Аб гэтым даведаліся дзесяцікласнікі гімназіі № 1 горада Дзятлава на чарговай сустрэчы традыцыйнага прафарыентацыйнага мерапрыемства “Дзень з прадпрыемствам”.
На гэты раз яна адбылася ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

– Праект, задуманы для прафесійнай арыентацыі будучых выпускнікоў, на Дзятлаўшчыне ўжо набыў сваю папулярнасць, – расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Губар. – На прадпрыемствах і ў арганізацыях мы праводзім экскурсіі для старшакласнікаў, каб больш дэталёва пазнаёміць іх з асаблівасцямі той ці іншай прафесіі, галіной.Усё таму, што правільна зроблены выбар у пачатку дарослага жыцця ў далейшым паспрыяе прафесійнаму і кар’ернаму росту, такі спецыяліст будзе хадзіць на работу і выконваць сваю справу з задавальненнем.
Наталля Губар расказала і паказала, як працуюць спецыялісты ўпраўлення і цэнтра, тым больш што дзве арганізацыі маюць цесныя ўзаемасувязі і знаходзяцца ў адным будынку.

Спачатку навучэнцы сустрэліся з начальнікам аддзела па працы і занятасці Таццянай Дорда, якая азнаёміла іх з работай упраўлення, яго аддзелаў, больш падрабязна спынілася на рабоце аддзела па працы і занятасці, асноўных напрамках, якімі займаюцца яго спецыялісты: аплаце і ахове працы, садзейнічання занятасці насельніцтва. Патлумачыла, што сярод асноўных кірункаў дзейнасці ёсць і такі, як арыентаванне моладзі на выбар будучай прафесіі. Дапамагаюць спецыялісты і прадстаўнікам старэйшага пакалення: падказваюць, дзе можна азнаёміцца з банкам вакансій, даведацца, якія з іх самыя актуальныя, на што звяртаць увагу пры пошуках работы і многае іншае.
Затым Наталля Губар паказала хлопчыкам і дзяўчынкам, як можна зайсці на інфармацыйны партал дзяржаўнай службы занятасці. Там для тых, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам будучай спецыяльнасці, ёсць магчымасць прайсці прафесійнае тэсціраванне. Лічбавы сэрвісу “Крок у прафесію”, размешчанага ў адкрытым доступе на партале дзяржаўнай службы занятасці па адрасе: https://gsz.gov.by/popr/ і на ім можна прайсці тэсціраванне трох тыпаў: тэст па прафарыентацыі дазваляе кожнаму канкрэтна вызначыць сферу яго інтарэсаў і магчымы топ-прафесій. Тэст на прафесійны адбор “падкажа”, наколькі выбраная прафесія падыходзіць, а комплекснае тэсціраванне ахарактарызуе таго, хто адказвае на пытанні, і падбярэ для яго прапановы па прыдатных прафесіях.
У аддзеле пенсій і дапамог яго начальнік Ірына Баравік расказала аб напрамках работы, нацэліла сваіх маладых гасцей на адказныя адносіны да будучай прафесіі, паколькі на працягу працоўнай дзейнасці фарміруецца і пенсія работніка, таксама яна заклікала маладых дзятлаўчан пасля атрымання адукацыі вяртацца на малую радзіму.


Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Іна Петрукевіч расказала аб рабоце Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з уразлівымі катэгорыямі грамадзян. Навучэнцы даведаліся аб рабоце аддзяленняў, аб магчымасці непрацаздольных грамадзян атрымаць розныя віды дапамогі і чаму ў сацработнікаў цэняць такія чалавечыя якасці, як дабрыня і спагадлівасць да чужой бяды.

Не менш цікавым было наведванне аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, дзе спецыяліст Інэса Гульнік пазнаёміла гімназістаў са сваёй работай і наведвальнікамі, іх захапленнямі, поспехамі, дасягненнямі.

Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga