Не кожны настаўнік можа пахваліцца тым, што ў скарбонцы яго працоўных узнагародаў ёсць Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сёлета на жнівеньскай педагагічнай нарадзе гэтую высокую ўзнагароду атрымала таленавіты педагог з 34-гадовым стажам, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №1 г. Дзятлава Ірына Уладзіміраўна Дарафейчык. Таксама ў ліку яе апошніх прафесійных дасягненняў — дыплом І ступені за ўдзел у сёмым рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” і спецыяльнае месца журы Міжнароднага конкурсу “Энергія і навакольнае асяроддзе”. Напярэдадні Дня настаўніка карэспандэнтка газеты сустрэлася з І. У. Дарафейчык, каб пацікавіцца сакрэтамі яе поспехаў.

— Ірына Уладзіміраўна, як вы ішлі да вяршыняў прафесійнага майстэрства?
— Лічу, што быць паспяховым педагогам мне дапамагаюць любоў да абранай справы і працоўны вопыт. Калі ёсць вопыт і жаданне, будуць і дасягненні.

Мой шлях у прафесію пачаўся яшчэ ў пятым класе, калі мы прыйшлі на першы ўрок англійскай мовы да Усціна Іванавіча Орсы, я была ў поўным захапленні ад заняткаў і вырашыла для сябе, што абавязкова стану настаўніцай. Скончыўшы школу, паступіла ў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моваў. На той час наш інстытут па паспяховасці быў лідзіруючым у Савецкім Саюзе. Вучылася старанна, каб атрымаць грунтоўныя веды, прымала актыўны ўдзел у грамадскіх справах, была членам студэнцкага навуковага таварыства. Таму пасля заканчэння вучобы атрымала шэраг цікавых прапановаў і мела магчымасць застацца ў Мінску. Аднак адмовілася, бо не хацела жыць у вялікім шумным горадзе, ды і працаваць імкнулася толькі настаўніцай. А таму ў 1980 годзе вярнулася ў родны раён і трапіла ў калектыў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, дзе працую і сёння.

Прайшоў не адзін дзясятак гадоў, і я адчуваю, што зрабіла правільны выбар. Люблю дзяцей, раблю ўсё магчымае, каб навучць іх таму, што ведаю сама. На ўроках вялікую ўвагу надаю не толькі навучанню, але і выхаванню школьнікаў. Выхаваць дзяцей чалавечнымі, гарманічнымі, працалюбівымі — гэта таксама вельмі важна для нашага грамадства і з’яўляецца адной з галоўных задач педагога. Я заўжды гэта разумела і 18 гадоў адпрацавала намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце.

— Якімі наогул бачыце сваіх вучняў?
— Для мяне дзеці — найвялікшая каштоўнасць, таму я і пайшла ў педагогіку. У кожным дзіцяці бачу асобу: усе яны такія розныя, са сваімі поглядамі, звычкамі, жыццёвай пазіцыяй. Мая задача — знайсці “ключык” да кожнага з вучняў, заўважыць і развіць іх таленты. А яшчэ я заўжды стараюся ісці на ўрок з усмешкай, несці ў клас добры настрой. Ад усмешкі ладзіцца работа, заняткі становяцца цікавейшыя. А таму і ў рабоце з вучнямі, і ў рабоце з калегамі варта быць настроеным на пазітыў — гэта залог поспеху.

Як настаўнік, я вельмі патрабавальная да сябе: пастаянна знаходжуся ў творчым пошуку, займаюся самаадукацыяй, вырашэннем тых ці іншых педагагічных праблем. Я адпрацавала шмат гадоў, але не памятаю, каб ішла на ўрок з адным і тым жа планам. Нават паралельныя класы па паспяховасці адрозніваюцца паміж сабой, і я стараюся ўлічваць гэта ў сваёй рабоце.

— Хто дапамагаў вам у прафесійным станаўленні?
— Калі я прыйшла ў школу, то сустрэла тут нераўнадушны калектыў, зацікаўлены дапамагчы кожнаму стаць добрым педагогам, выконваць сваю работу старанна, адказна, добрасумленна, якасна. І сёння шчырыя словы падзякі за тое, што я рэалізавала сябе ў прафесіі, хачу сказаць сваім старэйшым калегам: Яўгеніі Рыгораўне Савань, Ядвізе Аляксандраўне Кійко, Вользе Канстанцінаўне Галадновай, Арцеміі Міхайлаўне Чурыла.

Наогул, мне пашанцавала не толькі з прафесіяй, але і з установай: нават цяпер, калі тут памянялася адміністрацыя і ў школу прыйшло маладое пакаленне педагогаў, наш калектыў па-ранейшаму застаецца дружным і творчым. Мне не даюць “засумаваць”, спыніцца на дасягнутым, пастаянна падштурхоўваюць да актыўнай дзейнасці, да ўдзелу ў разнастайных праектах і конкурсах. Я ўвесь час адчуваю сябе запатрабаванай, і гэта важна, бо калі на цябе спадзяюцца, калі ёсць падтрымка, то і работа ідзе плённа, і вынікі будуць. Лічу, што ў нашай школе створаны ўсе неабходныя ўмовы для творчага росту педагогаў.

— І гэта спрыяе таму, што вы займаецеся не толькі педагагічнай, але і навуковай дзейнасцю?
— Навуковая дзейнасць захапіла мяне яшчэ ў студэнцкія гады. Тады на занятках па пазакласным чытанні мы праходзілі “Сагу аб Фарсайтах”, неабходна было прааналізаваць, якія мастацкія сродкі выкарыстаў аўтар. Мяне зацікавіла гэтая тэма, і паколькі ў інстытуце правесці такі аналіз мы не паспелі, пасля заняткаў я накіравалася ў бібліятэку імя А. Пушкіна. Напрацоўкі перараслі ў сур’ёзную курсавую работу, пасля абароны якой мяне і запрасілі ў студэнцкае навуковае таварыства.

Ужо працуючы ў школе, я не толькі вяла ўрокі, але і старалася рэалізаваць некаторыя свае ідэі. Так, мы з вучнямі арганізавалі клуб інтэрнацыянальнага сяброўства, перапісваліся са школьнікамі з іншых краін. У 1993 годзе, калі я стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, актыўна ўключылася ў даследніцкую дзейнасць. Па прапанове Ядвігі Аляксандраўны Кійко ў 1994 годзе наш школьны музей імя Я. Фогеля перааформілі ў “Музей гісторыі Дзятлава”. Каб папоўніць яго новымі экспанатамі, у работу ўключылі ўвесь калектыў школы. Даведаліся шмат цікавай гістарычнай інфармацыі, нават знайшлі газеты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, пошукавая работа — вельмі дзейсны сродак патрыятычнага выхавання школьнікаў. У свой час раённы аддзел адукацыі прапанаваў нам стаць рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па краязнаўстве. Тады ў школе быў распрацаваны інавацыйны праект, аўтарам якога я з’яўлялася, “Укараненне аўтарскай мадэлі выхавання школьнікаў у працэсе краязнаўчай дзейнасці”. Крыху пазней навуковы кансультант праекта, начальнік выхаваўчай работы Нацянальнага інстытута Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Канстанцінаўна Катовіч прапанавала нам прадоўжыць работу ў інавацыйным рэжыме на другім этапе даследвання і распрацаваць новы праект. Яго тэма гучала так: “Укараненне ацэнкі якасці выхавання ў краязнаўчай дзейнасці”. Мы адсочвалі, як краязнаўства ўплывае на станаўленне вучняў як асобаў і грамадзян.

Летась школьны музей зноў быў пераформлены, цяпер у “Музей гісторыі Дзятлаўшчыны”, а гэта значыць кола пошукаў пашырылася. Сёлета збіраемся афармляць новую экспазіцыю, прымеркаваную да 70-годдзю Вялікай Перамогі. Мне прапанавалі стаць каардынатарам праекта.

Што тычыцца тэмы энергазберажэння, то прыняць прапанову я вырашыла таму, што мой муж і мае дзеці — энергетыкі. Дома яны часта абмяркоўваюць праблемы, якія тычацца прафесіі, у гэтых абмеркаваннях прымаю ўдзел і я. А таму была ўпэўнена, што родныя падтрымаюць мяне, дапамогуць парадамі. Вынік нашага супрацоўніцтва — дыплом І ступені за ўдзел у сёмым рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”. Мне прапанавалі сёлета зноў прыняць у ім удзел, але ўжо ў намінацыі “Лепшы педагог па энергазберажэнні”. Паколькі ёсць новыя ідэі, думаю, прыму і гэтую прапанову.

— Ірына Уладзіміраўна, ці перадаяце працоўны вопыт маладым?
— З першых дзён работы ў школе я імкнулася быць для дзяцей старэйшым памочнікам, дарадцай, кансультантам. А таму многім вучням падабаецца англійская мова, некаторыя з іх удзельнічалі ў алімпіядах або выбралі прафесіі з веданнем замежнай мовы. Гэта Таня Крывеня, Вераніка Вілісава, Аксана Навічэнкава, Лера Казарэз, Вольга Калюцік, Кацярына Шыцько. У школе я з’яўляюся кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы і заўжды дапамагаю тым, хто да мяне звяртаецца. Лічу гэта сваім прафесійным абавязкам. З дапамогай Інтэрнэту актыўна дзялюся вопытам з іншымі педагогамі, ды і сама пераймаю ў іх лепшыя ідэі. Як вядома, у нашай рабоце важна не замыкацца ў сабе, не спыняцца на дасягнутым.

— А чаго пажадаеце калегам да прафесійнага свята?
— Моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, добрых вучняў, каб кожны працоўны дзень прыносіў радасць, каб у клас яны спяшаліся са шчырай усмешкай, каб школа для іх, як для мяне, стала другім домам.

І. КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

10 февраля, 2025
 О контроле за потребительским рынком
О государственных пособиях семьям, воспитывающим детей
Следующая новость

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации