Раённы конкурс фотаздымкаў пад такой назвай прайшоў у рамках акцыі “Бацькі – гэта таксама прафесія”, прымеркаванай да Тыдня бацькоўскай любові.
Ён быў арганізаваны аддзелам адукацыі райвыканкама, сацыяльна-педагагічным цэнтрам горада Дзятлава з удзелам раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” для выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу, прыёмных і апякунскіх сем’яў.

Як расказала намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці – загадчыца дзіцячым сацыяльным прытулкам Алена Капковіч, праводзіўся ён з мэтай папулярызацыі вобраза жанчыны-маці, мацярынства, сямейных каштоўнасцяў, паважлівых адносінаў да жанчыны, а таксама выяўлення і падтрымкі творчага патэнцыялу ў дзяцей, прыцягнення ўвагі грамадскасці да ролі прыёмных бацькоў, апекуноў, папячыцеляў, бацькоў-выхавальнікаў, якія дораць дзецям свае клопат і цяпло.
Выхаванцы замяшчальных сем’яў прынялі актыўны ўдзел у творчых спаборніцтвах. Кожная работа была напоўнена шчырасцю, цеплынёй і адрознівалася арыгінальнасцю. Юныя фатографы творча падышлі да задання і не проста адлюстравалі моманты паўсядзённага жыцця, а пастараліся праз аб’ектыў перадаць усю глыбіню эмоцый, якія звязваюць іх з самымі дарагімі людзьмі. Кожны фотаздымак стаў сваоеасаблівым прызнаннем у любові жынчыне-маці – захавальніцы хатняга ачага і галоўнай настаўніцы ў жыцці дзіцяці.

Ацэньваючы работы, члены журы адзначылі высокі ўзровень мастацкага майстэрства ўдзельнікаў і разнастайнасць сюжэтаў. Пераможцы вызначаны ў некалькіх намінацыях: лідарамі намінацыі “Мама – мой свет” сталі Крысціна Русакевіч, навучэнка Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна і Іван Лашкоўскі з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук. У намінацыі “Жанчына-творца” лепшым прызнаны фотаздымак Сямёна Аляксандрава з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Перамогу ў намінацыі “Цяпло сямейнага ачага” атрымала Дар’я Ёрш з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Пераможцам будуць уручаны дыпломы і памятныя падарункі ад арганізатараў конкурсу.
Аднак, як было адзначана, галоўнай узнагародай для кожнага юнага фатографа стала магчымасць праз фотаработы выказаць сваю ўдзячнасць жанчынам, якія падарылі ім сямейнае цяпло.
– Падобныя конкурсы іграюць важую ролю ў фарміраванні ў падрастаючага пакалення паважлівых адносінаў да сямейных традыцый і каштоўнасцяў, – зазначылі члены журы. – Мы ўбачылі, наколькі таленавітыя нашы дзеці, як яны цэняць клопат і любоў сваіх замяшчальных бацькоў. Гэта яшчэ раз даказвае, што бацькоўства – сапраўды важная і адказная прафесія, якая патрабуе вялікай душэўнай шчодрасці.
Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины