На апошнім у гэтым годзе пасяджэнні райвыканкама, якое праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага разгледжаны пытанні аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця і праекце раённага бюджэту на 2025 год, другое пытанне разглядалася сумесна з пасяджэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Расказваючы аб прагнозах развіцця, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Аляксей Уцін акцэнтаваў увагу, што ў аснове будзе ляжаць рост канкурэнтаздольнасці эканомікі на аснове эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных перавагаў для павышэння якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва, бесперабойнай і эфектыўнай работы прадпрыемстваў. На 2025 год перад суб’ектамі гаспадарання раёна пастаўлены канкрэтныя мэты і заданні, выкананне якіх заклікана забяспечыць збалансаванае эканамічнае развіццё раёна і тым самым павысіць дабрабыт людзей. Нарошчванне экспартнага патэцыялу і імпартазамяшчэння – прыярытэтныя кірункі развіцця як эканомікі раёна, так і рэспублікі ў цэлым, таму прадастаўлены прагноз быў распрацаваны на аснове аналізу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2021-2023 гадах і чакаемых вынікаў ад работы за 2024 год.

Інвестыцыйную дзейнасць у раёне мяркуецца скіраваць на абнаўленне асноўных фондаў, вытворчых магутнасцяў, рэканструкцыю і будаўніцтва сельскагаспадарчых комплексаў, развіццё інфраструктуры турызму і адпачынку, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, іншыя сферы. Асноўнымі крыніцамі сродкаў для развіцця эканомікі паслужаць уласныя сродкі арганізацый, сродкі кансалідаванага бюджэту, крэдыты банка і іншыя. Што тычыцца будаўніча-мантажных работ, уключаючы работы па мантажы абсталявання, то плануецца ажыццяўляць набыццё машын, абсталявання, танспартных сродкаў, забяспечваць іншыя патрэбы. Так, у гарпасёлку Наваельня ў 2024-2026 гадах ТАА “РэалЭксперт” ажыццяўляе мадэрнізацыю завода па вытворчасці раслінных алеяў. Будуць прадоўжаны работы па рэалізацыі інвестпраекта па стварэнні вытворчасці перадізаляваных і водаправодных трубаў у ТАА “Ізакам Пласт”. Таксама намечаны капрамонт дахаў гімназіі № 1 горада Дзятлава і Гезгалаўскай сярэдняй школы, Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, рэканструкцыя Новаяльнянскай гарадской бальніцы, лазнева-аздараўленчага комплексу ў Дзятлаве з пераводам у фізкультурна аздараўленчы комплекс, пачатак будаўніцтва шматфункцыянальнага каркасна-тэнтавага збудавання для заняткаў хакеем і катання на каньках на стадыёне “Колас”.


У сельгасарганізацыях раёна ў наступным годзе таксама запланавана набыццё тэхнікі і абсталявання, выкарыстанне грашовых сродкаў на фарміраванне асноўнага статку.

Па-ранейшаму адной з прыярытэтных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўшчыны застанецца паступленне даходаў у мясцовыя бюджэты для развіцця мясцовай інфраструктуры і вырашэння пытанняў мясцовага значэння. Рэгіянальная палітыка будзе зарыентавана на раскрыццё патэнцыялу прыватнага сектара эканомікі і арганізацый камунальнай формы ўласнасці за кошт павышэння якасці рэгулявання бізнес-асяроддзя, павелічэння колькасці суб’ектаў гаспадарання, павышэння аддачы ад іх фінансава-гаспадарчай дзейнасці. З мэтай рэалізацыі пастаўленай задачы ўстаноўлены мэтавы паказчык росту кансалідаванага бюджэту, затраты на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі мяркуецца знізіць. Спыніўся Аляксей Уцін і на задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2025 годзе асобна для прамысловага комплексу раёна, сельскай гаспадаркі, гандлю, сферы занятасці насельніцтва.


– Задачы на наступны год стаяць сур’ёзныя, настолькі ж сур’ёзныя будуць даведзены заданні, аднак рэзервы ў раёне ёсць, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Лічбы будуць дапрацаваны і разгледжаны. Што тычыцца інвестыцый, то ў прыярытэце застануцца будаўніцтва бальніцы ў Наваельні і капрамонт фізкультурна аздараўленчага комплексу, таксама сярод задач – ператварыць у арэнднае жыллё спальны корпус былой школы-інтэрната ў Дзятлаве і інтэрнат у Наваельні.

Прапанова па першым пытанні прынята з дапрацоўкамі.

Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала расказала, як мяркуецца фарміраваць у 2025 годзе раённы бюджэт. Пры фарміраванні праекта бюджэту за аснову прыняты ўмовы эканамічнага развіцця, зацверджаныя Указам Прэзідэнта РБ № 384 ад 1 кастрычніка бягучага года. Мяркуецца рост УВП на ўзроўні 104,1 %, узровень інфляцыі – не больш за 5 %. Даходная частка бюджэту раёна ў цэлым пргназуецца ў суме 80 мільёнаў 380,4 тысячы рублёў. Яна будзе сфарміравана за кошт падатковых і непадатковых даходаў і бязвыплатных паступленняў з вышэйстаячых бюджэтаў. Уласныя даходы па праекце бюджэта раёна прагназуюцца ў суме 58 мільёнаў рублёў, тэмп росту 107,4 %. Па-ранейшаму будзе захавана сацыяльная скіраванасць раённага бюджэту: на першачарговыя сацыяльна значныя расходы будзе выкарыстана больш за 84,9 %.

У абмеркаванне праекта бюджэту раёна ўключыліся дэпутаты раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Аляксандрам Бараноўскім. У спрэчках выступіў старшыня пастаяннай камісіі па бюджэце, эканоміцы, аграрных пытаннях і ахове навакольнага асяроддзя Юрый Ганчар. Прааналізаваўшы структуру раходаў і даходаў праекта бюджэту, ён выказаў прапанову прыняць праект. Яна была падтрымана аднагалосна. Таксама дэпутаты станоўча вырашылі пытанні аб прадастаўленні ў арэнду воднага аб’екта і ўнясенні змяненняў у некалькі ранейшых рашэнняў раённага Савета дэпутатаў.

Аляксандр Бараноўскі павіншаваў удзельнікаў пасяджэння са святамі, пажадаў здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў у рабоце.

За плённую работу ў 2024 годзе дэпутацкаму корпусу, кіраўнікам службаў райвыканкама і арганізацыям раёна падзякаваў Андрэй Садоўскі. Ён адзначыў, што часам нават дастатковае фінансаванне яшчэ не гарантуе поспеху, бо пры вырашэнні пастаўленых задач здараюцца розныя сітуацыі, і толькі настойлівасць, мудрыя рашэнні і стараннасць дазваляюць з імі спраўляцца. Андрэй Уладзіміравіч пажадаў кіраўнікам і спецыялістам раёна сярод працоўных будняў не забываць пра сябе і блізкіх, заўсёды знаходзіць час на прыемныя сустрэчы, паездкі, адпачынак.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga