Навучэнцы старэйшых класаў усур’ёз задумваюцца аб выбары будучай прафесіі. Таму класныя кіраўнікі 10-х класаў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава С. У. Урбан і А. С. Якаўчык арганізавалі для сваіх выхаванцаў чарговую прафарыентацыйную экскурсію ў Мінск.

На гэты раз наведалі тры ВНУ, дзе ладзіліся дні адчыненых дзвярэй: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Варта зазначыць, што формы прэзентацый вышэйшых навучальных установаў вельмі разнастайныя, кожная ВНУ імкнецца даць сваім абітурыентам як мага больш інфармацыі. Так, напрыклад, дзень адчыненых дзвярэй у БДУ пачаўся з урачыстага адкрыцця фестывалю. Гэта было цудоўнае шоу з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў. Найбольш уразілі выстава распрацовак навукоўцаў Белдзяржуніверсітэта, прэзентацыя паспяховых карпарацый і арганізацый, у якіх працуюць ранейшыя выпускнікі, “Твая паспяховая кар’ера пачынаецца ў БДУ” і брыфінг з удзелам рэктара ўстановы, акадэміка С. Абламейкі. Мерапрыемства старанна прадумалі, таму яно ўразіла і запомнілася. Мае аднакласнікі змаглі пакаштаваць смачны пламбір, які ў нас на вачах прыгатавалі крэатыўныя студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта, а я пазнаёмілася са студэнтам факультэта журналістыкі, на які збіраюся паступаць. Дзякуючы гэтаму камунікабельнаму і творчаму хлопцу, я пачула адказы на ўсе пытанні, якія мяне цікавілі.

Затым нас цёпла сустрэў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Адметная асаблівасць мясцовага “Кірмашу спецыяльнасцяў” — гэта максімальны ўлік запытаў і пажаданняў абітурыентаў, іх родных. Варта зазначыць, што мерапрыемству надалі практыка-арыентаваны накірунак. Праходзіла маштабная прэзентацыя факультэтаў, дзе будучыя абітурыенты атрымалі поўную інфармацыю пра спецыяльнасці, сустрэліся з выпускнікамі і наймальнікамі з ліку буйных прадпрыемстваў і арганізацый краіны.

Апошнім мы наведалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Дарэчы, шмат маіх аднакласнікаў-хлопцаў плануюць паступаць менавіта сюды. Тут мы пабачылі старт праекта “#ЯўБДУІР: стань студэнтам на адзін дзень”, узнагароджанне пераможцаў алімпіяды БДУІР-2016-2017, пачулі выступленні намесніка дырэктара адміністрацыі А. Марцінкевіча і адказнага сакратара прыёмнай камісіі.

За час экскурсіі на некалькі гадзін мы акунуліся ў атмасферу свята, шмат даведаліся аб студэнцкім жыцці, факультэтах і спецыяльнасцях, а галоўнае — атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні. Самыя вострыя сярод іх тычыліся працаўладкавання пасля заканчэння ўніверсітэта, памеру стыпендый, наяўнасці месцаў у інтэрнаце. Лічу, што падобныя паездкі вельмі дапамагаюць моладзі вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Па дарозе дахаты папыталася пра ўражанне і ў сваіх аднакласнікаў.

Лізавета Чулькіна:

— Для мяне паездка была цікавай, але галоўнае — патрэбнай. Дзякуючы жывым размовам са студэнтамі і выкладчыкамі, мы атрымалі карысную інфармацыю, якая нам вельмі спатрэбіцца.

Анастасія Балькоўская:

— Для мяне, як для будучай абітурыенткі, паездка была карыснай. Дзякуючы ёй я акунулася ў студэнцкае жыццё, даведалася шмат цікавага пра факультэт, на які збіраюся паступаць, і пра прыярытэтныя для мяне спецыяльнасці. Лічу, што кожны старшакласнік павінен пабыць на дні адчыненых дзвярэй у мяркуемай для паступлення навучальнай установе.

Марыя Баклага:

— Паездка спадабалася, бо ў нас была магчымасць асабіста паразмаўляць са студэнтамі, пачуць іх уласнае меркаванне наконт навучання. Я ўбачыла іх людзьмі, поўнымі энтузіязму, жадання навучыць чаму-небудзь іншых. Асабліва мяне ўразіў Белдзяржуніверсітэт з яго разнастайнасцю факультэтаў. Гэта “падарожжа ў будучыню” запомню надоўга.

Напрыканцы паездкі нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз ад настаўнікаў — наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны. У час экскурсіі мы нібыта трапілі ў мінулае, усвядомілі ўвесь жах таго часу, даведаліся аб героях, пабачылі ранейшую зброю і ваенную тэхніку.

Паездка пакінула шмат яркіх уражанняў. Дзякуем нашым класным кіраўнікам  за магчымасць “сустрэцца” з будучай прафесіяй і “зазірнуць” у мінулае.

В. ЛАМАКА,

удзельніца гуртка “Юны журналіст” СШ №3 г. Дзятлава

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации