Навучальны  год пачаўся толькі пару месяцаў таму, а нашы юныя спартсмены ўжо неаднойчы паднімаліся на высокія прыступкі п’едэстала абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, ставілі асабістыя рэкорды, праслаўляючы родную Дзятлаўшчыну. Аб нядаўніх дасягненнях юных цяжкаатлетаў расказаў трэнер-выкладчык Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргей Залатароў:

– Навучальны год пачаўся для аддзялення цяжкай атлетыкі вынікова і прадаўжае нас радаваць. У верасні мы ўдзельнічалі ў першынстве Гродзенскай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат да 15 гадоў. Як хлопцы, так і дзяўчаты занялі другое каманднае месца, саступіўшы толькі гродзенцам. Замацавалі гэты поспех на абласных спаборніцтвах дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, дзе нашы спартсменкі заваявалі адразу букет залатых медалёў (Карына і Сандра Лашчэўскія, Надзея Пілевіч, Эвеліна Семянюк, якая на гэтых спаборніцтвах выканала разрад кандыдата ў майстры спорту), а каманда стала сярэбраным прызёрам у агульным заліку. Перспектыўны юны спартсмен Уладзіслаў Губко заняў першае месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы ў вазе да 65 кілаграмаў, Данііл Яроцкі і Дар’я Гуз – другое, Арцём Заранкевіч – трэцяе.

Паслядоўная, метадычная, прафесійная работа трэнера, якая праводзіцца ва ўтульнай зале спартыўнай школы райцэнтра, дае свой плён: выхаванцы Сяргея Іванавіча бяруць усё новыя і новыя спартыўныя вышыні.

Двое маладых дзятлаўчан уваходзяць у спісачны састаў нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы. Гэта Анастасія Францішчык,  якая цяпер сама працуе трэнерам, а таксама Арцём Блоцкі – навучэнец вучылішча алімпійскага рэзерву, пераможца чэмпіянату краіны па гэтым відзе спорту. Абодва яны нязменна прадстаўляюць Дзятлаўшчыну на абласных спаборніцтвах, за што адзначаны штомесячнай раённай стыпендыяй, якая складае 250 рублёў.  

Чацвёра падапечных Сяргея Залатарова сёлета прадстаўлялі Гродзеншчыну на першынстве Беларусі па цяжкай атлетыцы да 15 гадоў. Гэта Уладзіслаў Губко, Данііл Яроцкі, Арцём Блоцкі і Надзея Пілевіч.

Новая таленавітая і матываваная змена таксама на падыходзе: Эвеліна Семянюк і Арцём Лабар ужо цяпер ездзяць на праглядальныя зборы ў вучылішча алімпійскага рэзерву ў Гродна.

Юныя чэмпіёны расказалі пра сябе, пра тое, як прыйшлі ў спорт, падзяліліся сваімі ўражаннямі і марамі.

Эвеліна Семянюк,

навучэнка спартыўнага 7 “А” класа СШ № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча:

– Гэты год для мяне асаблівы: я пацвердзіла спартыўны разрад кандыдата ў майстры спорту, пасведчанне атрымаю толькі ў наступым годзе, калі споўніцца 13 гадоў. На трэніроўках дома я выканала нарматыў, у Гродне трэба было яго пацвердзіць – у дваябор’і падняць 97 кг. Усё атрымалася, я вельмі рада! Дзякуй трэнеру і камандзе за падтрымку. Пачынала, як і многія тут: шукала занятак па душы, разам з аднакласніцамі ў чацвёртым класе прыйшла пацікавіцца, што за цяжкая атлетыка, і дагэтуль займаюся спортам. Мама вельмі любіць мае спартыўныя заняткі і падтрымлівае, тата кажа, што ў мяне светлая галава і я змагу шмат дасягнуць у навуцы. А я пакуль не спяшаюся, займаюся тым, што падабаецца, і выбіраю. Маю ў гардэробе як некалькі спартыўных касцюмаў для заняткаў, так і сукенкі для прагулак з сяброўкамі.

Уладзіслаў Губко,

навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча:

– Займаюся гэтым відам спорту больш за пяць гадоў. За апошні год выйграў чатыры чэмпіянаты Гродзенскай вобласці, іншыя спаборніцтвы, на рэспубліцы пакуль толькі чацвёрты, але я не здаюся, працую, каб быць выніковым. Помню, як патрапіў у спартыўную школу. Трэнер прыйшоў на ўрок і расказаў нам пра цяжкую атлетыку, запрасіў прыйсці адзін раз паглядзець. Для мяне гэты спорт – любоў з першай сустрэчы. Люблю вялікую вагу: сёння сам важу 61 кг, а паднімаю 80 кг у рыўку і 96 кг у штуршку. Адна з галоўных прычын, чаму мне падабаецца гэты спорт – у нас самы лепшы трэнер, які не толькі дае выдатную базу, але і выхоўвае нас. Таксама знайшоў у спартыўнай зале шмат сяброў. Пасля дзявятага класа прадоўжу навучанне ў агульнаадукацыйнай школе, са спортам таксама не развітаюся. Калі-небудзь выйграю чэмпіянат Еўропы.

Данііл Яроцкі,

навучэнец 8 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча:

– Першым у нашай сям’і стаў займацца цяжкай атлетыкай  Арцём Блоцкі. Я заўсёды вельмі ганарыўся яго дасягненнямі і таксама прыйшоў у гэты від спорту. Хоць спачатку займаўся футболам, але па-сапраўднаму праявіў сябе тут. Да першага важкага выніку прайшло гады два, але я не здаваўся. Мне падабаецца паднімаць штангу, разумець, што ўсё пад кантролем. Такія здольнасці спатрэбіліся ў жыцці: дапамагаю тату выконваць работу дома, магу паднімаць і пераносіць рэчы, як дарослы. Нядаўна ездзілі на спаборніцтвы ў Гродна, дзе я заваяваў серабро. Пашанцавала добра падысці да штангі і падняць у рыўку 78 кг, настроіўся і ў штуршку ўзяў 110 кг. Як сапраўдны спартсмен, я ведаю, як важная дысцыпліна, прытрымліваюся правільнага харчавання і рэжыму. Калі стану дарослым, планую працаваць трэнерам, як Сяргей Іванавіч.

Сандра Лашчэўская,

навучэнка спартыўнага 7 “А” класа СШ № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча:

– Цяжкай атлетыкай займаюся чатыры гады. Калі зразумела, што гэта мне не толькі падабаецца, але і добра атрымліваецца, паступіла ў спартыўны клас. Прыйшла сюды яшчэ ў пачатковай школе па запрашэнні трэнера, зацікавілася і засталася. Бацькі спачатку ставіліся насцярожана да майго захаплення, але ўбачылі, як гэта важна для мяне, і цяпер падтрымліваюць. Шчыра прызнаюся, высокія вынікі прыйшлі не адразу: доўга працавала над тэхнікай пад граматным кіраўніцтвам Сяргея Іванавіча, і ўсё атрымалася. Хачу звязаць сваю будучыню са спортам. Вельмі важны і самакантроль: у час заняткаў кожны з нас свядома падыходзіць да працэсу, ведае сваю меру і план, што “рваць” не трэба, лепш стабільны вынік, чым хуткі. Пачынала некалі з вагі 7 кг, а сёння магу падняць на цягу 75 кг. Вельмі падабаюцца спаборніцтвы – гэта важны вопыт, цікавыя знаёмствы, новыя месцы, дзе раней не бывалі. Чым больш мы ўдзельнічаем у іх, тым менш страху перад дасягненнем новых вынікаў.

Арцём Заранкевіч,

навучэнец 5 “А” класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы:

– Від спорту выбіралі ўсёй сям’ёй. Тата раіў, каб я пайшоў на бокс, але я не люблю біцца, таму мама прывяла мяне на цяжкую атлетыку ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу да Сяргея Іванавіча і мне тут спадабалася. Я сустрэў добрых сяброў і цікава баўлю час. Пачынаў з “дзясяткі”, а цяпер ужо бяру ў штуршку 44 кг. Каб падняць такую вагу, мы робім размінку, спецыяльныя практыкаванні. Я ўжо шмат разоў ездзіў на спаборніцтвы і знайшоў сапраўдных сяброў з іншых гарадоў, з якімі мы адначасова і сапернікі. Хачу на наступных спаборніцтвах патрапіць з імі ў розныя катэгорыі, каб мы ўсе сталі пераможцамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Теги:

#образование #спорт #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации