Пакуль большасць школьнікаў адпачывае ў час вялікіх летніх канікулаў, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, выхаванка Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Вікторыя Яраш ставіць новыя асабістыя рэкорды ў спорце.

Літаральна ў чэрвені яна стала пераможцай рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, якая прайшла ў Магілёве, а ўжо на пачатку ліпеня паспяхова прадставіла Дзятлаўшчыну ў Брэсце на адкрытым першынстве Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. Вікторыя расказала, як прыйшла ў спорт і якое месца ў жыцці дзяўчыны ён займае:

– Захапляюся гэтым відам з трэцяга класа, апошнія чатыры гады – пад кіраўніцтвам трэнера Аксаны Мечыславаўны Афанасенкавай. А пачыналася ўсё таго, што я прыйшла за кампанію са сваёй сяброўкай на трэніроўку і засталася, мне тут вельмі спадабалася. Напачатку падрыхтоўка для ўсіх была аднолькавай, а ўжо з пятага класа я вызначылася з кірункам – скачкі ў вышыню і бег 60 метраў з бар’ерамі.

– Які твой асабісты рэкорд і колькі трэба трэніравацца, каб стаць чэмпіёнам?

– За гады, пакуль займаюся лёгкай атлетыкай, я не раз станавілася пераможцай і прызёрам абласных спаборніцтваў, маю шмат узнагарод. Не так даўно ўдалося добра праявіць сябе і на рэспубліканскіх стартах. Свой найлепшы вынік я паказала на нядаўняй рэспубліканскай спартакіядзе – узяла вышыню 165 сантыметраў, гэта рэкорд у межах нашай спартыўнай школы. На працягу навучальнага года трэніруюся пяць разоў на тыдзень, летам былі трэніроўкі па чатыры разы. Цяпер да восені будуць канікулы і адпачынак.

– Ці проста сумяшчаць вучобу ў агульнаадукацыйнай школе і заняткі спортам?

– З кожным годам нагрузка па вучэбных прадметах павялічваецца, таму часам бывае крыху складана. Наступны год адказны: у дзявятым класе мяне чакаюць экзамены, да якіх трэба будзе добра рыхтавацца. Але спартыўную школу ўсё адно буду наведваць.

– Хто падтрымлівае ў спартыўных занятках?

– Самая важная група падтрымкі ў маім жыцці – гэта мае бацькі, яны заўжды побач, без іх я б не дасягнула такіх вынікаў. Мой любімы трэнер Аксана Мечыславаўна верыць у мяне, і я стараюся яе не падводзіць, для гэтага старанна трэніруюся. Дзякуючы заняткам спортам у мяне з’явілася шмат новых сяброў і знаёмых. Радуюся іх поспехам і імкнуся не адставаць.

– Ці ёсць свае рытуалы перад спаборніцтвамі?

– Асаблівых традыцый няма, галоўнае – актыўна трэніравацца і добра размінацца. Але калі выходжу з дому перад важнымі спаборніцтвамі, гляджу на сябе ў люстэрка і сама сабе кажу: “Ты зможаш, усё будзе добра”.

– На тваю думку, што самае важнае для паспяховага спартсмена?

– Зразумела, што без фізічных здольнасцяў і таленту не дасягнуць высокага выніку. Аднак усё вырашае дысцыпліна, якая фарміруе характар. За гады заняткаў я практычна ніколі не прапускала трэніроўку ні па якой прычыне, і гэта таксама паўплывала на вынік.

–  Якія твае мары і планы на будучыню? Ці звязаны яны са спортам?

– Бліжэйшы год дакладна буду займацца лёгкай атлетыкай, мару абараніць званне кандыдата ў майстры спорту, для гэтага трэба пераадолець вышыню ў 170 сантыметраў. Планаў паступаць у профільную спартыўную навучальную ўстанову пакуль не маю, але ўжо цяпер ведаю, што дзе б я ні была, са спортам не развітаюся.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара, Вікторыі Яраш

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации