Сёлетняя восень выдалася юбілейнай для нашага земляка Георгія Барысевіча з вёскі Маркавічы. Моцнага здароўя, бадзёрасці духу і заўжды цудоўнага настрою прыехалі пажадаць яму ўдзельнікі творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Доўгажыхар адзначыў 85-годдзе з дня нараджэння.

– Чалавек, які сустракае такі важкі юбілей, можна сказаць, адметная асоба. Не важна, здзейсніў ён гераічны ўчынак або не, за такі перыяд жыцця абавязкова ствараюцца каштоўнасці. Імі Георгій Адамавіч адорваў сваіх родных і блізкіх доўгія гады і заслужыў да сябе глыбокую павагу, – адзначылі артысты.

Нарадзіўся мужчына ў вёсцы Пруд у шматдзетнай сям’і, у якой выхоўвалася чацвёра дзяцей. Жылі яны нябедна, бо мелі вялікую гаспадарку, шмат і старанна працавалі і бацькі, і дзеці. Працавітасць і адказнасць за выкананне пастаўленых задач было прывіта Георгію з дзяцінства.

Хлопец скончыў сем класаў у школе вёскі Малыя Шастакі і адразу паступіў у Навагрудскае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе набыў вельмі запатрабаваную на той час прафесію трактарыста. Пасля вучобы работу доўга шукаць не прыйшлося – стаў працаваць трактарыстам у калгасе. Але ў хуткім часе змяніў дзейнасць на тры з паловай гады, бо атрымаў павестку на службу ва Узброеных Сілах, дзе хлопец дастойна адслужыў увесь неабходны тэрмін танкістам.

Вярнуўшыся дадому, не захацеў мяняць прафесію, нічога больш не прываблівала маладога чалавека, і ён зноў сеў за руль трактара. А ўвогуле працоўны стаж Георгія Адамавіча склаў 42 гады. За гэты час ён неаднаразова быў узнагароджаны граматамі, падзякамі і медалямі, з’яўляўся пераможцам сацспаборніцтваў, ударнікам 10, 11 і 12-й пяцігодак, атрымаў ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені.

– Вярнуўшыся з арміі, пачаў задумвацца пра стварэнне ўласнай сям’і, – успамінае маладосць мужчына. – У вольны ад работы час з сябрамі хадзілі на танцы, і вось аднойчы там мне вельмі спадабалася прыгожая дзяўчына Клаўдзія, якая працавала прадаўцом у мясцовым магазіне. Так і пачалося наша сяброўства, а хутка і пажаніліся. Я пераехаў жыць да жонкі ў вёску Маркавічы, чаму моцна радавалася цешча. Жанчыны жылі адны, і ім вельмі не хапала ў гаспадарцы мужчынскіх рук.

У Георгія і Клаўдзіі нарадзіліся дзве дачкі. Цяпер яны з сем’ямі жывуць у Слоніме. Марына Георгіеўна працуе бухгалтарам ЖКГ, а Іна Георгіеўна – дырэктарам школы. Папоўніў сям’ю Барысевічаў любімы ўнук Сяргей. Кожныя выхадныя дочкі наведваюць бацькоў, дапамагаюць па гаспадарцы.

– Мой цесць Георгій Адамавіч вельмі душэўны, добры чалавек. Ніколі ў нас з ім не было канфліктаў, ён для мяне як другі бацька. Я яго вельмі паважаю і жадаю здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у справах і даўгалецця, – такімі шчырымі словамі павіншаваў Георгія Адамавіча яго зяць Алег Уладзіміравіч.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Теги:

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации