На базе Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы пры ўдзеле намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло выніковае пасяджэнне медыцынскага савета, дзе былі прааналізаваны вынікі работы сферы аховы здароўя Дзятлаўшчыны за 2024 год і пастаўлены задачы на 2025 год.


– У 2024 годзе работа Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы была накіравана на выкананне рашэння выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады”, – адзначыў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч.

На Дзятлаўшчыне медыцынская дапамога насельніцтву аказваецца ў 23 структурных падраздзяленнях: цэнтральнай райбальніцы, дзвюх гарадскіх бальніцах (Казлоўшчынская і Новаяльнянская), Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду, 4 амбулаторыях доктара агульнай практыкі і 15 стацыянарных ФАПах. Установы аховы здароўя абслугоўваюць 22 477 чалавек.

У мінулым годзе на Дзятлаўшчыну на сваё першае працоўнае месца прыбылі 7 маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 18 сярэдніх медыцынскіх работнікаў, такім чынам, на сёння забяспечанасць дактарамі ў раёне складае 88 %, сярэднімі медработнікамі – 96 %.

Для паляпшэння якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва былі набыты медыцынскае і іншае абсталяванне, транспарт для патрэбаў аховы здароўя. У ліку найбольш істотных – модульны ФАП у вёсцы Ахонава, аўтамабіль “Купава” (перасоўны ФАП), аўтамабіль УАЗ, рэнтгендыягнастычны апарат. На бягучыя і капітальныя рамонты медыцынскіх установаў было затрачана каля 660 тысяч рублёў. Самыя значныя аб’екты – рамонт адміністрацыйнага паверха галоўнага корпуса бальніцы, замена аконных блокаў у гезгалаўскай БСД, мадэрнізацыя пасажырскага ліфта. На гэты год запланавана мадэрнізацыя памяшкання рэнтгенкабінета: у дадзены момант праект падрыхтаваны і праходзіць дзяржаўную экспертызу.

Аб арганізацыі стацыянарнай і амбулаторна-паліклінічнай медыцынскай дапамогі расказалі намеснікі галоўнага доктара Алена Якубоўская і Наталля Літвінская.

Медыцынская дапамога ў стацыянары аказваецца больш чым на 220 ложках ва ўстановах аховы здароўя, 15 з якіх – сацыяльныя. Пры гэтым сярэдні кошт аднаго ложка-дня склаў больш за 117 рублёў, у аддзяленні рэанімацыі – больш за 1000 рублёў, выклік хуткай медыцынскай дапамогі – 188 рублёў. На медыкаменты для лячэння пацыентаў у стацыянары летась было выдаткавана больш за 1 мільён 622 тысячы рублёў.

Першасны выхад на інваліднасць у мінулым годзе склаў 185 выпадкаў (паменшыўся на 14 %), сярод працаздольных жыхароў раёна – 73 выпадкі. У ліку асноўных прычын – захворванні сістэмы кровазвароту і касцёва-мышачныя хваробы, анкалогія. За год было пастаўлена на ўлік 7 дзяцей-інвалідаў.
Па хуткую медыцынскую дапамогу ў 2024 годзе грамадзяне звярнуліся 8340 разоў, брыгады выязджалі 7332 разы.
З 15 975 жыхароў раёна, якія ў 2024 годзе падлягалі дыспансерызацыі, яе завяршылі 91,8 %.

Сярод задач на наступны год, якія паставілі перад сабой медыкі раёна, – далейшае зніжэнне ўзроўню смяротнасці і анказапушчанасці, узмацненне эпідэміялагічнай бяспекі і зніжэнне ўзроўню захваральнасці насельніцтва, павышэнне якасці медыцынскай дапамогі, паслядоўнае правядзенне дыспансерызацыі, развіццё інфраструктуры аховы здароўя, у тым ліку рэалізацыя праекта “Клапатлівая паліклініка”, цыфравізацыя медыцыны раёна, фарміраванне ў насельніцтва здаровага ладу жыцця.

Вадзім Бялятка падвёў вынікі медыцынскага савета:

– Хачу падзякаваць вам, паважаныя медыцынскія работнікі, за прафесійную, напружаную, а часам звышнармаваную і няўдзячную работу, за адданасць сваёй высакароднай прафесіі. З боку раённага выканаўчага камітэта робіцца максімум для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх установаў, і гэта тэндэнцыя будзе прадоўжана. Дзякуючы стабільнай рабоце рэальнага сектара эканомікі раёна, амбіцыёзныя мэты становяцца рэальнымі. З іншага боку, прашу вас максімальна згуртавацца для дасягнення нашай агульнай мэты – зберажэння жыцця і здароўя жыхароў раёна.

Па выніках работы Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама былі адзначаны інжынер па метралогіі Алег Навумавец, бухгалтар Анастасія Саўрас, падзякай начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама – участковы доктар-педыятр Вікторыя Новік, фельчар па прыёме і перадачы выклікаў Наталля Уласевіч, вадзіцель аўтамабіля Мечыслаў Крывеня.





Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga