На пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага з удзелам начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч, былі разгледжаны тры пытанні.

Аб рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2021-2025 гады” ў Дзятлаўскім раёне расказаў загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько. Ён адзначыў, што матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў культуры пастаянна паляпшаецца. За 2021-2024 гады было асвоена 98 % ад сумы, выдзеленай з раённага бюджэту і ўласных сродкаў арганізацый.

Выкананы план па ахопу насельніцтва раёна бібліятэчным абслугоўваннем, ён склаў 27,7 %. Вялікую дапамогу ў ім для жыхароў аддаленых вёсак аказвае бібліобус. Ён абслугоўвае 48 населеных пунктаў раёна на 10 маршрутах – гэта 3015 чалавек.

На сайце раённай бібліятэкі створаны тры базы даных, якія змяшчаюць інфармацыю аб удзельніках і сем’ях ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У 2025 годзе распачата работа па зборы матэрыялаў для інфармацыйнага рэсурса “Апаленая памяць Дзятлаўскага раёна”.

Бібліятэкі Дзятлаўшчыны неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх конкурсаў, у ліку якіх “Гісторыя праваслаўя роднага краю”, “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. У 2023 годзе было падпісана міжнароднае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж раённай бібліятэкай і грамадскай арганізацыяй у Рэспубліцы Комі, сістэматычна праводзяцца сумесныя мерапрыемствы ў анлайн рэжыме.

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў 2021-2025 гадах праведзены бягучы рамонт даху і заменены аконныя блокі, абноўлена вестыбюльнае памяшканне, санвузлы, адрамантаваны дзве музейныя залы, закуплены размоўны інфарматар і тактыльныя таблічкі са шрыфтам Брайля, устаноўлены шафы-купэ ў фондасховішчы, набыта сучаснае выставачнае абсталяванне. У музеі працуе атэставаны экскурсавод.

Справаздачны перыяд вызначыўся правядзеннем культурна-масавых, брэндавых мерапрыемстваў у Дзятлаве і аграгарадках раёна. Штогод на высокім арганізацыйным узроўні праходзяць адкрытыя рэгіянальныя фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” і роставых лялек “Дасканалы свет казкі” з удзелам творчых калектываў Гродзенскай вобласці.

Значная ўвага надаецца захаванню і папулярызацыі традыцыйнай культуры. У вёсцы Ахонава і гарпасёлку Наваельня кожны год праходзіць абрад “Юр’е” – першы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізуе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, быў адзначаны дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Таксама на Дзятлаўшчыне пачало ладзіцца новае брэндавае мерапрыемства “Вясновы баль у Тызенгаўза”, нядаўна стала функцыянаваць выставачная экспазіцыя прадметаў савецкага часу “Хата брыгадзіра”.

Пры фінансавай падтрымцы раённага, абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў праведзены рамонтныя работы ў школах мастацтваў, набыты 15 музычных інструментаў і 11 адрамантаваны. За гэты час 14 навучэнцаў атрымалі матэрыяльную дапамогу са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі, 28 выпускнікоў прадоўжылі навучанне ў сярэдне спецыяльных профільных навучальных установах.

– У раёне выконваюцца ўсе даведзеныя паказчыкі ў сферы культуры, пры гэтым у абласным рэйтынгу мы не на лідзіруючых пазіцыях, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Невялікаму Дзятлаўскаму раёну няпроста канкурыраваць з больш буйнымі рэгіёнамі. Тым не менш, у нас створана грунтоўная база: укладзены істотныя грашовыя сродкі для развіцця сферы культуры, падабраны перспектыўныя кадры – надышоў час выдаваць якасны прадукт. 

Андрэй Уладзіміравіч расказаў, што ў гэтай сферы ёсць яшчэ шмат амбіцыёзных планаў, якія будуць падтрыманы кіраўніцтвам раёна, у тым ліку фінансава.

Па другім пытанні выступіў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, які пазнаёміў прысутных з інфармацыяй аб выкананні раённага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы наркаманіі і супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, сацыяльнай рэабілітацыі нарказалежных асоб на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна на 2025-2026 гады. Ён адзначыў планамернае зніжэнне колькасці такіх злачынстваў.

Аб арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі Дзятлаўскага раёна расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– У 2025-2026 навучальным годзе ажыццяўляецца арганізацыя харчавання для 1994 навучэнцаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі, 561 выхаванца дашкольнай адукацыі, 20 дзяцей раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама непаўналетніх выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава. Ахоп гарачым харчаваннем школьнікаў складае 100 %.

Распрацаваны і рэалізуецца план мерапрыемстваў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў харчавання ва ўстановах адукацыі Дзятлаўскага раёна на 2024-2026 гады, у межах якога за сродкі раённага бюджэту былі адрамантаваны харчблокі, абноўлены кухонная тэхніка і абсталяванне ў некаторых школах.

Акрамя гэтага, арганізавана правядзенне лабараторнага кантролю якасці рэалізуемай прадукцыі. Рэгулярна праводзіцца анкетаванне навучэнцаў і іх бацькоў па тэме школьнага харчавання, карэкціруюцца рацыёны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации