Спакон веку Дзятлаўшчына славілася сваімі працаўнікамі. Практычна на кожным прадпрыемстве і ў арганізацыі раёна ёсць свае сямейныя падрады і нават цэлыя дынастыі. Новы праект газеты “Перамога” прысвячаецца бацькам і дзецям, братам і сёстрам, якія выбралі для сябе адну сферу дзейнасці.

Праўду кажуць, што працаваць у сельскай гаспадарцы можа толькі той, хто шчыра любіць зямлю і сваю справу. І часта любоў гэта пачынаецца з маленства. Для адных з самых выніковых і тытулаваных трактарыстаў-машыністаў ААТ “Дварэц-Агра” братоў Аляксандра і Вячаслава Кастусікаў самыя яркія дзіцячыя ўспаміны звязаны з кабінай татавага камбайна і трактара, дзе бавілі шмат часу.

– У даўнейшыя часы і магчымасці такой не было дзяцей у садок аддаць, таму яны гадоў з трох былі частымі гасцямі ў мяне на рабоце. Відаць, ужо тады палюбілі тэхніку і працу на зямлі, нават спрабавалі дапамагаць мне з рамонтам, – расказвае гаспадар сямейства Вячаслаў Вацлававіч.

Сам ён мае 46 гадоў неперарыўнага стажу ў родным сельгаспрадпрыемстве. Яшчэ да службы ў войску пачынаў тут працаваць на трактары, а ўжо пасля заканчэння Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума прыйшоў сюды адразу механікам, у хуткім часе пачаў удзельнічаць у корманарыхтоўцы, а там – і ва ўборачнай кампаніі. Некалі яму выпала ў савецкія часы кіраваць такой рарытэтнай сельгастэхнікай, як камбайн “Фортшрыт Е-280”  вытворчасці ГДР і нашым гомельскім КСК-100А. Нарэшце ён пастаянна ўладкаваўся механізатарам, вынікова працаваў усё жыццё на адным месцы ў Дварцы, неаднаразова ўзнагароджваўся за працу граматамі рознай вартасці і медалём.

– Як бы цяжка ні было, бывала і заробкі былі маленькія, бацька ўсё адно заставаўся працаваць у калгасе, – узгадвае сын Аляксандр.

І нават цяпер, на заслужаным адпачынку, Вячаслаў Вацлававіч не развітваецца з любімым прадпрыемствам, працуе тут вартаўніком і да слёз ганарыцца поспехамі сыноў на сельскагаспадарчай ніве.

– Тут нарадзіліся і прыгадзіліся, – з прыказкі пачынаюць размову пра сябе малодшыя Кастусікі. – Выбралі сельгассферу і ні разу не пашкадавалі: сваёй работай мы штогод пакідаем след на зямлі і ў памяці землякоў. На малой радзіме і працаваць удвая адказней: калі бачыш, як зелянеюць усходы, што сам пасеяў, наліваюцца сілай каласы, якія затым роўненька кладуцца пад жатку, – гэта ж песня, асалода для душы! Таксама ёсць што дзецям паказаць.

А хіба магло быць інакш? Калі, жывучы праз дарогу ад мехдвара сельгаспрадпрыемства, маленькія Саша і Слава ўвечары засыналі, а раніцай прачыналіся пад гул трактароў ды камбайнаў, які ўжо тады быў самым родным.

Цікавы той факт, што два браты, маючы розніцу ва ўзросце ў чатыры гады, сталі працаваць механізатарамі ў “Дварэц-Агра” амаль адначасова. Старэйшы, спакойны і разважлівы Аляксандр, пасля заканчэння Лідскага індустрыяльнага тэхнікума спачатку паспрабаваў сябе механікам, пазней атрымаў вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю. Хваткі, хуткі на рашэнні Вячаслаў, як і брат, з юных гадоў быў з тэхнікай на “ты”, а да моманту заканчэння школы дасканальна разбіраўся ва ўсіх сельгаспрацэсах. Кажа, што ў Казлоўшчынскае прафтэхвучылішча пайшоў атрымаць правы вадзіцеля і пасведчанне аб прафесійнай адукацыі, хоць вопыту і так хапала.

Браты Кастусікі выдатна помняць свой першы сезон на жніве, калі старэйшаму толькі стукнула 18, а малодшы атрымаў часовае вадзіцельскае пасведчанне. Ім выдалі старэнькі камбайн “Нью Холанд “Бізон”, які аднавілі, давялі да ладу сваімі рукамі, на ім і працавалі пасля не адзін год. Нават паспяхова спаборнічалі з “Джон Дзірамі”, за што былі адзначаны дыпломам віцэ-чэмпіёнаў на абласных дажынках. З вопытам разам пераселі працаваць на айчынны GS-12 “Палессе”, пастаянна былі ў прызёрах на раённых і абласных спаборніцтвах сельгасработнікаў.

– На адным са святаў “Дажынак” пазнаёміўся з будучай жонкай, якая прыехала сюды на адпрацоўку з Мазыра і засталася ў раёне.

Да 2012 года захоўвалі сямейную традыцыю выступаць на жніве адным экіпажам, якую змяніла само жыццё.

– Калі з’явіліся ў кожнага свае сем’і, трэба было клапаціцца, каб больш зарабіць, таму цяпер ва ўборачнай удзельнічаем кожны самастойна, – расказвае Вячаслаў. – Але па жыцці заўсёды побач, нават цяпер рыхтуем тэхніку да сезона разам.

Браты-механізатары адказалі на некалькі кароткіх пытанняў пра жыццё і работу.

– Ці цяжка працаваць у полі?

– Работа ўжо звыклая, але бясконцая. Як пачынаем у полі ранняй вясной з пасяўной, заканчваем ужо пад зіму падніманнем зябліва. У гарачую пару часам не паспяваем “перасаджвацца” з адной тэхнікі ў другую паміж рознымі відамі сельгасработ. Летам працоўны дзень можа даходзіць і да 16 гадзін запар.

– Які галоўны стымул шмат працаваць?

– Парадак на зямлі. Гэта ў крыві ў нас. Як пачалі нейкую справу, трэба яе дарабіць акуратна і якасна, каб не стаяла.

– Чым можаце ганарыцца?

– Уся тэхніка, давераная нам для работы, і старая, і новая, – дагэтуль на хаду. Працуем на камбайнах, трактарах – усё можам адрамантаваць сваімі рукамі. Дзякуем бацьку за гэту навуку.

Што галоўнае ў рабоце для вас – працэс або вынік?

– Гэтыя рэчы абсалютна ўзаемазвязаныя паміж сабой. Мы заўсёды канцэнтруемся на працэсе, якасці работы, выконваем справу ад “А” да “Я”, і гэта дапамагае нам пастаянна трымаць лідарства ў сваёй катэгорыі: адзін на першым месцы, другі на другім і наадварот. Як узнагароду за плённую працу Аляксандр атрымаў у распараджэнне самы новы камбайн ААТ “Гомсельмаш”  GS 2124, “абкатаем” яго ў новым сезоне.

– Не шкадуеце, што засталіся ў Дварцы?

– У нас самы выдатны аграгарадок Беларусі: тут такая прыгажосць, багатая гісторыя, маляўнічыя краявіды. Нам і нашым дзецям не трэба тыя Раўбічы ці Сілічы, каб узімку з гары пакатацца. Таму сваю малую радзіму ні на якую іншую старонку не прамяняем.

– Чаго ў перспектыве хочацца ад работы?

– Мы працуем, не шкадуючы сіл, аддаём шмат часу палявым работам, свайму прадпрыемству, самі рамантуем машыны, бывае, па локаць у мазуце. Але ўсё гэта тое, што нам сапраўды падабаецца. Хочацца, каб стараннасць і ініцыятыва адпаведна ацэньваліся рублём, каб кожны атрымліваў па заслугах, а дзеці адчувалі, што работа ў іх татаў важная і прыбытковая.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#сельское хозяйство #семья #Дятловщина

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации