1921 год. Цягнік з бежанцамі накіроўваецца з Расіі ў Беларусь. Дарога нялёгкая, складаная, непрадказальная. Менавіта ў гэтым цягніку, у адным з вагонаў на свет нараджаецца  хлопчык, якога бацькі назавуць Мікалаем.
З таго моманту мінула ужо 95 гадоў. Амаль цэлае стагоддзе жыцця — нялёгкага,  поўнага выпрабаванняў, якія, тым не менш, ён прайшоў годна.

Сёння Мікалай Аляксандравіч Андура разам з жонкай Янінай Адамаўнай жыве ў дачкі ў аграгарадку Раготна.
У сямейнай пары — трое дзяцей, шэсць унукаў і тры праўнукі. Сёлета знакавы для ўсіх іх юбілей —  жалезнае вяселле Мікалая Аляксандравіча і Яніны Адамаўны, 65-годдзе іх сумеснага жыцця.

Яны пазнаёміліся ў Пецюках. Гэтая вёска з’яўляецца радзімай Яніны Адамаўны. Тут жыла і сястра Мікалая Аляксандравіча. У адзін з візітаў да яе сярод вясковай моладзі ён і заўважыў прывабную дзяўчыну, якая пазней стала яго жонкай. Распісаліся маладажоны ў Пецюках — у тыя гады там знаходзіўся сельскі Савет. Адбылося гэта 2 лютага, а 29 красавіка Мікалай Аляксандравіч і Яніна Адамаўна павянчаліся ў Дзятлаўскім касцёле, далі  клятву заўжды быць побач — у радасці і ў горы.

— Чым спадабаліся адзін аднаму?— цікаўлюся ў юбіляраў.

— А хто яго ведае! — адказваюць з усмешкай.

Я ж у сваю чаргу па-філасофску разважаю, што, напэўна, так было наканавана лёсам, каб дзве жыццёвыя дарогі дагэтуль чужых адзін аднаму людзей  сышліся ў адну. Відаць, нездарма кажуць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах.

SAM_0014_2

Расказваючы пра гэтую сям’ю, нельга не ўзгадаць  Вялікую Айчынную вайну. Яніна Адамаўна ў пяцігадовым ўзросце засталася без мамы, а ў 1941 годзе памёр бацька. Мачаха пакінула дзяцей адных, пайшла жыць у сваю хату.

— Так і гадаваліся адны, — узгадвае Яніна Адамаўна. — Была  гаспадарка, неяк карміліся. Пасля старэйшага брата забралі на фронт. Дахаты ён не вярнуўся — застаўся жыць у Польшчы. Яго дачка з сям’ёй цяпер жыве ў Італіі.

Мікалай Аляксандравіч таксама ваяваў у час Вялікай Айчыннай вайны — на  трэцім Беларускім фронце.
У адным з баёў ён быў цяжка паранены, лячэнне праходзіў у Казанскім шпіталі. Пасля выпіскі з бальніцы на цягніку прыехаў у Баранавічы,  на спадарожных машынах даехаў да Слоніма. А ў Мядзвінавічы, дзе яго чакалі родныя людзі, дабіраўся пешшу.

— Трохі падыду, затым адпачываю. Затым ізноў іду. Усё ж такі пасля ранення быў яшчэ вельмі слабы, — узгадвае Мікалай Аляксандравіч.

Дома ён спачатку працаваў на гаспадарцы, даглядаў малодшых дзяцей.

А, увогуле, працоўнае жыццё Мікалая Аляксандравіча звязана з калгасам “1 Мая”, дзе ён быў паляводам, а затым — вартаўніком. Яніна Адамаўна працавала на ФАПе, а пасля — тэхработніцай у школе.
Нягледзячы на тое, што цяпер ветэран Вялікай Айчыннай вайны жыве ў аграгарадку Раготна, кіраўніцтва і работнікі СВК “Жукоўшчына”, тагачаснага калгаса “1 Мая” не забываюцца пра Мікалая Аляксандравіча.

— Вельмі ўдзячны ім за гэта, — гаворыць ён. — Дай Бог ім здароўя. Вось і сёлета дапамаглі нам з бульбай. Штогод віншуюць мяне з Днём Перамогі.

Самі нястомныя працаўнікі Мікалай Аляксандравіч і Яніна Адамаўна навучылі любіць працу і сваіх дзяцей.

— Тата з мамай выхоўвалі нас  у строгасці, — расказвае пра сваіх бацькоў іх дачка Тэрэза Мікалаеўна. — Толькі мы ніколькі не шкадуем пра гэта. Ды і асабліва шкоднічаць нам не было калі. Памятаю, што ўжо ў дашкольным узросце разам з мамай хадзіла палоць буракі, на калгасныя дзялкі.

Увогуле, мама ў нас і сёння не можа сядзець склаўшы рукі. Яна вельмі любіць вязаць. Калі была маладой,  прыгожыя кофты вязала. А яшчэ пякла вельмі  смачныя велікодныя пірагі.

Гэта пацвярджае і Мікалай Аляксандравіч. Нягледзячы на свой пажылы ўзрост, ён па-ранейшаму глядзіць тэлевізар, сочыць за тым, што адбываецца ў свеце. А яшчэ вельмі любіць жартаваць. Нават на польскай мове.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота аўтара

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации