30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную сталіцу сямейнага баўлення вольнага часу, сяброўства і выдатнага настрою!

– Гэты фестываль – свята для тых, хто ведае: самае дарагое, што ў нас ёсць – нашы родныя і блізкія людзі, моцныя і дружныя сем’і! Наша цудоўная і квітнеючая Беларусь! – адзначылі вядучыя, адкрываючы мерапрыемства.

За падтрымку і аказанае садзейнічанне ў падрыхтоўцы да свята яны выказалі падзяку кіраўніцтву раёна ў асобе старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Садоўскага, дырэктару дзяржаўнага прадпрыемства “Конус” Андрэю Жамойду, старшыні КСУП “Хвінявічы” Мікалаю Бубноўскаму.

Бурнымі апладысментамі і духмянымі караваямі дзятлаўчане сустрэлі сямейныя каманды ўдзельнікаў фестывалю ў суправаджэнні талісмана свята – Дзятліка і народнага духавога аркестра гарадскога пасёлка Наваельня. Шчыра віталі ганаровых гасцей: члена Савета Рэспублікі, дэпутата Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэя Жамойду і старшыню камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольгу Сядзельнік.

Да гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Андрэй Садоўскі:

– Сёння ў нас асаблівы дзень: мы святкуем дзясяты, юбілейны фестываль. Асабліва прыемна бачыць, як расце геаграфія нашага свята: ужо чацвёрты год запар у “Зецельскім фэсце” ўдзельнічаюць сем’і практычна з усёй Гродзеншчыны. Сёлета іх больш за 60.

Наш фестываль – гэта тэрыторыя шчасця для ўсіх пакаленняў, тут кожны знойдзе занятак па душы. Сям’я – гэта падмурак нашага жыцця, наша галоўная апора і самы каштоўны здабытак. Сёння я хачу сказаць дзякуй усім сем’ям за тую душэўную цеплыню, клопат і любоў, якімі вы шчодра дзеліцеся.

Асобную падзяку выказваю шматдзетным бацькам, тым, хто адкрыў свае сэрцы для прыёмных дзяцей, і тым, хто беражліва захоўвае фамільныя традыцыі. У нашым раёне сёння налічваецца 275 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 892 дзіцяці. А 52 жанчыны ўдастоены высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці.

У гэты светлы дзень жадаю ўсім шчасця, дабрабыту і душэўнай утульнасці. Няхай у вашых дамах заўсёды жывуць любоў, разуменне і гармонія, а кожны дзень напаўняецца дзіцячым смехам і радасцю.

Усім удзельнікам нашага фестывалю – цудоўнага настрою, новых знаёмстваў і незабыўных уражанняў!

– Шчыра жадаю ўсім дзятлаўчанам і гасцям свята творчых поспехаў, яркіх перамог, добрага адпачынку. Упэўнены, што сёння вы ўсе адчуваеце сябе адной дружнай сям’ёй. Няхай мір, спакой і гармонія заўжды пануюць у вашых дамах, – далучыўся да віншаванняў Андрэй Жамойда.

Вольга Сядзельнік адзначыла, што сёння палітыка нашай незалежнай Рэспублікі Беларусь накіравана на ўмацаванне беларускай традыцыйнай сям’і. І такія святы, як гэты фестываль, даюць магчымасць паказаць, што для нашай дзяржавы сям’я – найважнейшы рэсурс. Пажадала ўсім дабрабыту, шчасця і каб збывалася ўсё лепшае.

Па добрай традыцыі фестывалю ўшанавалі і адзначылі кветкамі і памятнымі падарункамі ўсіх, хто беражэ сямейныя каштоўнасці. Высокім прыкладам любові, клопату і вернасці сямейным каштоўнасцям з’яўляецца сям’я Дзмітрыя і Алены Сухецкіх, якія выхоўваюць пяцёра дзяцей. Прэзідыумам Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду прынята рашэнне аб іх заахвочванні. Старшыня раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская ўручыла ім грашовую прэмію і імянныя статуэткі, пажадала дабрабыту і ўзаемаразумення.

У намінацыі свята “Залатыя юбіляры сямейнага жыцця” ўшанавалі сям’ю Станіслава і Галіны Плаўскіх. Цырымонію заключэння залатога шлюбу правяла для іх галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС райвыканкама Святлана Вінакурава. Здароўя і шчасця пажадаў гэтай сям’і намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка і ўручыў памятны падарунак.

Горача сустракалі на сцэне і сёлетніх сярэбраных юбіляраў. У ганаровай кнізе раённага аддзела ЗАГС свае подпісы пакінулі трынаццаць сем’яў, якія пражылі разам 25 гадоў. Усе яны атрымалі кветкі і падарункі ад прадстаўнікоў арганізацый, дзе працуюць, родных і сяброў. У гэты дзень ім пажадалі непарушнага шчасця і каб серабро гэтага юбілею стала надзейным мостам да іх сямейнага золата.

Пазітыў і добры настрой удзельнікам свята дарылі прафесійныя і самадзейныя артысты Дзятлаўшчыны.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства сем’і накіраваліся на інтэрактыўныя пляцоўкі паспаборнічаць за званні самых творчых, умелых, крэатыўных. А гасцей свята чакалі майстар-клас па танцах, фотазоны, выставы, дэгустацыя трохметровага каравая, рыцарскае шоу, квэст-гульня, канцэртная праграма, атракцыёны.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации