На ўчастку для галасавання № 3 у аграгарадку Гезгалы ў асноўны дзень па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вельмі шматлюдна. Актыўна галасуюць людзі розных узростаў, пары, сем’і. Выбаршчыкі прыходзяць з добрым настроем, ахвотна дзеляцца ўражаннямі.



Упершыню галасуе на выбарах студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Барабан. У роднай Гезгалаўскай школе яна зрабіла важны жыццёвы крок, на памяць аб гэтым дні атрымала падарунак ад дзяржавы.

– Толькі што здала сесію і вырашыла, што свой першы голас хачу аддаць на малой радзіме, побач з сям’ёй у роднай школе. Для мяне гэта вялікая падзея, сапраўднае свята. Планую і далей хадзіць на выбары: прыйшоў час нам быць актыўнымі грамадзянамі і клапаціцца аб сваёй краіне. Усім равеснікам жадаю абавязкова галасаваць, не ўпускаць такі шанц, таксама актыўна ўдзельнічаць у іншых важных мерапрыемствах, вучыцца, працаваць і проста атрымліваць задавальненне ад жыцця ў нашай прыгожай добрай краіне.



Ірына Дрога па традыцыі прыйшла галасаваць разам з сынам-школьнікам.

– Сёння на выбарах я разам з сынам Міхаілам, бо гэта падзея важная для нашай сям’і. Хацела паказаць яму працэс галасавання, каб ён гадаваўся сапраўдным адказным грамадзянінам сваёй краіны. Для мяне і маёй сям’і важная наша будучыня, дабрабыт. Выканалі адказную справу, цяпер можна адпачыць: зрабіць пакупкі ў буфеце і паслухаць канцэрт.


Святлана Ізмайлава нядаўна пераехала ў Гезгалы і прыйшла выканаць свой грамадзянскі абавязак разам з мужам Уладзімірам Ільічовым.

– Гэтым разам галасую на выбарах толькі я, муж – грамадзянін Расійскай Федэрацыі, таму пакуль падтрымлівае маральна. Тры дні таму я тут прапісалася і прыйшла разам з усёй краінай зрабіць выбар за ўпэўненую будучыню і моцную Беларусь. Нават сямігадовая ўнучка сёння мне нагадала: бабуля, на выбары ісці трэба абавязкова. Настрой выдатны, святочны. Усім жадаю мірнага неба, дабрабыту. У нас самая лепшая краіна, трэба толькі цаніць гэта і развіваць.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Президент #Выборы