З лета 2020 года Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа з’яўляецца актыўным удзельнікам рэспубліканскага праекта “Мой школьны футбольны клуб”.
У ходзе яго рэалізацыі для конкурсу было напісана тэматычнае эсэ, пры Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі арганізаваны гурток па футболе, у якім займаюцца навучэнцы школы. Першапачаткова трэніроўкі праводзіў настаўнік фізічнай культуры Анатоль Лакцевіч. Аднак у хуткім часе “пад сваё крыло” хлопчыкаў і дзяўчынак узяў фанат сваёй справы, капітан мясцовай футбольнай каманды “Лібертас”, кваліфікаваны і перспектыўны малады трэнер Дзяніс Трафімчык.
За дасягненні школьнага футбольнага клуба і своечасовую справаздачнасць аб яго спартыўнай дзейнасці асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” выдзеліла ўстанове адукацыі сродкі, на якія быў закуплены спартыўны інвентар.
Нядаўна ў рамках рэспубліканскага праекта ў Мінску прайшоў выніковы фестываль па самым масавым відзе спорту, арганізаваны АБФФ. У спаборніцтвах прынялі ўдзел пяцікласнікі з 32 школьных каманд, толькі дзве з якіх прадстаўлялі сельскія ўстановы адукацыі. Сярод іх – каманда “Асы” Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, у склад якой увайшлі як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Пераможцай фестывалю стала тая каманда, чые гульцы па выніках усіх матчаў забілі найбольшую колькасць галоў. Нашы юныя футбалісты занялі восьмае месца. Кожнаму гульцу ўручылі дыплом удзельніка і новую форму з эмблемай рэспубліканскай асацыяцыі футбола.
Таксама ў рамках фестывалю праводзіліся спаборніцтвы і сярод кіраўнікоў установаў адукацыі. Дырэктар Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Сяргей Гузоўскі стаў лепшым па індывідуальным футбольным майстэрстве, за што атрымаў памятны кубак.
Аб сваіх першых выязных спаборніцтвах у якасці трэнера расказаў педагог дадатковай адукацыі гуртка па футболе Дзяніс Трафімчык:
– Заўсёды хацеў працаваць з дзецьмі. Мне гэта цікава. Яшчэ ва ўніверсітэцкія гады з вялікім задавальненнем займаўся футболам. Таксама не ўпусціў магчымасць і атрымаў у роднай альма-матэр дадатковую адукацыю з адпаведным трэнерскім пасведчаннем. Таму, калі дырэктар установы адукацыі прапанаваў мне стаць трэнерам школьнага футбольнага клуба, не раздумваючы, пагадзіўся. Вось зусім нядаўна наведаў курсы ў сталічнай Акадэміі футбола, па заканчэнні якіх атрымаў сертыфікат і стаў трэнерам катэгорыі “D”, за кошт чаго павысіў сваю кваліфікацыю. Рэспубліканскі фестываль – добрая магчымасць праверыць, чаму я змог навучыць сваіх юных футбалістаў, паглядзець, як хлопчыкі і дзяўчынкі рухаюцца па полі, валодаюць мячом, узаемадзейнічаюць адзін з адным праз “пас” і, самае галоўнае, ці настроены яны перамагаць, нягледзячы на магчымыя цяжкасці. З шасці гульняў мая каманда прайграла толькі адну. Выдатны пачатак для выязных спаборніцтваў, ці не праўда? Думаю, што круцілавіцкія “Асы” яшчэ не раз парадуюць сваімі вынікамі і прадэманструюць вышэйшы “футбольны” пілатаж.
Таксама ўражаннямі падзялілася гулец школьнага футбольнага клуба Яўгенія Анушкевіч:
– Калі паведамілі, што наша каманда будзе выступаць на фестывалі ў Мінску, я была ў захапленні. З цікавасцю распытвала трэнера пра паездку і будучыя матчы. Футболам займаюся з чацвёртага класа. Яшчэ на ўроках фізкультуры проста ўлюбілася ў гэты від спорту і пачала трэніравацца. На гульнях трохі хвалявалася, бо раней ніколі не ўдзельнічала ў спаборніцтвах такога ўзроўню. Нягледзячы на гэта, пасля галявых перадач партнёраў па камандзе, мне ўдалося два разы паразіць вароты сапернікаў. Фестываль мне вельмі спадабаўся, было весела. Спадзяюся, што наступныя спаборніцтвы не заставяць сябе доўга чакаць, і я, гуляючы на пазіцыі нападаючай, заб’ю для сваёй каманды намнога больш мячоў.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga