Categories: Падзеі

“Зецела” – вандроўка ў мінулае

Да абласных “Дажынак”, якія летась прымала Дзятлаўшчына, быў прымеркаваны выхад кнігі “Зецела, або Падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”. Другое, дапоўненае выданне змясціла цікавыя гістарычныя факты пра нашу зямлю, дадалося новымі звесткамі і фотаздымкамі. Пра тое, як ішла работа над кнігай і што яна сабой уяўляе, карэспандэнтка газеты “Перамога” пагутарыла з аўтарам зборніка, гісторыкам і краязнаўцам Фёдарам Красюком.

— Фёдар Фёдаравіч, з чаго пачыналася ваша даследчая вандроўка па Дзятлаве і як яна ператварылася ў кнігу?

— У тыя часы, калі я працаваў у гісторыка-краязнаўчым музеі, пачаў цікавіцца гісторыяй свайго роднага горада, збіраць звесткі аб вуліцах і мясцінах, архіўныя фотаздымкі. Па-першае, я сам тут вырас, помню, дзе што знаходзілася ў горадзе, па-другое, распытваў сведак са свайго і старэйшага пакалення. Пры дапамозе знаёмых збіраў інфармацыю і нават не думаў, што гэта выльецца ў нейкі суцэльны твор. Штуршком да выдання сабраных матэрыялаў стала падрыхтоўка горада (найперш – плошчы 17 Верасня) да 500-годдзя Дзятлава. Некаторыя архіўныя звесткі пра вуліцы і плошчу горада дапамог знайсці гродзенскі гісторык І. Г. Трусаў, частка матэрыялу была назапашана ў мяне – усё гэта вылілася спачатку некалькі надрукаваны самастойна рукапіс, а потым у паўнавартасную кнігу, якая выйшла невялікай колькасцю – 20 асобнікаў.

— Другое выданне “Зецела” пабачыла свет большым накладам, у каляровым і чорна-белым выкананні. Хто выступіў спонсарам?

— Выпуск кнігі стаў магчымы дзякуючы замове Дзятлаўскага райвыканкама і Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, частку накладу замаўляў я сам. Госці “Дажынак”, лепшыя аграрыі вобласці, атрымалі кніжку ў падарунак, а кожны ахвочы і сёння можа набыць яе для сябе ў Дзятлаўскім музеі або на гарадскіх выставах-кірмашах.

— Чаму кніга атрымала назву “Зецела”?

— Зецела – гэта балцкая форма назвы Дзятлава. Вядома, што вакол Дзятлава яшчэ ў старажытныя часы жылі балцкія плямёны прусаў і балтаў. Нягледзячы на ўплыў беларускага асяроддзя, беларускай і польскай моваў, мясцовыя жыхары праз вякі збераглі сваю гаворку. Жыхары навакольных вёсак гаварылі: “Пойдзем да Зецелы”.

— Якія матэрыялы ўвайшлі ў новае выданне кнігі?

— Другая кніга пра Дзятлава складзена як з дакументаў, так і з розных публікацый і ўспамінаў жыхароў горада. У папулярнай форме яна знаёміць чытача з гісторыяй старых вуліц і пабудоваў былога мястэчка, біяграфіямі яго ўладальнікаў. Падабраны цікавы збор фотаздымкаў ад пачатку ХХ да пачатку ХХІ стагоддзяў. Не ўсе яны добрай якасці, але даюць уяўленне аб выглядзе мястэчка ў той час. Змешчаны ў выданні і першы перапіс сядзібы Васіля Астрожскага – інвентар двара Здзятла 1580 года, у склад якога ўваходзіла тэрыторыя амаль усёй заходняй часткі нашага раёна. Па ім можна даведацца назвы вуліц і прозвішчы дзятлаўчан таго часу.

— На якую аўдыторыю разлічана кніга, каму, на вашу думку, яна будзе цікавая?

— Кніга адрасавана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй горада Дзятлава. У той жа час, выданне можа стаць добрым падмуркам для студэнцкіх праектаў, падрыхтоўкі ўрокаў гісторыі ў школе. Апроч змешчанага матэрыялу, у кнізе пададзены немалы спіс літаратуры, які таксама можа прыдасца ў навуковых і краязнаўчых пошуках. Да таго ж, пагартаць кнігу будзе прыемна тым людзям, якія пераехалі з Дзятлава, але помняць і любяць сваю малую радзіму.

— Каму хочаце падзякаваць за дапамогу ў выпуску кнігі?

— Найперш, шчыры дзякуй рэдактарам выдання – Н. М. Абрамчык, М. П. Грышану. Дапамагала ў арганізацыі выдання дырэктар Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці В. В. Цыганец. Дапамагалі супрацоўнікі дзятлаўскай раённай бібліятэкі, гісторыка-краязнаўчага музея.

— Ваша кніга закранае выключна гісторыю райцэнтра. Ці з’явіцца ў перспектыве выданне гісторыі мястэчак і вёсак Дзятлаўшчыны?

— Закранутая ў выданні тэма актуальная, яна і сёння не страчвае сваёй папулярнасці. За апошнія пару гадоў пабачыла свет не адна кніга пра вуліцы, дамы – архітэктурны выгляд населеных пунктаў. Я перакананы, што, калі пашукаць, можна знайсці шмат краязнаўчага матэрыялу пра раён і ў Цэнтры турызму, і ў мясцовых музеях, ёсць яшчэ каго распытаць у вёсках і мястэчках Дзятлаўшчыны. Шмат цікавай інфармацыі выходзіла на старонках раённай газеты “Перамога”. Аднак трэба нямала працы, каб усё гэта сабраць у адно. Хто ведае, магчыма, маладое зацікаўленае пакаленне даследчыкаў дзятлаўскай зямлі пяройме маю эстафету, і ў будучым мы пабачым выданне кнігі “Дзятлавазнаўства” .

Гутарыла Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара

administrator

Recent Posts

Профилактика ВИЧ-инфекции

ВИЧ-инфекция – хроническое  инфекционное заболевание, возникающее вследствие  заражения   вирусом  иммунодефицита  человека, поражающего иммунную систему человека. …

3 часа ago

Дзелавы панядзелак. Кадравы дэфіцыт і хуткі пачатак уборачнай

Перадсвяточныя клопаты, завяршэнне сенажу, падрыхтоўка да жніва, рамонт Палаца Радзівілаў – на гэтыя і іншыя…

17 часов ago

Музыка в пути и символика «Славянского базара». В Минске презентовали «Фестивальный локомотив»

Презентация железнодорожного состава "Фестивальный локомотив" (в рамках акции "35 событий" в преддверии XXXV Международного фестиваля…

18 часов ago

Пожар вагона-бытовки в Санниках

27 июня в 15-41 спасателям на линию «101» поступило сообщение о пожаре вагона-бытовки на берегу…

18 часов ago

Загорание сухой травы в Белогурно

28 июня в 20-05 на линию «101» поступило сообщение о загорании сухой растительности по улице…

18 часов ago

Свята вышыванкі ў Наваельні

На адкрытай пляцоўцы каля Дома культуры жыхароў і гасцей гарпасёлка сабраў разам юбілейны дзясяты фестываль…

18 часов ago