Пытанне: якія меры асабістай бяспекі на чыгунцы неабходна выконваць, каб засцерагчы сваё жыццё і маёмасць?
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Мікалай Філіповіч:
– На чыгунцы неабходна быць вельмі асцярожным: пераходзіць пуці толькі па спецыяльна абсталяваных пераходах; не перабягаць перад цягніком, які ідзе блізка; не падлазіць пад вагоны і не пералазіць праз аўтасчэпкі; знаходзіцца на бяспечнай адлегласці ад краю платформы ў час руху цягніка; нельга гуляць на платформах і паблізу пуцей; не бегчы побач з вагонам цягніка, які рухаецца; не карыстацца навушнікамі, тэлефонам, пераходзячы пуці; не пакідаць дзяцей без нагляду; ажыццяўляць пасадку і высадку толькі пры поўным прыпынку цягніка і з боку платформы; не высоўвацца з вокнаў вагонаў на хаду.
Каб зберагчы сваю маёмасць, карыстайцеся паслугамі аўтаматычных камер захоўвання багажу; дакументы, грошы, мабільныя тэлефоны, іншыя каштоўнасці трымайце пры сабе, не пакідайце без нагляду; насцярожана стаўцеся да прапаноў спадарожнікаў распіць спіртныя напоі або скарыстацца вашым мабільным тэлефонам; калі карыстаецеся прыгараднымі цягнікамі ў вячэрні і начны час, выбірайце добра асветленыя вагоны, у якіх ёсць пасажыры.
Паводле ч. 4 арт. 18.2 КоАП Рэспублікі Беларусь за праход па чыгуначных пуцях або знаходжанне на іх у месцах, не прызначаных для перасячэння, прадугледжаны штраф да дзвюх базавых велічыняў.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga