Свята працы для калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і яго дырэктара Таццяны Нікіпорчык у гэтым годзе пачалося з адметнай падзеі – урачыстага ўручэння ключоў ад новага мікрааўтобуса МАЗ.


Белае зручнае аўто на 11 пасажырскіх і адно вадзіцельскае месца коштам 197 тысяч беларускіх рублёў, якія выдаткаваны з мясцовага бюджэту, папоўніла аўтапарк Цэнтра.

З атрыманнем камфотнага аўтамабіля работнікаў сацыяльнай службы павіншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснікі старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка і Дзмітрый Баравік.

– У нашым раёне стала добрай традыцыяй дарыць карысныя падарункі да адметных дат, – адзначыў Аляксандр Бараноўскі. – Упэўнены, што гэты мікрааўтобус не толькі будзе дапамагаць вам у рабоце, але і зробіць жыццё дзятлаўчан, якім аказваеце падтрымку і дапамогу, яшчэ больш камфортным, зручным, прыемным, насычаным. Са cвятам, здароўя, поспехаў, усяго найлепшага!

– Машына, сапраўды, неабходная, і набыць яе для службы сацыяльнай абароны насельніцтва меркавалася даўно, – прадоўжыў тэму Вадзім Бялятка. – Важна адзначыць, што на Дзятлаўшчыне ўвогуле шмат увагі надаецца сацыяльнай сферы, яе фінансаванню, а гэта не толькі сацыяльная абарона, але і ахова здароўя, адукацыя. Вельмі сур’ёзна за апошнія два гады папоўнены аўтамабільны парк. На Дзятлаўшчыне і надалей плануецца многае рабіць у гэтым напрамку. Са святам, шчаслівых працоўных будняў.

– Наша дзяржава – сацыяльна арыентаваная, і заўжды шмат увагі з боку Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, урада, абласных, раённых уладаў звяртаецца на ўразлівыя катэгорыі грамадзян. Усё, што можна зрабіць, робіцца. Вось і мы атрымалі мікрааўтобус МАЗ для падвозу наведвальнікаў Цэнтра, якія знаходзяцца на дзённым абслугоўванні: гэта грамадзяне пажылога ўзросту і людзі з інваліднасцю, якія жывуць на аддаленых участках тэрыторыі нашага раёна, адкуль транспарт не заўжды можа падвезці, і яны не мелі магчымасці прыехаць да нас на гуртковую дзейнасць, мерапрыемствы, іншыя формы занятасці. Мы вельмі ўдзячны, што гэты мікрааўтобус у нас з’явіўся, але асабліва будуць рады навінцы, якая спросціць жыццё, нашы наведвальнікі. Мы заўжды гатовы ісці насустрач і падапечным, і кіраўніцтву, і работнікам установы, каб усім было камфортна жыць, працаваць, наведваць наш Цэнтр. Калі людзі з радасцю ідуць на працу ці на мерапрыемствы, то гэта абавязкова прынясе плён і добрыя вынікі. З атрыманнем пасажырскага мікрааўтобуса ў нас павялічыцца наведванне ўстановы, бо ў падапечных сацыяльнай службы цяпер ёсць магчымасць камфортна з любога кутка раёна прыехаць на мерапрыемствы.


Шчыра дзякую кіраўніцтву раённага выканаўчага камітэта і Гродзенскага аблвыканкама, бо рашэнне аб набыцці мікрааўтобуса прымалася сумесна. Аўтамабіль дарагі, ён абсталяваны ўсім неабходным. Калі атрымлівалі яго ў Брэсце, даведаліся, што тут ёсць і кандыцыянер, і пад’ёмнік, і дзевяць пасажырскіх месцаў, а таксама яшчэ два для інвалідаў-калясачнікаў. Сродкі на набыццё выдаткаваны з мясцовага бюджэту. Мы шчыра рады, бо гэта значны ўклад у наш Цэнтр, раён і камфорт людзей, аб якіх клапоцімся.

Пасля ўручэння ключоў і віншаванняў у цудоўным настроі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў цэнтр горада, каб далучыцца да святочнага шэсця з нагоды Свята працы і ўрачыстага ўшанавання лепшых калектываў і работнікаў Дзятлаўшчыны.





Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина