Пытанне: у адной з груп у сацсетках я даў аб’яву, што куплю б/у дэталь да аўтамабіля, на яе адгукнуліся, сказалі, што могуць выслаць. Я аплаціў на карту, але дэталь мне так і не прыйшла. Як мне быць у дадзенай сітуацыі?
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Ігар Сакольнік:
– Лепш было адразу адмовіцца ад пакупкі па перадаплаце. Ніколі і нікому не трэба пераводзіць грошы, не пераканаўшыся ў наяўнасці тавару і добрасумленнасці прадаўца. Зламыснікі расстаўляюць свае пасткі на гандлёвых пляцоўках, у раздзелах прыватных аб’яў і ў сацыяльных сетках. Але асабліва шмат іх у Instagram. Яны прывабліваюць ахвяр прыгожымі фатаграфіямі, часцей за ўсё ўзятымі з інтэрнэту, фіктыўнымі водгукамі і ацэнкамі тавараў і паслуг, нізкімі коштамі. Як правіла, патрабуюць унесці поўную або частковую перадаплату, якую трэба перавесці на карт-рахунак.
Каб абараніць сябе і свае грашовыя сродкі ад замахаў кібермахляроў, правярайце даныя прадаўца. На сайце любога афіцыйнага інтэрнэт-магазіна заўсёды можна знайсці інфармацыю аб юрыдычнай асобе, кантактныя тэлефоны і іншую інфармацыю. Распазнаць ілжывы рэсурс можна таксама па размешчаных на ім здымках, праверыўшы іх з дапамогай “пошуку па фота” ў любым пошукавіку. Калі яны не сапраўдныя, то і прадавец можа аказацца нядобрасумленным. Вас не павінны ўводзіць у зман “лайкі” і свежыя сторызы, а таксама водгукі – іх можна лёгка падрабіць.
Калі вы ўсё ж сталі ахвярай ашуканцаў, абавязкова звяртайцеся ў міліцыю. Паспрабуйце зрабіць скрыншот перапіскі, акаўнта ці сайта прадаўца, захаваць любую даступную аб ім інфармацыю. Гэта дапаможа ў вышуку махляра.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga