Хто такія абаронцы Айчыны і ці ўсе могуць насіць гэтае ганаровае званне, высвятлялі ў дзіцячым садку № 1 горада Дзятлава. Там прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да свята ўсіх мужчын, якое адзначаюць 23 лютага.

Многія таты былі салдатамі, і яны могуць пра гэта расказаць. Успамінамі пра сваю службу ў арміі падзяліўся член раённага і абласнога Саюза афіцэраў, падпалкоўнік запасу, тата адной з выхаванак садка Аляксандр Камароў, якога запрасілі ў госці да дзяцей. Маленькія непаседы ўважліва і з цікаўнасцю слухалі ваеннага, які прыйшоў да іх у сапраўднай форме, ды яшчэ і з узнагародамі.

Аляксандр Уладзіміравіч расказаў, што, калі ён быў маленькі, таксама хадзіў у гэты ж дзіцячы сад і марыў стаць лётчыкам. Яго вайсковая служба пачалася ў аўтамабільных войсках у арміі, а пасля ён паступіў у ваеннае вучылішча.

– Тут нас вучылі страляць, нават з пушкі і танка, ездзіць на ваенных машынах, прыходзілася шмат фізічна трэніравацца, небходна было вельмі старанна займацца, – адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч. – Пасля вучобы я служыў у элітных войсках – армейскай разведцы. Каб стаць добрым салдатам, афіцэрам, трэба паспяхова вучыцца, быць законапаслухмяным і смелым. Не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі могуць быць ваеннымі. Можа, хто-небудзь з вас таксама захоча стаць абаронцам Айчыны. Жадаю вам поспехаў у гэтым, а ўсім хлопчыкам – быць сапраўднымі абаронцамі сваіх блізкіх людзей, заўжды прыходзіць на дапамогу слабым.

Каб насіць ганаровае званне абаронцы, неабходна быць смелымі, мужнымі, моцнымі. Дзеці паказалі, ці здольныя яны на гэта, у час вясёлых ваенных вучэнняў – спартыўнай эстафеты.

Хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі, як неабходна паводзіць сябе ў час баявой трывогі, папаўнялі склад боепрыпасаў, дапамагалі баявому таварышу, пабывалі кавалерыстамі, гатавалі салдацкія стравы. Усе вельмі стараліся – і перамагло сяброўства.

– Вы сапраўды даказалі, што зможаце быць сапраўднымі абаронцамі Айчыны, служыць у арміі, абараняць і берагчы нашу Радзіму, – зазначыла напрыканцы сустрэчы вядучая.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации