З развіццём інфармацыйных тэхналогій удасканальваюць сваю супрацьпраўную дзейнасць і інтэрнэт-махляры. Цяпер у Беларусі распаўсюджаны такі від падманаў, як кіберзлачынствы.
У 2025 годзе на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна колькасць узбуджаных крымінальных спраў па фактах злачынстваў у сферы супрацьдзеяння інтэрнэт-злачыннасці ў параўнанні з 2024-м павялічылася з 25 да 27. Крымінагенная сітуацыя ў гэтай сферы застаецца напружанай.
Якімі спосабамі найчасцей ажыццяўляецца падман?
Крадзеж пад выглядам продажу тавараў і паслуг
У наш час тавары і паслугі нярэдка набываюцца праз сацыяльныя сеткі Інстаграм, Куфар, іншыя. Пры гэтым пацярпелых прываблівае іх нізкі кошт, найчасцей меншы за рыначны, і хуткае атрыманне. Аднак прыкметамі махлярства якраз і з’яўляюцца танны кошт тавараў і патрабаванне перадаплаты або ўнясення поўнай сумы перад іх атрыманнем. Падобных прапановаў варта пазбягаць, лепш разглядаць варыянты здзелкі “з рук – у рукі” і перасылка накладзеным плацяжом.
“Халодныя” званкі
Зламыснікі абзвоньваюць грамадзян з прапановамі крэдытавання, удзелу ў аперацыі па папярэджанні крадзяжу грошай з персанальнага карт-рахунка, устаноўкі новай прапановы ад мабільнага аператара ці падаўжэння дагавора на аказанне паслуг сувязі.
Махляры прадстаўляюцца аператарамі мабільнай сувязі, вымушаюць падоўжыць дагавор, тым самым атрымліваючы пашпартныя даныя грамадзяніна. Потым на гэтыя даныя рэгіструюць асабісты кабінет у міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі, а на нумар абанента прыходзіць СМС-паведамленне з кодам, даведаўшыся які, аферысты атрымліваюць доступ да асабістага кабінета. Затым у ход ідуць аповеды аб “бяспечным” рахунку. Для “захавання” сродкаў даверлівых грамадзян вымушаюць перавесці грошы на рахунак злодзеяў.
Рэкламныя рассылкі
Яны ажыццяўляюцца найчасцей нібыта ад імя банкаўскіх установаў, а пры пераходзе кліентаў на фішынгавы сайт яны самі ўводзяць пэўныя рэквізіты, у выніку чаго губляюць доступ да асабістага кабінета інтэрнэт-банкінга або іх грашовыя сродкі спісваюцца.
Яшчэ адной схемай махлярства з’яўляецца галасаванне ў месенджары Тэлеграм, калі ад знаёмых паступаюць паведамленні з просьбаў зрабіць гэта за дзіця, якое “ўдзельнічае ў конкурсе”. У выніку адбываецца поўная страта доступу да акаўнта або ў ім з’яўляюцца дадатковыя карыстальнікі. Падобныя просьбы пажадана ігнараваць, а ў выпадку пераходу па спасылцы ў такім паведамленні – звярнуць увагу на настройкі асабістага тэлеграм-акаўнта, ці ёсць там іншыя зарэгістраваныя пыстасаванні, на якіх акаўнта быць не павінна.
Правілы паводзінаў у інтэрнэце:
– ніколі не давайце староннім людзям свае персанальныя даныя: нумар карты, пін-код, дамашні адрас або нумар тэлефона;
– будзьце асцярожныя з падазронымі званкамі: калі тэлефануе незнаёмы нумар і паступае просьба аб прадастаўленні асабістых даных, найлепш скончыць размову і праверыць інфармацыю ў афіцыяльных крыніцах;
– не пераходзьце па падазроных спасылках;
– будзьце ўважлівыя пры афармленні заказаў, правярайце інфармацыю аб прадаўцы і тавары;
– карыстайцеся асобнымі, а не зарплатнымі банкаўскімі карткамі для аплаты тавараў і паслуг у інтэрнэце;
– усюды, дзе магчыма, уключайце двухфактарную аўтаінэнтыфікацыю.
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga