Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай прайшла ў кінатэатры “Спадарожнік”. Гэту сустрэчу для навучэнцаў школ горада, прымеркаваную да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, арганізаваў раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці.

Вялікая Айчынная вайна – страшны час. Адмаўляць зверствы вайны бессэнсоўна, бо яшчэ жывыя тыя, хто адчуў іх на сабе – людзі, якія ў адно імгненне страцілі дзяцінства. Іх біяграфіі – гэта сапраўдныя ўрокі мужнасці для маладога пакалення. На сустрэчу да школьнікаў прыйшла наша зямлячка, жыхарка вёскі Гірычы Соф’я Вайчык, якая зведала ўвесь цяжар таго часу. Соф’я Міхайлаўна падзялілася са школьнікамі сваімі ўспамінамі ваеннага дзяцінства:

“Памятаю той вечар, як усё гэта пачыналася, хоць мне было ўсяго чатыры гады. Мы жылі на хутары. Сядзелі дома і раптам чуем, як нешта гудзе на дарозе, а там едуць і едуць нейкія машыны вялікія. Мы, дзеці, бачылі такія ўпершыню. Спыталі ў таты, а ён нічога нам не адказаў, пайшоў да матулі і гаворыць: “Гэта не нашы танкі”. Ехалі яны цэлую ноч. Раніцай мама пагнала кароў у поле, прыбегла са слязамі і страшнай навіной: “Вайна пачалася”. Не хацелася верыць, але праз некалькі дзён усе гэта адчулі. Самае страшнае, як ірвуцца над галовамі снарады. Печ нельга было паліць, бо ўбачаць дым і будуць бамбіць. У час абстрэлаў мама хавала нас у ямы, дзе раней агародніну захоўвалі, а есці як захочам, грызлі сырую бульбу.

Хутка сагналі ўсю нашу вёску на адзін пляц, а я ў той час за хлявом забаўлялася, вярнулася ў хату – нікога няма. Плачучы, бегала па вёсцы, шукала людзей, страшна было. Урэшце, некага сустрэла, і мне сказалі бегчы дадому, бо застрэляць. Я вярнулася, пад печ залезла і заснула. Потым расказвалі, што тых вяскоўцаў, у каго што-небудзь пабралі, адпусцілі, астатніх збівалі палкамі. Многія пасля гэтага не вытрывалі, паўміралі.
Так цягнулася вайна, бацька на фронт пайшоў. Адны немцы паехалі, а як зайшлі другія, ужо было горш. Пэўна, карацелі, бо забівалі людзей. Паставілі маму ў калідоры, усю галаву ёй пабілі, а мы, дзеці, на каленях стаялі, бо немцы лічылі, што наш тата ў партызанах.

Той дзень, калі скончылася вайна, было вялікім святам для нас. Ні на адно свята не радаваліся так, як у Дзень Перамогі. Толькі мама плакала, бо не было вестак ад таты. А ёндайшоў аж да Кёнігсберга, а дадому вярнуўся, калі ўжо снег ляжаў. Ён быў паранены моцна, доўга лячыўся. Шмат бацька расказваў нам, як на фронце цяжка салдатам, колькі сіл і мужнасці ім патрэбна было, каб перамагчы.
Вы маладыя, будзьце разумнымі, выбірайце правільны шлях у жыцці. Жадаю вам добра вучыцца, любіць сваю Радзіму і ніколі не здраджваць свайму народу, бо жыць свабодна і добра можна толькі ў сваёй краіне, і наш кіраўнік стараецца, каб у нас ніколі не было вайны.
Мы раней дапамагалі бацькам любую работу рабіць, абы не быць галоднымі, а паглядзіце, як вам цяпер добра жывецца. У магазінах усяго хапае: і адзення, і прадуктаў, а мы ў маладосці гэтага не бачылі. Не заблудзіцеся ў жыцці, няхай у вас усё будзе добра”.

Адначасова сумная і пазнавальная атрымалася сустрэча. Пад вялікім уражаннем засталіся школьнікі, уважліва слухалі аповед сведкі вайны, змаглі задумацца, якім бывае жыццё і што ў ім сапраўды неабходна цаніць.

Таксама ўвазе навучэнцаў быў прадстаўлены дакументальны фільм-расследаванне пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны “Трасцянец”, у аснове якога – крымінальныя справы з цэнтральнага архіва КДБ.

Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #ВОВ #ветеран