Мінулы год адзначыўся насычанай выніковай работай у сферы сельскай гаспадаркі.
Анамальнае пераменлівае надвор’е стала для аграрыяў раёна сапраўдным выпрабаваннем, прымусіўшы іх прымяніць не толькі свае веды, вопыт і рэсурсы, каб атрымаць дастойны ўраджай, нарыхтаваць дастатковую колькасць якасных кармоў. Перад жывёлагадоўляй раёна стаяла задача не здаць высокія пазіцыі і памножыць вынік. Пры гэтым – ісці ў нагу з часам, пастаянна мадэрнізуючыся. Аб тым, наколькі атрымалася выканаць пастаўленыя задачы, на мове лічбаў расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка:
– Аграрыі раёна ў 2025 годзе паказалі дастойныя вынікі. Значныя поспехі дасягнуты ў галіне раслінаводства: валавы збор збожжавых культур з кукурузай і рапсам склаў 97 тысяч тон. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур павялічылася на 7,2 ц/га і склала 41,3 ц/га. Сабрана 11 тысячы тон алейнага насення рапсу, 43,6 тысячы тон цукровых буракоў, 3 тысячы тон бульбы. Важкія дасягненні ў 2025 годзе мелі вытворцы льнопрадукцыі: было нарыхтавана 2815 тон ільновалакна (202,1 % да 2024 года) з сярэдняй ураджайнасцю 18,7 ц/га, сярэдні нумар ільнотрасты – 1,21. З агульнага аб’ёму нарыхтоўкі льнотрасты 86,7 % выканала ААТ “Дварэцкі льнозавод”, сярэдні нумар ільнотрасты на якім склаў 1,30.
Сельскагаспадарчыя арганізацыі правялі зладжаную работу па нарыхтоўцы кармоў з траў. План быў выкананы на 104 %. На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 35,4 цэнтнера кармавых адзінак.
У 2025 годзе захавалася станоўчая дынаміка ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Па выніках года работнікамі галіны забяспечаны рост вытворчасці малака – 109,4 %, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы – 103 %, прадукцыі вырошчвання свіней – 107,1 %. Надой малака на карову склаў 7547 кілаграмаў. Больш за 9 тысяч кг малака атрымана ў ААТ “Граніт-Агра”, больш за 7 тысяч кг малака – у СГФ “АграМілк”, КСУП “Хвінявічы”, КСУП “Жукоўшчына”, ТАА “РоданАграПол”. Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы склала 677 грамаў, свіней – 517 грамаў.
Для паспяховага развіцця галіны жывёлагадоўлі, павелічэння вытворчасці прадукцыі штогод ажыццяўляецца будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю малочнатаварных комплексаў. Не выключэннем стаў і 2025 год, у якім завершана будаўніцтва двух цялятнікаў, памяшкання сухастою і навеса для цялят пры аграгарадку Раготна коштам больш за 16 мільёнаў рублёў, у СГФ “АграМілк” – будынак цэха сухастою ў вёсцы Засецце на 300 галоў, там жа распачата рэканструкцыя малочнатаварнай фермы.
Штогод машынна-трактарны парк сельскагаспадарчых арганізацый абнаўляецца новай высокапрадукцыйнай тэхнікай. У 2025 годзе сельскагаспадарчыя арганізацыі набылі 62 адзінкі сельгасмашын і абсталявання на суму 10,7 мільёна рублёў. Камбайнавы парк папоўніўся збожжаўборачнымі камбайнамі вытворчасці ААТ “Гомсельмаш”, набыты кормаўборачны камбайн FS-80, 3 трактары, 2 аўтамабілі МАЗ-650128 з прычэпамі, 5 самаходных паўпрычэпаў вытворчасці ААТ “Воранаўская сельгастэхніка”, запушчана новая даільная ўстаноўка “Паралель”, іншая сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне.
У 2025 годзе забяспечаны рост выручкі ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, работ і паслуг на 17,8 %, за 11 месяцаў 2025 года выручка склала 131,5 мільёна рублёў. Палепшыліся фінансавыя вынікі, усе сельскагаспадарчыя арганізацыі паказалі прыбытковую работу. Чысты прыбытак за студзень-лістапад 2025 года склаў 18,2 мільёна рублёў, рэнтабельнасць – 17,5 %. Сярэднямесячная заработная плата работнікаў сельскагаспадарчай галіны ў 2025 годзе ўзрасла на 22,7 %.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае