31 мая ў актавай зале гімназіі горада Дзятлава адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Пра зробленае ў перыяд са снежня 2013 года па май 2016 года паведаміла дэлегатам канферэнцыі старшыня раённага жансавета Алена Іванаўна Жадзейка.
Адбыліся выбары праўлення раённай жаночай арганізацыі. У яго ўвайшлі 19 жанчын. Старшынёй праўлення раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” на чарговы тэрмін абрана Алена Іванаўна Жадзейка, яе намеснікамі – Галіна Мікалаеўна Чура і Таццяна Сямёнаўна Нікіпорчык.
Стала добрай традыцыяй віншаваць жанчын-юбіляраў. Пасля афіцыйнай часткі віншаванні прымалі Ірына Дзмітрыеўна Жэгала, Ганна Іванаўна Мікшут, а таксама Галіна Мікалаеўна Чура, дзень нараджэння якой прыпаў якраз на 31 мая.
Віншаванні да Сусветнага дня абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня, прымалі бацькі-выхавальнікі Ніна Адамаўна Млынарчык і Марына Генадзьеўна Шэлег. Яны адзначаны падпіскай на раённую газету “Перамога”.
Словы падзякі жанчынам-актывісткам выказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Яўгенаўна Калодка.
Дэлегаты канферэнцыі мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай творчых работ жанчын Дзятлаўскага сыраробнага завода і Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Канцэртную праграму прапанавалі вучні гімназіі, а свае вершы пачытала ветэран працы Раіса Аляксандраўна Лакіза.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ