Першы вясновы месяц адзначаны прафесійным святам тых, хто сваёй работай дорыць людзям утульнасць і прыгажосць – работнікаў камунальнай гаспадаркі. Як склаўся для калектыву Дзятлаўскага РУП ЖКГ мінулы год і пра амбіцыёзныя планы на будучы, расказаў дырэктар прадпрыемства Васіль Пяцюк.
– Васіль Васільевіч, 2025-ы быў аб’яўлены ў Беларусі Годам добраўпарадкавання. Якімі падзеямі ён адзначыўся для вас?
– Год быў сапраўды насычаны, калі многія аб’екты добраўпарадкавання адносіліся да работы службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і дарожнай. У пераліку нашых спраў – мадэрнізацыя многіх пешаходных участкаў як у цэнтры горада, так і на ўскраіне: абнаўленне тратуарнага пакрыцця і стаянкі каля філіяла “Беларусбанк”, тратуараў, уладкаванне дарожкі каля жылой забудовы на вуліцы Савецкай. Адной з яркіх падзей года стала адкрыцце ў час раённага выпускнога балю фантана ў гарадскім скверы. Думаю, усе жыхары і госці Дзятлава заўважылі, што абнавіліся светлавыя кансолі на вуліцах горада, а ў набярэжнай зоне гарадскога возера з’явіліся лакацыі для адпачынку з прыгожымі лаўкамі, якія сёлета будуць дапоўнены малымі архітэктурнымі формамі. Таксама на вытворчых участках у Казлоўшчыне, Наваельні, Гезгалах праводзіліся як стандартныя работы па ўтрыманні дарожнай сеткі і камунікацый, так і добраўпарадкаванне. Згодна з планам у мінулым годзе адрамантавалі 5,5 тысячы квадратных метраў жылля і распрацавалі праектна-каштарысную дакументацыю па капітальным рамонце на гэты год. Таксама актыўна абнаўляліся дваровыя тэрыторыі ў Гезгалах, Наваельні.


– Як прайшла мінулая зіма для камунальнай службы?
– Першая за апошнія гады па-сапраўднаму суровая зіма з нізкімі атмасфернымі тэмпературамі і частымі снегападамі выпрабавала як нашы цеплавыя сеткі, так і гатоўнасць змагацца са стыхіяй. Дзякуючы каманднай зладжанай рабоце мы справіліся дастойна: ацяпляльны сезон прайшоў практычна ўвесь спакойна, за выключэннем аварыйнай сітуацыі ў Наваельні, якую мы адолелі талакой. Таксама дружна працавалі на расчыстцы снегу. Дзякуй за дапамогу кожнаму, хто выйшаў з лапатамі дапамагаць, – ад кіраўніцтва раёна да работнікаў калектываў, школьнікаў.

– Падзяліцеся планамі на будучыню.
– Дзякуючы фінансаванню з раённага бюджэту ў поўным аб’ёме мы ўжо актыўна працуем на капітальным рамонце жылфонду. Сёлета запланаваны работы на шасці аб’ектах у Дзятлаве і Казлоўшчыне: па двух з іх работы набліжаюцца да завяршэння, яшчэ на двух усё падрыхтавана і ў хуткім часе падрадная арганізацыя пачне працаваць. І, нарэшце, па астатніх аб’ектах пройдзе працэдура закупкі і выбар падрадчыка. Будзе абноўлена кацельная гаспадарка, у ліку мерапрыемстваў – работа на Цэнтральнай кацельні ў Дзятлаве з заменай катла. Абсталяванне ўжо ёсць, аб’яўляем працэдуру закупкі па актуалізацыі дакументацыі і правядзенні будаўніча-мантажных работ. Таксама выканаем рамонт кацельні ў Жукоўшчыне. Сёлета прадаўжаем навядзенне парадку на зямлі, імпульс да якога задаў Год добраўпарадкавання. Плануем адрамантаваць пешаходныя дарожкі па вуліцы Міцкевіча, на алеі Маці па вуліцы Навагрудскай, усталяваць у горадзе дэкаратыўную металічную агароджу на вуліцах Міцкевіча, Леніна і Чырвонаармейскай. Восенню чакаецца ўвод у эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Абновім малыя архітэктурныя формы ў раёне набярэжнай, а на плошчы 17 Верасня ўсталюем вялікія драўляныя арэлі, якія ўжо вырабляем. Прадоўжым рэалізацыю праекта па ўладкаванні пешаходнага фантана на плошчы. У планавым парадку – рамонт дваровых тэрыторый, які сёлета будзе праходзіць у гарпасёлку Наваельня і горадзе Дзятлаве. Да Года беларускай жанчыны плануем закупіць і ўсталяваць статую негалоснага сімвала нашай зямлі – Дзятліцы: дзяўчына будзе сядзець на жорнах і трымаць на далоні птушку дзятла.

– Як камунальнікам раёна ўдаецца працаваць у такім няпростым рытме?
– У нас дружная, зладжаная каманда прафесіяналаў і сапраўдных патрыётаў сваёй справы, Айчыны, роднага краю. Прыемна, што наш калектыў з году ў год абнаўляецца сваімі ж кадрамі, якія атрымліваюць спецыяльную адукацыю, праходзяць перакваліфікацыю і займаюць адказныя пасады. Дзякуючы творчасці і спартыўнай падрыхтоўцы нашых работнікаў мы паспяхова выступаем на абласным галіновым і раённым турзлёце працоўнай моладзі, таксама дружна ўдзельнічаем у мітынгах і культурных мерапрыемствах Дзятлаўшчыны. Я ўдзячны кожнаму энтузіясту, хто выбраў гэты складаны, насычаны штодзённымі справамі, але такі патрэбны людзям шлях камунальнай службы. Найлепшай узнагародай нам за працу будуць добрыя словы ад землякоў і беражлівае стаўленне да плёну нашай працы. Любіце свой край так, як любім яго мы, беражыце даброты, створаныя для вас, і Дзятлаўшчына будзе толькі прыгажэць год ад году.
– Што пажадаеце калегам з нагоды свята?
– Ад душы жадаю ўсім, хто працуе ў камунальнай службе, не спыняцца на дасягнутым, заўсёды імкнуцца наперад. Ганарыцеся сваім прызваннем, адчувайце яго патрэбнасць і важнасць. Няхай ваша работа заўжды знаходзіць станоўчы водгук у людзей. Моцнага здароўя, дабрабыту вам і вашым сем’ям, мірнага неба над нашай роднай Беларуссю.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае