У горадзе Полацку, праваслаўнай жамчужыне нашай краіны, прайшоў маштабны форум “Размова пра важнае: шчаслівая сям’я – моцная дзяржава”, які сёлета набыў міжнародны статус, быў прымеркаваны да Дня маці і свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Удзел у ім прымалі парламенцкія дэлегацыі Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, прадстаўнікі Савета Рэспублікі на чале са старшынёй Наталляй Качанавай, таксама былі запрошаны сем’і-фіналісты – удзельніцы конкурсу “Сям’я года-2026”, сярод якіх дзятлаўчане Андрэй і Вольга Ляхі – пераможцы намінацыі “Захавальнікі традыцый”.

Андрэй Барысавіч і Вольга Міхайлаўна падзяліліся ўражаннямі:
– Мы сталі часткай маштабнай падзеі – IV Міжнароднага форуму “Размова пра важнае: шчаслівая сям’я – моцная дзяржава”. Сэрцам сустрэчы быў Сафійскі сабор у Полацку, дзе праходзіла пленарнае пасяджэнне. У першы дзень пабывалі ў Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыры – гэта месца з асаблівай, светлай атмасферай. Там адбылася сустрэча з Наталляй Качанавай і Мітрапалітам Веніямінам.

Сама паездка ў старажытны Полацк – ужо падарунак, а магчымасць быць часткай такога значнага дыялога – бясцэнная.
Галоўнае, што прагучала на форуме: сямейныя каштоўнасці ляжаць у аснове здаровага грамадства і працвітаючай дзяржавы. Гэта любімы бацькоўскі дом, які пабудаваны на падмурку ўвагі і ўзаемнай падтрымкі”. Наталля Іванаўна падкрэсліла, што наша агульная сацыяльная місія – гаварыць з моладдзю аб каштоўнасці традыцыйнай сям’і, перадаваць падрастаючаму пакаленню гэтыя арыенціры. Таксама было важна пачуць, што сямейная палітыка – сацыяльны брэнд Беларусі.
Варта ўзгадаць, што адзін са спікераў з захапленнем адзначыў мужнасць беларускіх мужчын, якія адважыліся на правядзенне Года беларускай жанчыны (з жартоўным падтэкстам).

Запомніліся словы Наталлі Іванаўны: “Сям’я – гэта не нешта абмяжоўваючае, і не варта адкладваць жыццё і нараджэнне дзяцей. Маючы сям’ю, можна развівацца”. Старшыня Савета Рэспублікі пажадала, каб кожны знайшоў сваё шчасце ў сям’і, бо дзіцяці патрэбны мацярынскі клопат і бацькоўская адказнасць.
На форуме мы былі не проста слухачамі, а ўдзельнікамі адкрытага дыялога. Наша сям’я далучылася да абмеркавання, мы выказалі свае пажаданні і ідэі. Такія форумы не проста афіцыйныя мерапрыемствы, а жывая размова, дзе адчуваеш, што ты не адзін са сваімі клопатамі і пытаннямі. Гэта пляцоўка, дзе сем’і могуць быць пачуты першымі асобамі дзяржавы, гэта падтрымка і разуменне, што нашы каштоўнасці не састарэлыя, а аснова асноў, і гэты зарад упэўненасці мы прывезлі дамоў.

Вельмі рады, што трапілі на мерапрыемства. Удзячныя за давер і магчымасць прадставіць сваю сям’ю на такім узроўні. Вялікі гонар – стаяць побач з людзьмі, якія шчыра зацікаўлены ў будучыні нашых дзяцей і краіны. Заадно мы пазнаёміліся з цудоўнымі людзьмі і абавязкова будзем падтрымліваць сувязь.
Ірына СТЫРНІК
Фота Андрэя і Вольгі ЛЯХАЎ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины