3 снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень інвалідаў.

– Дата была ўстаноўлена ў 1992 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН для актуалізацыі ў грамадстве праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, – расказала сацыяльны педагог Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Святлана Ранцэвіч. – Наша ўстанова забяспечвае стварэнне комплекснай сістэмы псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі асобам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і ажыццяўляе адукацыйную, у тым ліку ў рамках аказання ранняй комплекснай дапамогі дзецям ва ўзросце да трох гадоў, карэкцыйна-педагагічную, дыягнастычную, сацыяльную, метадычную, кансультатыўную і інфармацыйна-аналітычную дзейнасць, псіхалагічную дапамогу. За гэтымі задачамі – сотні гадзін працы, дзясяткі лёсаў выхаванцаў, цікавыя мерапрыемствы, праекты, перамогі. Аднак ніводнае дасягненне не было б магчымым без бацькоў нашых асаблівых дзетак. Пра іх мы стараемся расказваць як мага часцей. Паколькі для гэтага зноў выдалася аб’ектыўная нагода, сваім вопытам пераадолення жыццёвых цяжкасцяў падзяліліся дзве сям’і, дзе гадуюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.

Мама Крысціна, сям’я Бакей:

– Упершыню ўбачыўшы свайго сына я адчула непараўнальную пяшчоту, любоў, цеплыню, шчасце, аднак з самага яго нараджэння пачаліся і пераадоленні цяжкіх хваробаў, з-за якіх Андрэй не мог жыць як здаровыя дзеці. Даведаўшыся аб дыягназе, паабяцала сабе падарыць сыночку як мага больш клопату і ўвагі. Тады яшчэ не ведала, што сутыкнуся з горкімі крыўдамі, няспраўджанымі надзеямі, абыякавымі позіркамі. З першых гадоў жыцця Андрэйка наведваў заняткі ранняй комплекснай дапамогі ў Дзятлаўскім раённым ЦКРНіР, потым стаў выхаванцам дашкольнай групы, цяпер вучыцца дома, але мы застаёмся актыўнымі ўдзельнікамі жыцця ўстановы. Важнай на ўсіх этапах для мяне былі падтрымка бацькоў, іх жыццёвыя ўрокі, дзякуючы якім выстаяла ў хвіліны роспачы і адзіноты, дапамога спецыялістаў карэкцыйнага цэнтра, грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. Неспадзявана, калі сустрэла будучага мужа, надзейнага чалавека, які ўзяў на сябе адказнасць за жыццё і здароўе майго дзіцяці, прыйшло і сямейнае шчасце. Цяпер гадуем ужо траіх дзяцей. Яны крыніца радасці і натхнення. Шмат часу бавім разам, актыўна ўдзельнічаем у школьных конкурсах, сёлета дзяліліся вопытам на конкурсе “Сям’я года”, спаборнічалі ў адкрытым рэгіянальным фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. Мы займаем актыўную грамадзянскую пазіцыю, любім падарожжы па роднай Беларусі. У вольны час я пяку хлеб і іншае печыва, так здымаю напружанне. Ёсць у нас і яшчэ адна традыцыя – штогод саджаць на ўчастку пладовае дрэва як сімвал моцнай сям’і. Мы не дазваляем сабе любіць адно дзіця больш за другое, бо свята верым, што дзеці – не выпадковыя госці ў доме.

Сям’я Івашэвічаў:

– Для нас сям’я – крыніца, з якой чэрпаем сілы для жыцця. Пасля нараджэння першынца Данііла цвёрда вырашылі, што ў нас яшчэ будуць дзеці. Праз паўтара года пашанцавала: чакалі адразу двойню – хлопчыка і дзяўчынку. Яны нарадзіліся асаблівымі, быў пастаўлены дыягназ дзіцячы цэрэбральны параліч, устаноўлена інваліднасць. Любоў была настолькі бязмежнай, што мы з мужам адразу вырашылі – знойдзем шлях, каб Інэса і Ігнат сталі шчаслівымі. Пошукі былі доўгімі і складанымі. Дзеці часта бывалі ў бальніцах. Перад кожным сур’ёзным медыцынскім выпрабаваннем я друкавала іх фотаздымкі з пажаданнямі хуткага выздараўлення, да эстафеты дабра далучалася ўся наша вялікая радня. Я чытала шмат тэматычнай літаратуры, для падтрымання дзіцячага здароўя выкарыстоўвала прыродныя рэсурсы. Традыцыйнай стала сямейная практыка “карысны падарунак да дня нараджэння”, у выніку двайняты былі забяспечаны трэнажорамі, медыцынскім абсталяваннем, сучаснымі гаджэтамі. Значную падтрымку па паляпшэнні якасці жыцця дзяцей аказаў “Беларускі дзіцячы фонд”: дзякуючы іх дапамозе Інэсе і Ігнату правялі шэраг аперацый. Цяпер Ігнат ходзіць самастойна, Інэса – з дапамогай кійка і памочнікаў.

З дзяцінства двайняты ўключаны ў асяроддзе равеснікаў: наведвалі санаторную групу ў дзіцячым садку, вучыліся ў школе, гэтаму пасадзейнічала і рашэнне адміністрацыі па ўвядзенні педагагічнага работніка, які ажыццяўляў ім дапамогу ў перамяшчэнні па класах. Я настаўніца выяўленчага мастацтва, і з ранняга дзяцінства мы з дзецьмі шмат займаліся творчасцю, яшчэ яны наведвалі аб’яднанні па інтарэсах, з задавальненнем удзельнічалі ў рабоце школьнай тэатральнай студыі, сям’ёй мы адпраўляліся ў турыстычныя паходы і на экскурсіі па гістарычных мясцінах. Дзеці растуць сапраўднымі героямі. Яны вельмі працавітыя, старанныя. У нас ёсць галоўная фраза “мы зможам”, і, нягледзячы на ​перашкоды, усё пераадольваем разам, бо заўсёды побач вялікая сям’я, якая дае сілу, веру, надзею.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации