У Дзятлаўскім аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама прайшоў прыём грамадзян, які правялі супрацоўнікі міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі па пытаннях выкарыстання сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ).


Уладальнікі такіх транспартных сродкаў расказалі, што іх хвалюе: да 1 верасня нам неабходна прайсці экспертызу ў выпрабавальнай лабараторыі, бліжэйшыя з іх знаходзяцца ў Лідзе і Баранавічах, а даехаць на электратранспарце ці даставіць яго туды даволі праблематычна. Патэлефанавалі ў Ліду, нам сказалі, што калі будзе прадастаўлена пляцоўка, то могуць прыехаць у Дзятлава і правесці экспертызу на месцы. Хто нам дапаможа ў вырашэнні гэтай праблемы?

Дзяржаўтаінспектары Яўгеній Санюкевіч і Сяргей Якшук патлумачылі:

– З 1 верасня 2025 года ў Беларусі змяніліся правілы для ўладальнікаў электрасамакатаў, гіраскутараў, монаколаў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці. Прылады, якія разганяюцца вышэй за 25 км/г, цяпер прыраўноўваюцца да мапедаў і матацыклаў – іх трэба рэгістраваць у ДАІ. Для правядзення ацэнкі грамадзяне і юрыдычныя асобы маюць права звярнуцца ў выпрабавальныя лабараторыі да 1 верасня 2026 года. Пасля неабходна ісці на рэгістрацыю ў МРЭА. Жыхарам Дзятлаўскага раёна трэба звярнуцца ў райвыканкам з запытам аб выдзяленні пляцоўкі для праходжання экспертызы, што таксама будзе ўзгоднена з ДАІ.

Дзяржаўтаінспектары дадалі, што рэгістрацыя – гэта не абавязак, а права. Проста яна дае магчымасць перамяшчацца на сродках персанальнай мабільнасці па аўтадарогах. Калі такія вадзіцелі ездзяць толькі па тратуары ці гравійцы, праходзіць працэдуру неабавязкова.

Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga