На Гродзеншчыне ў фармаце навукова-практычнай канферэнцыі прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ.

Дыпломам першай ступені ў намінацыі “Гісторыя роднага краю” адзначана навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава Яўгенія Радомская (кіраўнік – настаўніца гісторыі Алена Радомская).

Даследчая работа Яўгеніі “Купчая на зямлю ад 19 ліпеня 1921 года: адлюстраванне польскага зямельнага заканадаўства ў гістарычным дакуменце” цесна звязана з Дзятлаўшчынай і сям’ёй гімназісткі. Менавіта купчая на шэсцьдзясят дзесяцін зямлі больш за стагоддзе захоўвалася ў сям’і Радомскіх, а належаў дакумент прапрадзеду Яўгеніі – Аўгусціну Глубокаму.

– Купчую давялося перакласці з польскай мовы, – расказала Яўгенія Радомская. – Быў устаноўлены цікавы факт: мой прапрадзед набыў зямлю ў пляменніцы вялікага вучонага Ігната Дамейкі – Марыі. Важна было зразумець, як сам Ігнат звязаны з сядзібай Жыбартаўшчына, якая належала яго роднаму дзядзьку. Аказалася, у 1823 годзе разам з іншымі ўдзельнікамі дэмакратычнага руху Ігнат Дамейка быў арыштаваны, пасля заканчэння следства высланы пад нагляд паліцыі ў вёску Заполле на Лідчыну, затым – у сядзібу Жыбартаўшчына каля Дзятлава, дзе жыў некалькі гадоў, актыўна праводзіў доследы па вырошчванні жывёл на навуковай аснове. Пазней, стаўшы вялікім вучоным, Ігнат Дамейка прыязджаў у Жыбартаўшчыну ў 1884 годзе ва ўзросце 82 гадоў. Апошняй уладальніцай сядзібы была Марыя, якая з-за эканамічных цяжкасцяў і складанай палітычнай сітуацыі распрадала землі і ў 1939 годзе эмігравала ў Еўропу.

Пакупнікамі надзелаў сталі заможныя сяляне – Аўгусцін Глубокі, Лукаш Жукель, Міхаіл Іода.

Згодна з купчай, мой прапрадзед набыў 60 дзесяцін ворыва і луга за добраахвотна абумоўленую суму 247 600 польскіх марак. Марыя атрымала задатак у 165 000, астатнія грошы неабходна было ўнесці пры складанні “вечнага акта”. Купчая аказалася папярэднім дакументам, які дазваляў карыстацца зямлёй, але ў поўнае валоданне яна магла перайсці пасля падпісання вечнага акта. Спачатку мы меркавалі, што ў Аўгусціна Глубокага не хапала сродкаў, але пасля вывучэння наступнай часткі купчай зразумелі, што Марыя пачала прадаваць землі, яшчэ не ўступіўшы ў правы атрымання ў спадчыну пасля смерці мужа Лявона Дамейкі. Не менш цікавым аказаўся факт, што Марыі Дамейка неабходна было прыкласці да пакета дакументаў “дазвол уладаў на права продажу”. Значыць, польскі ўрад кантраляваў усе зямельныя здзелкі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Са зместу купчай высветлілася, што ўсе расходы абодва бакі “дзялілі паміж сабой” у роўных долях, пазначалася сума падатка і наступствы адмовы аднаго з бакоў ад здзелкі. Аказалася таксама, што тагачаснае заканадаўства зацвярджала роўныя правы ў пагадненні паміж сялянамі і памешчыкамі.

Наогул, гэта даследаванне дапамагло Яўгеніі зразумець не толькі эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя зносіны таго часу, але і эмацыйны стан простага селяніна-земляроба, яе прапрадзеда, якому ўдалося набыць ва ўласнасць зямлю – самую вялікую каштоўнасць таго часу.

Ірына СТЫРНІК

Фота з сямейнага архіва

#образование #награда #молодежь

#нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации