Прадаўжаецца чэмпіянат Гродзенскай вобласці па валейболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд, у якім удзельнічаюць дзве зборныя нашага раёна.

Першы тур каманды правялі на выездзе, другі адбыўся на пляцоўцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.




У жаночым чэмпіянаце вобласці заявіліся 11 каманд, якія былі размеркаваны на тры групы. Дзятлаўская каманда “Белтэрміз” увайшла ў групу разам са зборнымі Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага раёнаў. Нашы валейбалісткі атрымалі ўпэўненую перамогу на выездзе ў Ашмянах з лікам 3 : 0, з такім жа вынікам сыгралі дома з Астраўцом. Наступная гульня будзе таксама выязной і пройдзе ў Смаргоні. На цяперашні момант “Белтэрміз” мае добрыя шанцы выйсці ў фінал і пазмагацца за 1-6 месца чэмпіянату.

– Дома дзяўчаты паказалі прыгожую гульню: упэўнена перамаглі ў першай партыі з лікам 25 : 14, у другой, дапусціўшы шэраг тактычных памылак на страхоўцы і падачах, усё ж вырвалі перамогу 25 : 21 і трэцяй партыяй паставілі прыгожую кропку – 25 : 8, – расказаў трэнер Васілій Русін. – Самай выніковай удзельніцай каманды стала цэнтральная блакіруючая Вікторыя Будзько, якая прынесла за гульню 18 ачкоў.

Не так пашанцавала з жараб’ёўкай у чэмпіянаце вобласці мужчынскай зборнай Дзятлаўскага раёна. Яна патрапіла ў групу “Б” разам з камандамі “Оскар” з горада Слоніма і “Гедэон” з Ліды – у мінулым чэмпіёнам вобласці па гэтым відзе спорту. Выязны матч нашы валейбалісты саступілі сланімчанам 1 : 3, дамашні – лідчанам 0 : 3. Такім чынам, верагоднасць пазмагацца за прызавыя месцы чэмпіянату ў каманды не вельмі вялікая.





Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#спорт #волейбол