26 лютага ў раённым Доме культуры горада Дзятлава Аляксандр Саладуха прадставіць новую канцэртную праграму “Вернае сэрца”. Яна прымеркавана да выхаду ў свет аднайменнага, дзясятага па ліку, альбома выканаўцы. Выступленне ў нашым раёне стане 571-ым у насычанай гастрольнай кар’еры спевака. Які атрымаўся юбілейны дыск і чым будзе радаваць мясцовых гледачоў, Аляксандр распавёў газеце “Перамога” напярэдадні прыезду на Дзятлаўшчыну.

— Дыск “Вернае сэрца” пісаўся два гады – 2012-2013-ы, як і папярэдняя пласцінка, ён быў аранжыраваны і запісаны на маскоўскай студыі. У першым аддзяленні канцэртнай праграмы я прадстаўлю песні з новага альбома, у другім – залатыя хіты за 28 гадоў работы на прафесійнай сцэне. У перапынку мае сыны-двайняты Аляксандр і Антон прадставяць свой новы альбом пад назвай “Мы”. Усе жадаючыя змогуць пасля канцэрту ўзяць аўтограф, сфатаграфавацца са мной.
— Як даўно прэзентуеце “Вернае сэрца” ў Беларусі?
— Праграму ў падтрымку новага альбома мы пачалі “катаць”. Плануем гастраляваць з гэтай праграмай тры гады. Загалоўны канцэрт прэзентацыі адбыўся ў 8 сакавіка мінулага года на Мінск-Арэне. Вельмі прыемна, што гэты канцэрт запісваў канал “АНТ”, тэлеверсію гэтай праграмы транслюе на ўвесь свет расійскі канал “Шансон-ТБ”. З пачатку актыўнай гастрольнай дзейнасці гэта ўжо трэці вялікі мой тур па Беларусі, які пачаўся 20 кастрычніка 2006 года і дагэтуль не перапыняецца. Мінулы год мы завяршылі 555-ым канцэртам тура. За гэты час змяніліся 6 пласцінак – “Сотні кіламетраў да кахання”, “Любіць цябе, родная”, “Аляксандр Саладуха. Усяго толькі 50”, “Ты для мяне збялася”, “Берагі” і, нарэшце “Вернае сэрца”.
— Чаго чакаць вашым прыхільнікам пасля “Вернага сэрца”?
— У 2017 годзе я буду адзначаць два творчыя юбілеі – 30 гадоў на сцэне і чвэрць стагоддзя мегахіту “Здравствуй, чужая милая”. Мяркую правесці вялікі сольны канцэрт на мінскім стадыёне “Дынама”.
— Аляксандр, вы спявак рамантычнага вобраза. Ці прысутнічае ў вашай творчасці гумар?
— Безумоўна, куды ж без гумару? Калі мне прапаноўваюць паўдзельнічаць у нейкіх гумарыстычных праектах, з задавальненнем пагаджаюся. Гэта і ролік да Еўрабачання “Крылы матылька”, і відэа конкурсу “Рабі як Робі”, прымеркаванае да канцэрта Робі Уільямса, і пародыя на песню “Там, дзе спее вінаград”. Я не баюся быць смешным і ўмею пасмяяцца з сябе.
— Каго вы чакаеце на сваім канцэрце ў Дзятлаве?
— Я чакаю ўсіх сваіх прыхільнікаў. Чакаю нават тых, хто сумняваецца. Прыходзьце да мяне на канцэрт, і вы на свае вочы пабачыце, які сапраўдны Аляксандр Саладуха.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

About Author
administrator
View All Articles
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации