Дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяну Нікіпорчык дзятлаўчане ведаюць, калі не асабіста, то па публікацыях у прэсе, удзеле ў дабрачынных і сацыяльна значных праектах.

Таццяна Сямёнаўна не толькі займае кіруючую пасаду і прафесійна клапоціцца аб стварэнні дастойных умоваў жыцця для ўразлівых катэгорый жыхароў раёна, але і з’яўляецца дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дэлегатам VII Усебеларускага народнага сходу, намеснікам старшыні раённай жаночай арганізацыі, актывісткай іншых аб’яднанняў, проста ўважлівым да лёсу людзей і краіны чалавекам.

Стыль жыцця нераўнадушных беларусаў

Прапанавалі нашай зямлячцы “вялікую размову”, каб з першых вуснаў даведацца, як удаецца дасягаць поспехаў у прафесійнай, грамадска-палітычнай дзейнасці, чаму ўдзел у форуме лічыць важным.

– УНС – галоўны орган народаўладдзя Беларусі, яго дэлегатам, вылучаным народам, даверана асаблівая місія – адстойваць інтарэсы грамадства і кожнага беларуса, – упэўнена Таццяна Нікіпорчык. – Я вылучана ад Беларускага саюза жанчын. У нашай краіне гэта самая масавая жаночая арганізацыя: аб’ядноўвае амаль 200 тысяч суайчынніц. На Дзятлаўшчыне з’яўляюся намеснікам старшыні раённай арганізацыі ГА “БСЖ”, што дазваляе ўлічваць інтарэсы прадстаўніц розных сфер дзейнасці, унікаць у іх праблемы, максімальна ўдзельнічаць у жыцці.

Жанчына – найперш дачка, жонка, матуля. Праявіцца ў гэтых статусах марыць кожная беларуска. У нашай краіне захоўваюцца традыцыі і сямейныя каштоўнасці. Для жанчыны важна, каб яе блізкім і акружэнню было камфортна, была ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Шчаслівай яна будзе, калі шчаслівыя ўсе побач. Нездарма Аляксандр Лукашэнка на адной з сустрэч адзначаў: “Шчасце жанчыны – гэта шчасце дзяржавы”. Дзеля гэтага беларускі гатовы на добрыя справы і імкнуцца мяняць свет да лепшага. Мае суайчынніцы – надзейная апора для Беларусі і кіраўніка дзяржавы.

Ад простага да вялікага

– Мой сакрэт поспеху ў арганізаванасці і самадысцыпліне, – дзеліцца Таццяна Нікіпорчык. – Гэтаму я навучылася з дзяцінства ў сваёй сям’і. Выконваючы даручэнні бацькоў, я павінна была падрыхтаваць дамашняе заданне, сабраць партфель, толькі потым мела час для адпачынку. Заўжды ўзгадваю школу, настаўнікаў. Гэта быў час галоўных урокаў жыцця. Менавіта са школы з’явіўся “сіндром выдатніцы”. Магчыма, не заўжды атрымліваецца, але я стараюся ўсё рабіць на выдатна. Дзякуючы першай настаўніцы Тамары Паддубнай, сама стала педагогам. Дзеля сваіх дзяцей пайшла працаваць у дзіцячы сад, замяняла ўрокі ў школе. Гэта быў перыяд асобаснага станаўлення, падтрымкі ад калег, веры ў сябе. Нярэдка чула: “Навучыся казаць “не”, – але па-іншаму не магла.

Работа з людзьмі з інваліднасцю змяніла мае погляды на жыццё, уласную знешнасць, адносіны да іншых. Я зразумела, што мае праблемы – гэта дробязь і стала для асаблівых людзей надзейным сябрам.

Кіраўніком працую больш за 12 гадоў. Папярэднія этапы жыцця навучылі мяне галоўнаму: рана прачынацца, дэталёва планаваць дзень, не адкладваць справы, быць побач з людзьмі, чуць іх, заставацца чалавекам у любой сітуацыі, памятаць, што пасаду можна памяняць, а павага заваёўваецца гадамі.      

Дэпутат – той, хто не праходзіць міма

Спынілася Таццяна Нікіпорчык і на сваёй дэпутацкай дзейнасці:

– Дэпутат – гэта чалавек выбраны ў органы ўлады, і яго задача – прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў, абараняць іх правы, замацаваныя ў Канстытуцыі і законах. Найперш, дэпутат – грамадзянін сваёй краіны, выхадзец з народа і сам павінен быць патрыётам – сумленным, справядлівым, міласэрным, умець суперажываць, не быць абыякавым, любіць і абараняць свой народ, дапамагаць вырашаць нацыянальныя праблемы.

У дэпутата больш паўнамоцтваў і магчымасцяў: ён з’яўляецца сувязным звяном з дзяржаўнымі органамі для паляпшэння жыцця людзей, павінен прыкладаць усе намаганні, каб апраўдаць давер выбаршчыкаў. Галоўны прынцып маёй дэпутацкай дзейнасці: калі не можаш дапамагчы, пастарайся злучыць чалавека з тым, хто можа. Наогул, каб дапамагаць, не абавязкова быць моцным і багатым, дастаткова быць добрым.

Жанчыны слаўнае імя

Цікавімся ў Таццяны Нікіпорчык, як сярод важных спраў, занятасці яна знаходзіць магчымасць заставацца стыльнай і абаяльнай.

– Прывабная знешнасць, густ, граматная мова – магутныя інструменты ў рабоце з людзьмі, – падкрэслівае Таццяна Сямёнаўна. – Усё гэта дапамагае скараціць дыстанцыю, пабудаваць мост даверу, згладзіць напружанне ў канфліктных сітуацыях. Я часта выступаю перад людзьмі, мяне фатаграфуюць, і стыльны вобраз дадае ўпэўненасці. Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, якая і сама для нас з’яўляецца “іконай стылю”, у свой час была ініцыятарам адлюстравання дзейнасці сферы ў сацыяльных сетках, што падштурхнула мяне да стварэння тэматычных відэаролікаў, а “сіндром выдатніцы” дапамог развівацца. Нашу работу імкнуся паказаць светлай, жыццярадаснай, поўнай цікавых падзей, каб людзям хацелася ў нас працаваць. Спачатку мае калегі з асцярожнасцю згаджаліся на здымкі, цяпер жа самі нярэдка дадаюць крэатыву маім сцэнарыям.

Хачу, каб наша Беларусь была шчаслівай

– Сёлета ў Год добраўпарадкавання зроблена шмат, – падводзіць вынік размовы Таццяна Нікіпорчык. – Словы ўдзячнасці за матэрыяльную падтрымку сацыяльнай сферы адрасую старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму і старшыні абласнога камітэта Вользе Сядзельнік. Нам набыты аўтобус для падвозу пажылых грамадзян і інвалідаў, выдзелены сродкі на рамонт адміністрацыйнага будынка, новую мэблю. Гэта прыклад клопату пра людзей, паляпшэння ўмоваў для працы і наведвальнікаў, а будуць шчаслівыя людзі – будзе шчаслівай наша Беларусь.

На чарговым УНС збіраюся прадстаўляць “жаночае” шчасце: удзел суайчынніц у жыцці дзяржавы, далучэнне да нас моладзі, стварэнне “арміі” аднадумцаў, якія падтрымліваюць уразлівыя слаі насельніцтва, традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, мір і спакой у роднай Беларусі.

Ірына СТЫРНІК

Фота з архіва Таццяны НІКІПОРЧЫК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации