Для Ніны Мікалаеўны і Івана Іванавіча Стэльмахаў з вёскі Ахонава кастрычнік адметны не толькі Днём пажылых людзей. Сёлета гэтая пара адзначыць сваё брыльянтавае вяселле — шасцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.

Пазнаёміліся яны на вясковых танцах у Ахонаве, куды са сваімі сяброўкамі прыходзіла Ніна з суседніх Клішавічаў. Яна была адной з чатырох сясцёр у шматдзетнай сям’і, якая ў гады вайны засталася без бацькі. Дочак гадавалі маці і бабуля.

Іван таксама рана спазнаў горкі смак сіроцкай долі — у 1941 годзе ад хваробы памёр бацька. Івану тады было толькі восем гадоў. Тым не менш, ужо ў такім узросце на яго плечы ляглі нялёгкія жыццёвыя і гаспадарчыя клопаты.

Іх цяжар спазнала і Ніна. Каб дапамагчы маці, зарабіць грошы дзяўчына навучылася шыць. За справу прымалася на золку — у чатыры
гадзіны раніцы. Стамляліся і балелі вочы. Каб трохі зняць боль, дзяўчына клала на іх анучку, змочаную ў халоднай вадзе. Адпачне трохі — зноў за работу.

Спачатку са старой вопраткі Ніна шыла буркі на ногі. Сур’ёзна справу швачкі і краўчыхі дзяўчына вывучала ў майстрыхі з Наваельні. Курсы доўжыліся толькі чатыры месяцы: за большы перыяд навучання сям’я не магла заплаціць. А плата была вялікая — пуд жыта або грэчкі за месяц. Тым не менш, і такое кароткачасовае навучанне стала для Ніны Мікалаеўны лёсавырашальным — дваццаць шэсць гадоў яна адпрацавала ў Ахонаўскім пункце бытавога абслугоўвання, была адной з лепшых швачак, неаднаразова яе імя змяшчалі на Дошку гонару.

Іван Іванавіч працаваў у калгасе — камбайнерам, вадзіцелем, механізатарам. Перад выхадам на пенсію працаваў на пілараме. Шмат клопатаў чакала і дома — была вялікая гаспадарка. Калі падраслі дзеці, ужо яны дапамагалі сваім бацькам.

Вяселле Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна згулялі ў 1954 годзе. Шлюб зарэгістраваў сакратар сельскага савета. На Ніне была белая сукенка, у якой выходзіла замуж яшчэ адна з сясцёр. У маладой пары было жаданне і абвянчацца. Аднак тагачасныя ўлады, даведаўшыся пра гэта, забралі коней, на якіх жаніх і нявеста, іх сваякі меркавалі ехаць у Марозавічы. Там у тыя гады дзейнічала царква, паколькі храм у Ахонаве згарэў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер у вёсцы царква зноў дзейнічае. Пабудавана яна дзесьці пятнаццаць гадоў таму. Непасрэдны ўдзел у яе аднаўленні прымаў Іван Іванавіч. А вось Ніна Мікалаеўна заўсёды імкнецца наведаць храм Божы, каб памаліцца за свайго мужа, дзяцей, унукаў.

Ніна Мікалаеўна і Іван Іванавіч выгадавалі двух сыноў — Аляксандра і Віктара, маюць трох унукаў. Нявесткі — з Данецкай і Бранскай абласцей. У свой час Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна ездзілі туды наведаць сваіх сватоў — на ўласных “Жыгулях”.

Гэта не адзіныя падарожжы за “мяжу”. На працягу двух тыдняў Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна гасцявалі ў стрыечнай сястры Івана ў Кіеве. Разам з іншымі вясковымі жанчынамі Ніна ездзіла на цягніку і ў Ленінград, Маскву — прадаваць сушаныя грыбы, вішні. Неяк за заробленыя грошы купіла сабе кавалак моднага па тых часах крамплену. Пашытая з яго ўласнымі рукамі сукенка яшчэ і сёння захоўваецца Нінай Мікалаеўнай. Шэсцьдзясят гадоў расце ў доме і аспарагус, расток якога некалі дала Ніне яе мама — “у пасаг”.

Спачатку кветка ўпрыгожвала дом мужа — менавіта там першыя гады жыла маладая сям’я. Хата знаходзілася на хутары, амаль ля Боцкавічаў, што было нязвыкла для Ніны Мікалаеўны. У Ахонава сям’я пераехала толькі праз дзесяць гадоў.

Тады, у гады іх маладосці, узгадваюць Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна, у Ахонаве было шмат жыхароў, моладзі. Працавала школа, у якой вучыліся іх сыны. Абодва яны пасля школы паспяхова паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, скончылі іх, знайшлі сваю дарогу ў жыцці. Цяпер ужо разам са сваімі сем’ямі яны прыязджаюць у родны куток, каб праведаць бацькоў, дапамагчы ім па доме і няхітрай гаспадарцы. Кожны прыезд дзяцей — доўгачаканы падарунак для Ніны Мікалаеўны і Івана Іванавіча. І на іх брыльянтавае вяселле, калі ўся сям’я збярэцца разам у бацькоўскім доме, гэта будзе сапраўднай радасцю. Шчырай. Вялікай. Неабходнай.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота аўтара

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации