Дзятлаўшчына далучылася да мабільнага сацыяльнага прафарыентацыйнага праекта “Школа юнага фармацэўта”.

Магчымасць адкрыць цікавы свет аптэчнай справы юным дзятлаўчанам прадаставіла Гродзенскае РУП “Фармацыя”.



Як расказала правізар-рэцэптар цэнтральнай аптэкі № 55 Дзятлаўскага раёна Алена Навумавец, сёлета Гродзенскае РУП “Фармацыя” адзначае 85-годдзе, і прафарыентацыйны праект стартаваў у Прынёманні ў юбілейны год. Удзел у ім ужо прынялі больш за дзве тысячы дзяцей, распрацаваны графік, напрыклад, у наш раён “Школа юнага фармацэўта” прыехала з Зэльвеншчыны. Праект не толькі знаёміць школьнікаў малодшага і сярэдняга ўзростаў з аптэчным светам праз гульнявыя заняткі, але і папулярызуе прафесіі фармацэўта і правізара, павышае іх прэстыж.

– На працягу тыдня мы сустракаліся з навучэнцамі гімназіі, сярэдніх школ горада Дзятлава № 3 імя І. Ю. Філідовіча і № 1 імя А. М. Чурылы, – зазначыла Алена Леанідаўна. – Па дамоўленасці з раённым аддзелам адукацыі на наступным тыдні чакаем яшчэ і навучэнцаў сельскіх школ. Дзеці вельмі рады, праяўляюць актыўнасць і ўжо даведаліся шмат цікавага. Я ім расказваю пра лекавыя расліны, яны адгадваюць загадкі, выконваюць інтэрактыўныя заданні. Мой вясёлы памочнік кот Фармік таксама спадабаўся юным наведвальнікам, якія ахвотна дапамагаюць яму ў вырашэнні розных пытанняў звязаных з лячэбнай і аптэчнай справай. Аднак самай цікавай лакацыяй з’яўляецца пляцоўка па вырабе і фасоўцы лекаў, дзе ўвесь працэс можна прайсці самому.

Я і ўсе мае калегі падтрымліваем гэты праект, бо ўпэўнены, што ўсё пачынаецца з юнага ўзросту: захапленне канкрэтнай сферай дзейнасці, выбар будучай прафесіі.

Працаваць з дзецьмі – адно задавальненне, і мне вельмі прыемна, што ўдалося пераключыцца на гэту справу, паспрабаваць выклікаць цікавасць да сваёй прафесіі ў юных дзятлаўчан.




Варта зазначыць, што ўрок у “Школе юнага фармацэўта” – гэта сапраўднае пагружэнне ў аптэчную рэальнасць: перад заняткамі дзеці апранаюць белыя халаты, у кожнага – бэйджык, як у сапраўдных работнікаў. Затым іх чакае відэаэкскурс у гісторыю аптэчнай справы, у час якога яны даведваюцца, як людзі лячыліся ў мінулых стагоддзях, і якія медпрэпараты вынайшлі сучасныя навукоўцы, на якія школьныя прадметы варта рабіць ухіл, каб прыйсці ў прафесію. На працягу занятка хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць розныя тэарэтычныя і практычныя заданні. Вельмі падабаецца ім працаваць з мабільнай сімуляцыяй, якая ўключае рабочае месца фармацэўта і прэпараты на палічках з жартоўнымі назвамі “Прастудзін”, “Зажывін”. Напрыканцы ўрока кожнае дзіця атрымлівае сертыфікаты “Школы юнага фармацэўта” і падарунак.



Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае