымкаў, сфатаграфавацца побач з імянінніцай. Пасля афіцыйнай часткі душэўныя размовы прадоўжыліся за чаяваннем.



Як высветлілася за сталом, прыемныя сюрпрызы для Юліі Гульнік пачаліся яшчэ з раніцы: любімай бабулі ў яе 107-ы дзень нараджэння з далёкага Калінінграда патэлефанаваў унук Алег, якому пасля смерці дачкі Юлія Фларыянаўна замяніла маці. Хлопец вырас годным чалавекам, быў ваенным лётчыкам, цяпер пенсіянер, жыве ў Калінінградзе, акрамя яго, блізкіх сваякоў у доўгажыхаркі не засталося. Імянінніца добра памятае падзеі мінулых гадоў, падтрымлівае размову, нават жартуе.

Прайсці такі доўгі шлях, нягледзячы на перашкоды і выпрабаванні лёсу, ёй дапамаглі добразычлівы характар і любоў да людзей. Лёс не песціў Юлію Гульнік. Як сама зазначае, жыццё пастаянна выпрабоўвала яе на трываласць, бо нарадзілася ў 1918 годзе, у той час з нашых тэрыторый яшчэ не адступіла Першая сусветная вайна. Была дзяўчынка восьмай у шматдзетнай сялянскай сям’і. Галеча, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, частыя змены ў палітычнай сітуацыі і грамадстве. Тым не менш Юлія выжыла, вырасла, знайшла сваё асабістае шчасце і ў 1940 годзе выйшла замуж. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Юліі Фларыянаўны ўжо было двое дзяцей. На пытанне, як перажылі ўсе жахі, бабуля толькі ківае галавой і паўтарае: “цяжка было”. На працягу жыцця даводзілася шмат працаваць і дома, і ў калгасе, але не гэта самае складанае, а страта родных людзей, так лічыць Юлія Гульнік. Калі падступіла старасць, а яе прыход доўгажыхарка пачала заўважаць у 93 гады, бо самой стала складана спраўляцца з дамашнімі справамі, жанчына прыняла мудрае рашэнне – пераехаць на пастаяннае жыхарства ў Казлоўшчынскае аддзяленне. Так, з 2010 года бабуля Юлія і жыве тут, стаўшы сапраўднай славутасцю і талісманам установы. Кожны год пасля векавога юбілею ў дні нараджэння яна прымае віншаванні, і хочацца спадзявацца, што гэта цудоўная традыцыя прадоўжыцца яшчэ на многія гады.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga